Ля вытоку цiхай плынi

У Мсцiслаўскiм раёне распрацавалi новы маршрут да сядзiбы-музея Максiма Гарэцкага

У Мсцiслаўскiм раёне распрацавалi новы маршрут да сядзiбы-музея Максiма Гарэцкага

…Дагэтуль да драбнiц памятаю тую зiмовую дарогу: з рэдактарам мясцовай раёнкi Аляксандрам Сапёравым мы настойлiва прабiралiся да заснежанай вёскi Малая Багацькаўка — больш чым дваццаць кiламетраў ад райцэнтра, праз галалёд i сумёты. Канешне, можна было адкласцi падарожжа, як кажуць, да лепшых часоў, да наступнай камандзiроўкi. Але маiм спадарожнiкам кiравала такое шчырае iмкненне падарыць сустрэчу з незвычайным музеем.

I вось мы ў музеi аднаго з заснавальнiкаў нацыянальнай прозы 20—30-х гадоў XX стагоддзя, лiтаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, лексiкографа i грамадскага дзеяча Максiма Гарэцкага. Ад­крылi музей у 1989 годзе ў рэканструяванай сямейнай ся­дзiбе — тыповай драўлянай пабудове XIX стагоддзя: цёмная (цёплая) хата, сенi, светлая (халод­-ная) хата...

Аднаўленне сядзiбы ў свой час пачалося дзякуючы iнiцыятыве пiсьменнiка Уладзiмiра Каратке­вiча i мясцовай улады. Працуючы над кнiгай «Мсцi­слаў. Эсэ пра гiсторыю людзей адной зямлi», Караткевiч быў уражаны вулканам тутэйшых талентаў i хараством краявiдаў, якiя адкрывалiся ў час яго гiстарычна-лiрычнай вандроўкi, i па-фiласофску разважаў: «Нам невядомы законы таго, чаму i як, на якой глебе i дзякуючы якiм абставiнам раптам зараджаецца недзе культурны ачаг i ў нейкай мясцовасцi часам, як грыбная сям’я, на паверхню лезуць паэты i вучоныя, мастакi i дой­лi­ды, дзяржаўныя дзеячы, героi, пiсь­меннiкi...»

Чым дарагi мясцовым жыхарам мена­вiта Гарэцкi, Караткевiч адчуў адразу: «У творах ягоных гамонiць, радуецца, працуе, плача i смяецца, гаворыць адметнай i трапнай гаворкай уся Мсцiслаўшчына», «нават дробязi мсцiслаўскага побыту, нават сучасныя пейзажы ўстаюць перад намi на старонках ягоных кнiг». 

Лiтаратурна-дакументальная частка экспа­зiцыi музея расказвае пра складаны жыццёвы лёс Максiма Гарэцкага. А этнаграфiчна-бытавая ўзнаўляе iнтэр’ер часу, у якi тут жылi прад­стаўнiкi сла­вутага роду. Унiкальныя сведкi эпохi — рарытэтныя рэчы, пажаўцелыя ад часу фотаздымкi, рука­пiсы, пiсьмы, кнiгi, сярод якiх выдадзены ў 1928 годзе зборнiк абрадавых песень, якiя некалi спявала мацi...

Пра Малую Багацькаўку добра ведаюць i ў сусед­нiм памежным раёне. Дырэктар Горацкага раённага гiс­торыка-этна­графiчнага музея Святлана Скаромная кажа, што ў краязнаўчай тэме цесна пера­клiкаюцца iмёны выдатнага беларускага вучонага, доктара геолага-мiнералагiчных навук, лаўрэата Дзяржаўных прэмiй СССР i БССР Гаўрылы Iванавiча Гарэцкага i яго старэйшага брата Максiма — класiка беларускай лiта­ратуры. Славутым беларускiм родам Гарэцкiх цiкавяцца не толькi да­следчыкi-навукоўцы, але i студэнты Горацкай сельгас­акадэмii, школь­­нiкi, шматлiкiя госцi… Дарэчы, для папулярызацыi цiхай мсцi­­слаўскай вё­сачкi i музея ў родавай сядзiбе Гарэцкiх — фi­лiяла дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiта­ратуры нямала зрабiў улюбёны ў сваю справу аматар краязнаўства з Горак Уладзiмiр Лiўшыц.

Але рэс­пуб­лiканская падпарадкаванасць музея ў Малой Багацькаўцы i адсутнасць у iм пастаянных штатных экскурсаводаў у пэўнай ступенi стрым­лi­ваюць намеры мсцi­слаўцаў рэалi­заваць грандыёзныя планы па развiццi ў родным краi турыстычнай га­лiны.

— Пытанне актуальнае, — расказвае начальнiк аддзела культуры Мсцiслаўскага райвыканкама Наталля Бiскуп. — Арга­нiзаваныя экскурсii з Мiнска ў апошнi час прыязджаюць да сядзiбы Гарэцкiх не так часта, як раней. Шлях туды няблiзкi. Нам жа хочацца, каб да легендарнай Малой Багацькаўкi народная сцежка не зарастала. Таму нашы супрацоўнiкi распрацавалi надзвычай цiкавы маршрут, адной са старонак якога можа стаць гэты гiсто­рыка-лiтаратурны аб’­ект. Да яго вандроўнiкi пройдуць цi праедуць па вельмi прыгожых i цiкавых мясцiнах, а заадно ўбачаць пародзiстых рысакоў на «Конезаводзе-120», зону адпачынку ў Дубраве, дзiвосную Бел­каву крынiчку, якая струменiць магутным напорам ва­ды, пабываюць у Пустын­каўскiм ма­насты­ры, наведаюцца ў вёску Слаў­нае, дзе дагэтуль захавалася «лiтаратурная славутасць», апi­саная ў некаль­кiх творах Максiма Гарэц­кага, — драў­ля­-ная царква прарока Iлii, узор ста­лага класiцызму першай паловы XIX стагоддзя.

У Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiта­рату­ры пра планы мсцi­слаўскiх краязнаўцаў чулi. Больш таго, ужо звяз­валi­ся з Магiлёўскiм дзярж­камiтэ­там па маёмасцi i Мiнi­стэрствам культуры наконт пад­трымкi iдэi. Паводле слоў дырэктара Лiдзii Макарэвiч, намер перадачы музея — нармальная з’ява i апраўдваючая сябе мера. З iдэяй згодныя i нашчадкi Гарэц­кiх, у прыватнасцi, сапраўдны патрыёт свайго роду Радзiм Гарэцкi.

...Мiнаюць гады. Мяняюцца пакаленнi i лiтаратурныя густы. А псiхалагiчнасць прозы Максiма Гарэцкага, якi адным з першых звярнуўся да гiстарычнага мiнулага свайго народа, i сёння ўражвае чытача. У дваццатыя гады ён — галоўны рэдактар газеты «Наша думка», дзеючы член Iнстытута беларускай культуры (папярэднiка Беларускай акадэмii навук). У 1914 годзе свет убачыў першы зборнiк апавяданняў Гарэцкага «Рунь». Потым былi творы «Цiхая плынь», «Дзве душы», дакументальныя нататкi «На iмперыялiстычнай вайне», «Камароўская хронiка», раманы «Чырвоныя ружы» i «Вiленскiя камунары», лiтаратурная манаграфiя, зборнiкi беларускага фальклору, слоўнiкi...

У 1930 годзе — арышт па беспадстаўным абвiнавачваннi. 10 лютага 1938 года — расстрэл у Вязьме. А рэабiлiтацыя — толькi ў 1957-м.

Лёс адвёў Максiму Гарэцкаму ўсяго 46 гадоў жыцця. Сёння невядома, дзе дакладна знаходзiцца магiла беларускага класiка. Але добра вядома, адкуль узяла глыток цiхая плынь яго таленту, якой было наканавана стаць такой адмысловай, бурлiвай, трагiчнай... I разам з тым жыццядайнай! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter