Лячэнне з камфортам

У   Докшыцкiм   раёне   паступова   абнаўляюцца   i   мадэрнiзуюцца   медыцынскiя   ўстановы

У   Докшыцкiм   раёне   паступова   абнаўляюцца   i   мадэрнiзуюцца   медыцынскiя   ўстановы 

Галоўнае багацце любога грамадства — чалавек, здароўе якога залежыць ад прафiлактыкi захворванняў, яго адносiн да свайго здароўя i, безумоўна, ад развiцця медыцыны. На якiм узроўнi знаходзяцца сёння ўстановы аховы здароўя ў глыбiнцы, у прыватнасцi ў Докшыцкiм раёне Вiцебскай вобласцi? Што робiцца для таго, каб яны адпавядалi часу? 

Акрамя Докшыцкай ЦРБ, насельнiцтва раёна абслугоўваюць Бягомльская раённая бальнiца, тры ўчастковыя бальнiцы, бальнiца сястрынскага догляду, дзве ўрачэбныя амбулаторыi, дзве амбулаторыi ўрача агульнай практыкi, 23 ФАПы. 

Апошнiм часам значна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнiчная база ўстаноў аховы здароўя: рамантуецца i мяняецца абсталяванне, iнвентар. Медыцынскiя ўстановы раёну прывялi ў адпаведны выгляд: капiтальна адрамантаваны Вiлейскi ФАП, дах Бягомльскай раённай бальнiцы, касметычна адноўлены Крулеўшчынская i Бярэзiнская УБ. Хутка адчыняць дзверы адноўленыя Барсукоўскi ФАП, Бярозаўская БСУ. 

Але больш за ўсё станоўчыя пачуццi ў жыхароў раёна выклiкаюць змены ў ЦРБ. У 2007 годзе тут завершана рэканструкцыя аперацыйных i рэанiмацыйнага аддзяленняў: набыты 4 манiторы, кантралюючыя на працягу сутак функцыi арганiзма i наркозна-дыхальныя апараты, закуплены новыя функцыянальныя ложкi. Адрамантаваны дах хiрургiчнага аддзялення, разлiчанага на 40 ложкаў. Набыты перасовачны рэнтгена-апарат, у радзiльным аддзяленнi — новы iнкубатар для нованароджаных, шафа сушыльная для стэрылiзацыi медыцынскага iнструменту. Прыемна заглянуць i ў палаты, у кожнай з якiх зараз новыя сучасныя ложкi, халадзiльнiк, тэлевiзар. Фантан, кветкi, альтанкi на тэрыторыi бальнiцы таксама пакiдаюць шмат прыемных уражанняў. I ўсё дзякуючы арганiзацыям раёна. 

— Мы вельмi ўдзячны тым, хто дапамагаў зрабiць рамонт, хто выдзяляў на гэта сродкi, — расказала Галiна Аўласевiч, галоўны ўрач Докшыцкай ЦРБ. — Без дапамогi ў першую чаргу кiраўнiцтва раёна мы б яшчэ доўга даводзiлi да розуму нашы ўстановы аховы здароўя. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter