Яшчэ ў сакавiку кiраўнiцтва Мiнгарвыканкама паставiла задачу завяршыць да 15 мая падрыхтоўку сталiчных пляжаў да купальнага сезона. Хутка цi павольна, але гэты час прыйшоў. Цяпер засталося дачакацца яснага надвор’я, каб прымаць сонечныя ванны i весялiцца на вадзе, калi, вядома, у зонах рэкрэацыi для гэтага створаны ўмовы. У пытаннi гатоўнасцi да летняга сезона гарадскiх пляжаў разбiраўся карэспандэнт «Р».

Адпачынак на любы густ
Хоць падчас нашага вiзiту на пляж на Цнянскае вадасховiшча надвор’е не спрыяла таму, каб загараць i купацца, назваць гэта месца пустэльным язык не паварочваецца. Нядзельны дзень, якi аказаўся насуперак прагнозам без ападкаў, сабраў на гарадскiх рэкрэацыях сотнi чалавек, якiя аддаюць перавагу актыўнаму ладу жыцця. Па веладарожках адзiн за адным пралятаюць веласiпедысты, на гульнявых пляцоўках малыя з сур’ёзнымi тварамi высвятляюць, хто будзе даганяць, а хто ўцякаць, па тратуарах шпацыруюць пажылыя пары, а на спартыўных трэнажорах займаюцца аматары фiзкультуры. Словам, пляж укамплектаваны наведвальнiкамi. Але наўрад цi яны ведаюць, якую працу спецыялiсты УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка» правяла для таго, каб адпачывалася з камфортам. Як заўважае намеснiк дырэктара прадпрыемства Аляксандр Прамiнскi, дзякуючы падтрымцы мясцовых улад каманда прафесiяналаў кожны год, акрамя прамых абавязкаў падтрымання парадку на падкантрольных тэрыторыях, iмкнецца радаваць наведвальнiкаў пляжаў новымi магчымасцямi для адпачынку.

Для тых, каму альтанак падасца мала, а ў летнюю пару жадаючых адпачыць на свежым паветры хоць адбаўляй, у шагавай даступнасцi абсталяваны ценявыя навесы. Каля iх таксама можна размясцiцца i зладзiць пiкнiк. Сёлета для разнастайнасцi форм на пляжах з’явiлiся лаўкi з навесамi, якiх тут яшчэ не было. Дадаткова паставiлi кабiнкi для пераапранання. У пачатку мая на сезон у тых месцах адпачынку, дзе няма каналiзацыйных уборных, устанавiлi 62 бiятуалеты. Але мала iх паставiць — павiнна быць сэрвiснае абслугоўванне. Па запэўненнях Аляксандра Прамiнскага, праводзiцца яно будзе два разы на тыдзень — па панядзелках i пятнiцах, чаго, у прынцыпе, дастаткова. А яшчэ на кожным пляжы да базавай iнструкцыi па мерах бяспекi паставiлi спецыялiзаваныя iнфармацыйныя стэнды ад Асвода па правiлах паводзiн людзей на вадзе.

Ода спорту
Мiнская лесапаркавая гаспадарка стараецца, каб больш зон адпачынку было накiравана на спартыўны лад жыцця. Таму прадпрыемства штогод аснашчае iх новымi вiдамi спортабсталявання. Зараз на пляжах ёсць набор вулiчных трэнажораў для розных груп мускулаў, i амаль на ўсiх устаноўлена мiнiмальнае спартыўнае абсталяванне — брусы, шведская сценка, адзiночны спортснарад. Што характэрна — усе трэнажоры беларускай вытворчасцi. Але прадпрыемства на гэтым не спыняецца! Напрыклад, на другiм пляжы Цнянскага вадасховiшча гэтай вясной з’явiлася першая пляцоўка для варкаўта на пляжы з пяццю адзiнкамi спартыўнага спецыялiзаванага абсталявання. Навiнцы няма яшчэ i месяца, але яе ўжо паспелi ацанiць аматары актыўнага ладу жыцця.
— Што можа быць лепш, чым спорт, ды яшчэ i на беразе вадаёма? — задаволены аматар фiзiчных практыкаванняў на свежым паветры Аляксандр Мiрошын. — У гэтым плане з’яўленне сучаснай варкаўт-пляцоўкi на пляжы стала вялiкай прыемнай нечаканасцю. Выдатна, што ў нас падтрымлiваецца рух за здаровы лад жыцця.

Летась на Заслаўскiм вадасховiшчы абсталявалi iнклюзiўны пляж. Для гэтага там паклалi спецыяльны пантон, каб людзi з абмежаванымi магчымасцямi мелi доступ да берагавой лiнii, а таксама прыстасавалi для iх патрэб кабiнку для пераапранання, драўляную мэблю на пандусе i бiятуалет. У гэтым сезоне элементы безбар’ернага асяроддзя дабавiлi i на iншых пляжах, каб зрабiць iх больш даступнымi для адпачывальнiкаў.
— Кабiнка для пераапранання для асоб з абмежаванымi магчымасцямi была абсталявана на дзявятым пляжы Заслаўскага вадасховiшча, у гэтым годзе яна з’явiлася i на другiм пляжы Цнянскага вадасховiшча, — расказвае Аляксандр Прамiнскi.
Таксама ў гэтым сезоне для людзей з абмежаванымi магчымасцямi створаны дзве зоны для заняткаў спортам з трыма рознымi трэнажорамi на кожнай. Такiм чынам, лесапаркавая гаспадарка яшчэ больш пашырыла спектр iнклюзiўнасцi на гарадскiх пляжах. Больш за тое, да ўжо наяўных бiятуалетаў для калясачнiкаў i лясной мэблi, якая дазваляе iм пад’язджаць да стала i сядзець за iм, дабавiлi новыя мадэлi.
— Пляжы, за якiя адказвае «Мiнская лесапаркавая гаспадарка», гатовы да наплыву адпачывальнiкаў, — заяўляе Аляксандр Прамiнскi. — Засталося атрымаць адабрэнне камiсii Мiнгарвыканкама i тэхпашпарты, якiя падпiсваюць розныя ведамствы. У цэлым адпачываць без боязi за сваё жыццё i здароўе можна ўжо зараз. Галоўнае, каб надвор’е не падводзiла i спрыяла правядзенню часу на прыродзе.

У гэтым сезоне ў Мiнску будзе функцыянаваць 21 пляж, у Мiнскай вобласцi — 103. У рэгiёне маецца сем выратавальных станцый, 29 выратавальных пастоў, 13 з якiх — сезонныя. Яны ўкамплектаваны асабовым складам, рыштункам i гатовы несцi службу ў купальны сезон. Дарэчы, летась утапленняў у спецыяльна абсталяваных для купання месцах дапушчана не было.
grudnitskiy@sb.by