У телевизора с поэтом Виктором Шнипом

Ля тэлевізара з паэтам Віктарам Шніпам

У панядзелак будзе магчымасць панастальгiраваць: на канале «Культура» а 16.25 пачнецца паказ шматсерыйнага фiльма «Долгая дорога в дюнах». Фiльм зняты на Рыжскай кiнастудыi ў 1980 годзе, i я памятаю, з якой нецярплiвасцю мы чакалi кожнай новай серыi. Як кранала трагiчная гiсторыя кахання прыгажунi Марты, якую iграе чароўная Лiлiта Азалiня, цудоўная музыка Райманда Паўлса, пейзажы Балтыйскага ўзбярэжжа... Мне цiкава пераглядаць такiя фiльмы, яшчэ i каб зразумець, як успрымуцца яны сёння, цiкава пабачыць пейзажы, будынкi, якiх ужо няма.


У аўторак абавязкова пагляджу на канале «Беларусь 3» а 20.00 чарговы выпуск аўтарскага праекта пiсьменнiка Навума Гальпяровiча «Суразмоўцы» — стараюся не прапускаць гэтыя перадачы, бо ў кожнай, дзякуючы вядучаму i стваральнiку, можна пачуць штосьцi ўнiкальнае. На гэты раз госць — настаўнiк, пiсьменнiк, краязнаўца Iгар Пракаповiч. Ён з Пастаўшчыны i, вядома, раскажа пра сваю малую радзiму тое, што яшчэ ў кнiжках не напiсана. 

На гэтым тыднi канал «Беларусь 3» паказвае яшчэ адзiн цiкавы для мяне праект — шматсерыйны мастацкi фiльм «Есенин». Не ведаю, цi змагу перагледзець усе серыi, але ў сераду час паказу — 18.35, якраз прыду з працы. Добрая iгра артыстаў. Сюжэт, якi прымушае задумацца, узаемаадносiны творцы i ўлады. Ну i прыцягвае, што гучаць вершы Ясенiна — у выдатным выкананнi, у антуражы эпохi.

У чацвер на канале «Культура» а 9.25 выпуск дакументальнага цыкла «Апошнi дзень», прысвечаны Роберту Раждзественскаму. Ён быў, напэўна, трэцiм па папулярнасцi паэтам пасля Яўгена Еўтушэнкi i Андрэя Вазнясенскага ў тую эпоху, калi паслухаць вершы збiралiся стадыёны. Але, як заўсёды, за знешняй паспяховасцю зоркi хаваецца шмат сумнага.


Я люблю глядзець перадачы пра таленавiтых людзей. Сёлета — 90 год з дня нараджэння выдатнага рэжысёра i адметнага чалавека Ралана Быкава. Таму ў пятнiцу на «Культуры» а 21.40 пагля­джу ягоны апошнi фiльм «Партрэт невядомага салдата». Над гэтай карцiнай рэжысёр працаваў да апошняга, нават знаходзячыся ў бальнiцы. Давяршаць ленту давялося iншым, у першую чаргу ўдаве актрысе Алене Санаевай. Праца iшла цяжка, нiяк не маглi сабраць грошы на завяршэнне... I вось фiльм на экране. Тэма, балючая для аўтара, — Вялiкая Айчынная вайна. У фiльме мы пабачым запiсаныя Раланам Быкавым расповеды ветэранаў. 

Яшчэ адзiн юбiляр гэтага года — Васiль Шукшын. У суботу а 14.35 на канале «Беларусь 3» зняты iм фiльм, якi варта перагле­дзець, — «Живет такой парень». Пагляджу, каб пераканацца, што мастацтва — вечнае, ну i ў якасцi прышчэпкi ад шаблонаў сённяшняга кiно. Пра лёсы талентаў паразважаю i а 08.00, праглядаючы перадачу «Савелий Крамаров. Джентльмен удачи. Смешной до слез» на канале ОНТ. А ў 20.00 у аўтарскiм праекце Навума Гальпяровiча «Суразмоўцы» яшчэ адзiн цiкавы госць — кiраўнiк Беларускага аб’яднання ў Швейцарыi i Фонду Марыi Магдалены Радзiвiл Алесь Сапега, нашчадак знакавага для Беларусi роду Сапегаў. 

А 22.35 на тым жа канале — вельмi важны для мяне дакументальны фiльм «Залатыя рыбкi музыкi Станiслава Манюшкi», зняты да 200-годдзя кампазiтара. Справа ў тым, што я ствараю беларускi паэтычны пантэон — пiшу балады пра вядомых людзей. I ўпэўнены, што гэты фiльм дапаможа знайсцi нейкую дэталь, якая спародзiць вобраз, першы радок верша пра Станiслава Манюшку. Будзе ў фiльме гучаць i музыка кампазiтара, у тым лiку ў выкананнi нашага сябра, якi нядаўна пайшоў з жыцця, выдатнага музыкi Юрыя Блiнова. Так што для мяне паглядзець гэты фiльм — аддаць данiну двум важным для Беларусi i для мяне людзям. 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter