Ля ціхае Ясельды-рэчкі бярозай назвалі мястэчка

У багатай гісторыі Бярозаўскага краю, які размясціўся на паўшляху з Мінска ў Брэст, свой след пакінулі Казімір Леў Сапега, Пётр Першы, польскі і шведскі манархі, Напалеон, Сувораў ды іншыя знакамітыя асобы. З даўніх часоў шмат вады вынеслі мясцовыя рэкі Ясельда і Крэчат, але бярозавыя гаі, якія і далі назву раённаму цэнтру, ды помнікі даўніны захоўваюць памяць аб мінулым. Гэтая спадчына ды чыстая прырода заказніка “Спораўскі” гарманічна спалучаюцца з трыма дзесяткамі вядомых сваёй прадукцыяй у Беларусі і замежжы прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

У багатай гісторыі Бярозаўскага краю, які размясціўся на паўшляху з Мінска ў Брэст, свой след пакінулі Казімір Леў Сапега, Пётр Першы, польскі і шведскі манархі, Напалеон, Сувораў ды іншыя знакамітыя асобы. З даўніх часоў шмат вады вынеслі мясцовыя рэкі Ясельда і Крэчат, але бярозавыя гаі, якія і далі назву раённаму цэнтру, ды помнікі даўніны захоўваюць памяць аб мінулым. Гэтая спадчына ды чыстая прырода заказніка “Спораўскі” гарманічна спалучаюцца з трыма дзесяткамі вядомых сваёй прадукцыяй у Беларусі і замежжы прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

Картузіянскі кляштар

Гэты пацярпелы ад войнаў кляштар і сёння займае пачэснае месца ў Бярозе. Яго ўваходная брама адлюстравана на гербе горада. Дзякуючы менавіта гэтаму кляштару, а не Напалеону ці Сувораву, адзін з якіх быццам калісьці ў бярозавым гаі пакінуў свой картуз, горад доўгі час называлі Бярозай-Картузскай. Бярозаўскі кляштар, закладзены Казімірам Сапегам — сынам Льва Сапегі ў сярэдзіне 17-га стагоддзя, быў адзіным на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага кляштарам каталіцкага картузіянскага ордэна. Ад велічнага комплексу будынкаў сёння засталіся толькі рэшткі, згубіліся ў стагоддзях і больш як 2,3 тысячы тамоў кніг, якімі славілася мясцовая бібліятэка.  Заняпад кляштара прыйшоўся на 19-е стагоддзе, калі па загаду расійскіх улад старажытны будынак часткова разабралі, а цэглу скарысталі на будаўніцтва Чырвоных казармаў, сцены якіх захаваліся да нашых дзён. Але такое блюзнерства было пакарана. Як і папярэджвала прароцтва, у будынку з кляштарнай цэглы пэўны час размяшчалі палонных, пралілося шмат чалавечай крыві.

Пескаўская сядзіба Пуслоўскіх

Уваходная брама былой сядзібы Пуслоўскіх, месціцца за 20 кіламетраў ад Бярозы ў вёсцы Пескі. Калісьці брама вітала знатных гасцей, якія наведвалі шыкоўную сядзібу, закладзеную ў сярэдзіне 18-га стагоддзя. На жаль, час і пажары не пашкадавалі палацава-паркавы комплекс. Да нашых дзён акрамя высокай брамы засталіся толькі сядзібны дом, вінакурня ды рэшткі парку, а таксама мноства легендаў, якія распавядаюць пра былую веліч комплексу.

Бярозаўская ДРЭС

На старажытную сядзібу Пуслоўскіх з адлегласці некалькіх кіламетраў пазірае высокая труба Бярозаўскай электрастанцыі. Менавіта дзякуючы гэтаму значнаму для ўсёй краіны аб’екту энергетыкі, пабудаванаму паўстагоддзя таму, з’явіўся на карце раёна адзін з самых маладых у Беларусі гарадоў — Белаазёрск, вядомы яшчэ і сваім абуткам гандлёвай маркі “KELME”.

Сялецкае возера і рыбгас

Бярозаўшчыну можна смела назваць рыбным краем. Для гэтага ёсць рака Ясельда, азёры Белае і Чорнае, а таксама Сялецкае вадасховішча і каналы, створаныя для абслугоўвання Бярозаўскай ДРЭС. Рыбгас “Сялец”, арганізаваны тры дзесяткі гадоў таму на Сялецкім вадасховішчы, памнажае рыбнае багацце. Штогод ён адпраўляе на продаж 2—2,5 тысячы тон прадукцыі. Тут разводзяць каля 20 відаў рыб, у тым ліку рэдкіх для Беларусі асятровых, фарэль, таўсталобіка, афрыканскага сома.

Фізіка з лірыкай

У багатым і разнастайным Бярозаўскім краі нарадзілася нямала таленавітых людзей, прычым і “фізікаў”, і “лірыкаў”. Напрыклад, Раіса Баравікова праславіла сваю маленькую радзіму паэтычнымі і празаічнымі творамі, перакладамі. Пётр Віцязь, які “вырас” да пасады першага намесніка старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё ў нашай краіне новай высокатэхналагічнай галіны — парашковай металургіі. Андрэй Юдчыц падчас работы ў “Народнай газеце” ды іншых выданнях  запомніўся як яркі публіцыст. Праславілі Бярозаўшчыну таксама іншыя творчыя асобы —  Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Мікола Арахоўскі.

Спартыўна-эстэтычны цэнтр

Адзіны ў Беларусі дзіцяча-юнацкі спартыўна-эстэтычны цэнтр (ДЮСЭЦ) з 1996 года дзейнічае ў Бярозе. Тут развіваюць не толькі фізічныя, але і творчыя здольнасці. Сярод наведвальнікаў цэнтра ёсць, напрыклад, пераможцы спаборніцтваў па армрэслінгу. Разам з тым у цэнтры выраслі і выдатныя майстры саломапляцення, роспісу на шкле, іншых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама мадэльеры адзення. Завітаць у цэнтр і паглядзець на творы дзяцей, паслухаць у іх выкананні народныя песні — усё роўна што далучыцца да старажытных традыцый беларусаў.

Заказнік “Спораўскі”

Рэдкія для Беларусі і ўсёй Еўропы вяртлявая чаротаўка, балотная чарапаха, венерын чаравічак — толькі маленькая частка прыроднага багацця заказніка “Спораўскі”. Каб падзівіцца на разнастайны жывёльны і раслінны свет балот, аматары і спецыялісты прыязджаюць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з далёкага замежжа. Вабіць гасцей і адкрыты чэмпіянат Беларусі па сенакашэнню, які праводзіцца на паплавах ля Ясельды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter