Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы ў Еўпаторыі памятаюць пра Бацькаўшчыну: там ужо 15 гадоў выдаюць часопіс “Крым—Беларусь”

Ля самага Чорнага мора

Нам заўсёды прыемна, калі ў рэдакцыйнай пошце з’яўляюцца новыя адрасы. На гэты раз адгукнулася на адну з крымскіх публікацый Дзіна Шаўчэнка — старшыня Еўпатарыйскай беларускай суполкі “Сябры”, галоўны рэдактар часопіса “Крым—Беларусь”, член грамадскай палаты і міжнацыянальнага савета Еўпаторыі. Даслала здымкі. Успомніла, як на адной з міжнародных спецыялізаваных выстаў “СМI ў Беларусі” ў Мінску пазнаёмілася з ансамблем народнай музыкі “Бяседа”. Падарыла артыстам свой часопіс, а салісткі ансамбля напісалі ёй у падарунак некалькі беларускіх песень-калядак. Як вядома, у рэпертуары ансамбля іх шмат: абрадавых, прысвечаных сямейным урачыстасцям.

Дзіна Шаўчэнка з часопісам “Крым—Беларусь”. Побач — артысты ансамбля “Бяседа”

І вось на чарговыя Каляды, расказвае Дзіна Шаўчэнка, тыя песні актывісты беларускай грамады Еўпаторыі й выкарысталі. Увогуле яны імкнуцца ствараць у старажытным горадзе сваё нацыянальнае асяроддзе, праводзіць разам святы, упрыгожваючы й сваё жыццё. Марына Велікародная, ураджэнка Брэстчыны, была ў вобразе Каляды. А калядавалі беларусы ў мікрараёне Заазёрнае ў сем’ях удзячных супляменнікаў, якія падхоплівалі песні-калядкі, прыўносілі й мясцовыя дапаўненні, самі ўключаліся ў гульні. Падпявалі вясёлыя абрадавыя песні, знаёмыя з дзяцінства: ”У нашага дзядзькі двор гараджоны,/ Дай, Божа, яму шчасця, здароўя!/ А ў тым двары ды тры карысці./ Ды тры карысці, а тры радасці...”. Беларусы Еўпаторыі, піша Дзіна, з вялікай павагай ставяцца да традыцый бытавой культуры. Зберагаюць абрады, любяць нацыянальную кухню. Напрыклад, Дзяржынская Зінаіда, з Магілёўшчыны, выдатна спявае народныя песні, у тым ліку й калядкі. Шмат песень ведае і Святлана Пылева з Гомельшчыны. А традыцыі, як вядома, фармуюць характар, культуру народа, яго непаўторныя рысы.

А яшчэ Дзіна Шаўчэнка даслала матэрыял, надрукаваны летась у газеце “Евпаторийская здравница”, — пра нечаканую і прыемную сустрэчу яе з супляменнікамі. Неяк ля чыгуначнага вакзала яе паклікала жанчына, запытала: “Вы старшыня беларускай суполкі “Сябры”? Як доўга я чакала гэтай сустрэчы і шукала вас!”. Тое паведаміла радасная незнаёмка, абдымаючы Дзіну. Гэта была Марыя Гудзь, таксама беларуска. Яна заўсёды звяртае ўвагу на матэрыялы ў газеце пра жыццё мясцовай беларускай суполкі. У адным з іх была фатаграфія Дзіны, і вось яе пазналі! Марыя нават спецыяльна пакінула на бачным месцы артыкул і час ад часу глядзела на фота. Не маглі не сустрэцца!

Зямлячкі доўга гаварылі пра Беларусь, родныя месцы, людзей, лёсы. Марыя расказала: дзевяць гадоў працуе прыбіральшчыцай тэрыторыі пры чыгуначным і аўтавакзалах. Прызналася, што любіць сваю працу і ганарыцца ёю: бо ад яе залежыць, якім убачаць горад госці. Зямлячкі абмяняліся тэлефонамі, Марыя пажадала ўступіць у суполку “Сябры”. А пазней тое ж зрабілі й яе сябры-беларусы Валянціна Гусціновіч ды Васіль Буднік. “З радасцю прымаючы ў нашыя шэрагі траіх навабранцаў, я завязала ім на шыі хусткі з беларускім арнаментам”, — расказала пазней еўпатарыйскім журналістам Дзіна Шаўчэнка. Яна ўпэўнена: у суполцы землякам вельмі спадабаецца.

Мы напісалі Дзіне Шаўчэнцы, што чакаем ад яе новых тэкстаў пра жыццё суполкі. “Рада буду творчаму сяброўству, — адгукнулася яна. —  Чакайце матэрыялы. Што да часопіса “Крым—Беларусь”, то яго можна пабачыць і ў Таварыстве “Радзіма”, я неяк падарыла ім 300-400 часопісаў”. Дзіна піша: летась у Еўпаторыі было вялікае свята: на гарадской плошчы адзначалі 15-годдзе часопіса “Крым—Беларусь”. Магчыма, і ў бібліятэках Мінска ёсць экзэмпляры: бо часопіс выходзіць з беларускіх друкарань.

Голас Радзімы № 12 (3516), чацвер, 23 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter