Першымі ў Беларусі справіліся са жнівом і адзначылі свята-кірмаш «Дажынкі-2020» хлебаробы Столінскага раёна

Лядзец адзначыў жніўны вянец

Гістарычны факт: 24 гады таму Столін прымаў удзельнікаў першага рэспубліканскага свята-кірмашу «Дажынкі», якi ўзяў свой пачатак на Беларусi па iнiцыятыве Прэзiдэнта. Сёлета хлебаробы гэтага паўднёвага раёна першымі ў рэспубліцы завяршылі жніво і ў мінулыя выхадныя ў абноўленым аграгарадку Лядзец на свяце-кірмашы «Дажынкі» ўшаноўвалі хлебаробаў. Дзякаваць ім ёсць за што. Кожны гектар збожжавых даў амаль па 39 цэнтнераў зерня, а ў сельгаспрадпрыемстве «Рубельскі» на круг атрымана па 57 цэнтнераў. Асабліва ўрадзіла пшаніца: у сярэднім з кожнага гектара намалочана па 47 цэнтнераў. У большай палове гаспадарак ураджайнасць збожжавых перавысіла 40 цэнтнераў. Валавы збор зерня — больш за 70 тысяч тон.

Пераможцаў жніва віншуе старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ.

Механізатары гаспадарак раёна вывелі на хлебную ніву 98 збожжаўборачных камбайнаў. Надвор’е спрыяла высокім тэмпам работ. Нагрузка на ўборачны агрэгат — а яны ў гаспадарках Століншчыны амаль усе вытворчасці «Гомсельмаша» — перавысіла 190 гектараў. Каб дастаўлены ад камбайнаў ураджай не залежваўся на зернятоку, бесперапынна, круглыя суткі працавалі зернеачышчальныя комплексы. 

Па валавым зборы лідзіруе СВК «Фядорскі». Больш як чвэрць стагоддзя ўзначальвае калектыў Рыгор Дзямко. За высокія вытворчыя паказчыкі кіраўнік сёлета адзначаны ордэнам Айчыны II ступенi. Фядорскія хлебаробы засыпалі ў засекі звыш 11 тысяч тон зерня. Больш як 7 тысяч тон збажыны намалацілі ў ААТ «Палеская ніва». Амаль такі ж валавы збор у гаспадарках «Відзіборскі», «Новая Прыпяць», «Манькавічы». Раён паспяхова справіўся з выкананнем плана продажу дзяржаве зерня і насення рапсу.

Пераможцы жніва на свяце «Дажынкі-2020».

Па-святочнаму аздоблены аграгарадок Лядзец прымаў герояў жніва Століншчыны. Ала Вярэніч і Вікторыя Галік з духмяным караваем сустракалі гасцей. Не будзе перабольшаннем сказаць, што да гэтай урачыстасці дружна рыхтаваліся ўсім раёнам. Як вялікі гонар успрынялі лядчане права правесці кірмаш на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства. Хапіла клопату рабочым будаўнічых арганізацый ПМК-24, ДБПМК-32, ДРБУ-141, іншых арганізацый і ўстаноў. Прадстаўнікі іх разам з вяскоўцамі наводзілі парадак на вуліцах і падворках аграгарадка. Другое жыццё атрымаў прасторны будынак Дома культуры. Свежай фарбай закрасавала стогадовая драўляная царква. Вуліцы ўпрыгожылі абноўленыя фасады адміністрацыйных будынкаў сельсавета і гаспадаркі, школьнага комплексу, пош­ты, магазінаў, жылых дамоў. 

Памаладзеў, пахарашэў старажытны Лядзец. І жыхары суседніх вёсак Малыя і Вялікія Арлы, размешчаных на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства «Лядзец», таксама рыхтаваліся да свята і чакалі прыезду гасцей. А іх сабралася нямала. Па колькасці сельскага насельніцтва Столінскаму раёну няма роўных у рэспубліцы. Тут звыш 70 тысяч жыхароў. І што важна: колькасць сельскага насельніцтва не зніжаецца. Дзясяткамі новых сядзіб штогод прырастаюць аграгарадкі Альшаны, Рубель, Вялікае Малешава, Кароцічы, Сямігосцічы.

Пераможцы сёлетняга жніва механізатары КСУП «Відзіборскі» Канстанцін РЫЧКА, Аляксандр ВЯРЭНІЧ, Пётр ПЛАТНІЦКІ, Рыгор БЕЛАВУС, Сяргей БУРДА і Павел ХІЛЬЧАНКА.

З раніцы ў аграгарадок Лядзец сталі прыбываць дэлегацыі гаспадарак. Кожную з іх прадстаўлялі перадавікі жніва, спецыялісты, кіраўнікі, творчыя калектывы. Акрамя раённых калектываў мастацкай самадзейнасці, песнямі вітаць удзельнікаў і гасцей свята прыехалі артысты народнага калектыву «Палескія зоры» з суседняга Пінска. Да землякоў на «Дажынкі» ў Ля­дзец завітаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Бабаловіч. Пад гукі жалобнай мелодыі былі ўскладзены жывыя кветкі да помніка героям Вялікай Айчыннай вайны. 

На залітай яркімі промнямі сонца цэнтральнай вуліцы прыветліва сустракалі святочную калону. На кірмаш прыехалі дзеці, унукі, сваякі. Радасцю свяціліся вочы маладой жанчыны, што стаяла ля веснічак свайго падворка. Павітаўся і павіншаваў гаспадыню са святам. Жанчына прадставілася Кацярынай Антановіч. Да дэкрэтнага водпуску працавала бухгалтарам у лядзецкай гаспадарцы. З мужам і трыма дзецьмі жывуць у мураваным доме свекрыві. У калоне гаспадаркі крочыў яе бацька Валерый Ляшук, які працуе механізатарам у «Лядзецкім». У жніво ўбіраў збажыну. Сёння — герой урачыстасці. 

Ажыўленне панавала каля выставы ўборачных агрэгатаў. Магутныя камбайны, іншая сучасная тэхніка прыцягвалі ўвагу гасцей кірмашу. Падумалася: такое свята — цудоўная агітацыя працаваць на зямлі.


СТАРШЫНЯ Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі адкрыў урачыстасць. Ён адзначыў, што два дзясяткі збож­жаўборачных экіпажаў пера­адолелі тысячны рубеж па намалотах зерня. Многія з іх пасля заканчэння жніва на сваіх палях адпраўляліся да суседзяў. Хлебаробам сельгаспрадпрыемства «Рубельскі» дапамагалі механізатары з Вараней. На масіўных хлебных нівах сельгаспрадпрыемства «Відзіборскі» шчыравалі камбайнеры з Кароцічаў і Альшанаў. А некалькі магутных камбайнаў з Фядораў адправіліся на збожжавыя палеткі суседняй гаспадаркі «Агра-Глінка». Дзякуючы старанню хлебаробаў сабрана 73 тысячы тон збожжа. Бывалі і больш плённыя на ўраджай гады, калі намалот дасягаў амаль 100 тысяч тон. Гаспадаркі ўжо рэалізавалі звыш 11 тысяч тон харчовага зерня, у тым ліку 8 тысяч тон дзяржаве. 

Значна павялічыўся бюджэт сельгаспрадпрыемстваў за кошт прададзеных чатырох з паловай тысяч тон насення рапсу. Трэцяя частка яго папоўніла дзяржаўныя засекі. Па асноўных сельскагаспадарчых паказчыках раён сярод лепшых на Брэстчыне.

Збожжавы клін Століншчыны — амаль 21 000 гектараў. Першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Мароз з хваляваннем узгадаў пра незвычайную мінулую зіму. Хлебаробаў непакоіла вялацякучая вегетацыя азімых. Вясною частка пасеваў з-за каранёвай цвілі загінула. Незвычайна халодны і дажджлівы май справакаваў яшчэ большую пашкоджанасць пасеваў каранёвай цвіллю. Асабліва гэта кранула меліяраваныя масівы гаспадарак «Фядорскі», «Новая Прыпяць», «Палессе АБМ», «Кароцічы», «Палеская ніва», «Струга». Пашкоджаную збажыну з амаль 7 тысяч гектараў скасілі на фураж. У траншэі заклалі звыш 80 тысяч тон зернесенажу — больш як трэцяя частка такога корму ў вобласці. На кожную ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы, а гэта 86 000 галоў, зараз назапашана звыш 15 кармавых адзінак. Пасля ўборкі зялёнай масы кукурузы і іншых кармавых культур фуражны запас падвоіцца. 

Перад тым як вітаць герояў жніва, слова ўзяў доктар эканамічных навук дырэктар КСУП «Манькавічы» Аляксей Мікуліч. Больш як 30 гадоў кіруе сельскагаспадарчым калектывам, узначальвае раённую арганізацыю аграпрамысловага саюза. 

Аляксей Васільевіч адзначыў: аграрны комплекс Століншчыны ўносіць значны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Яго, як грамадзяніна, хвалююць апошнія падзеі ў краіне. Гэта балюча для кожнага, каму не абыякава будучыня грамадства. Чаго б ні каштавала, варта захаваць спакой. Ён спакон вякоў панаваў у нашым грамадстве. У нас адна Беларусь. Нашчадкам тут жыць. Глыбока перакананы, што ўсе праблемы, нават самыя складаныя, можна вырашыць мірным шляхам. Мы адзіны ў сваім імкненні да стабільнасці. Адзіны любоўю да сваёй Бацькаўшчыны. Мы жылі, жывём і будзем жыць у мірнай, працалюбівай і квітнеючай Беларусі.


НА сцэну для ўручэння ўзнагарод запрасілі герояў жніва. Сярод сельскагаспадарчых арга­нізацый — пераможцы: КСУП «Манькавічы», СУП «Рубельскі» і ААТ «Церабяжоў-Агра». Высокіх вынікаў на жніве дабіліся працаўнікі гаспадарак «Беражное» і «Відзіборскі», дзе да ўзроўню мінулага года валавы намалот зерня павялічыўся амаль на тысячу тон. Напярэдадні свята з маладым дырэктарам беражноўскай гаспадаркі Віталем Яхнаўцом завіталі на поле. Ва ўрочышчы Маісееўка, што каля ракі Гарынь, механізатары Васіль Хвацюк і Мікалай Дзмітрук сеялі азімы рапс. Галоўны аграном Мікалай Мінкевіч адзначыў, што сёлета кожны гектар алейнай культуры даў па 35 цэнтнераў насення. Для сяўбы закупілі насенне сорту «імперыял» і гібрыд «анабека». 

З беражноўскімі палямі сусед­нічаюць угоддзі сельгаспрадпрыемства «Лядзецкі». Плённым выдаўся год і для хлебаробаў гэтай гаспадаркі, якая мае багатую гісторыю. Па эканамічных паказчыках заўжды ў ліку лепшых. Заможна жывецца ў аграгарадку Ля­дзец. Што ні сядзіба, то багаты сад. Дагле­джаныя агароды. Не першы год узначальвае сельгаспрадпрыемства Уладзімір Вярэніч. Яму і старшыне Лядзецкага сельвыканкама Аркадзю Скрабцу, як гаспадарам раённых «Дажынак», дзякавалі ў гэты дзень за высокую арганізацыю ўрачыстасці. 

Вядучыя свята-кірмашу Іна Філановіч і Віктар Шуркала агучылі імёны новых рупліўцаў. Ім уручылі дыпломы і граматы. Па выніках жніва лепшымі прызнаны збожжаўборачныя экіпажы Паўла Хільчанкі і Пятра Платніцкага, Рыгора Белавуса і Канстанціна Рычкі з КСУП «Відзіборскі», Сяргея Васілевіча і Мікалая Калба з КСУП «Рухчанскі». У рухчанскай гаспадарцы, як і ў некаторых іншых на Століншчыне, памочнікі камбайнера адвозілі зерне на ток. Менавіта так працаваў Мікалай Колб. Гэта яго дзясятае жніво, ён пастаянна ў ліку лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. 

Камбайнер КСУП «Рухчанскі» Сяргей ВАСІЛЕВІЧ.

А лепшы маладзёжны экіпаж — Мікалая Калаура і Аляксандра Грэбеня з КСУП «Манькавічы». Яны намалацілі амаль паўтары тысячы тон збажыны. Галоўны аграном гаспадаркі Віталь Мышапуд мае гонар звацца лепшым у раёне. Пераможцам сярод аператараў зернесушыльных установак прызнаны Яўген Совецкі з СВК «Фядорскі», а галоўны інжынер Мікалай Агафонаў атрымаў званне лепшага сярод калег раёна. 

ЛЯДЗЕЦ адзначыў не толькі жніўны вянец, але і свята аграгарадка. Завяршылася ўрачыстасць вялікім канцэртам самадзейных творчых калектываў раёна і цудоўнымі спевамі народнага калектыву «Палескія зоры». Гонар правесці раённае свята «Дажынкі» будучага года атрымала сельгас­прадпрыемства «Церабяжоў-Агра».

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter