Лужки — родина создателя современного иврита

Лужкі: працавiтыя берагi і турыстычныя маршруты Мнюты

Здалёк уражваюць шпілямі белакаменных хрысціянскіх храмаў Шаркаўшчынскія Лужкі. У пісьмовых крыніцах паселішча ўпершыню пазначана ў 1514 годзе як уладанне заможнага роду Сапегаў. Працяглы перыяд гаспадарылі тут шляхецкія роды Жабаў, Чапскіх, Плятэраў. 

У 1741-м полацкі каштальян Валерыан Жаба запрасіў у Лужкі манахаў з ордэна піяраў. Пасля адкрыцця калегіўма вёска атрымала статус мястэчка. У цэнтры яго высока ўзняліся да нябёс крыжы храма Міхаіла Архангела, шэдэўра стылю так званага віленскага барока. Архтэктурны помнік захаваўся да нашага часу. На плошчы побач з ім двойчы на год ладзіліся кірмашы.



У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Лужкі — валасны цэнтр Дзісненскага ўезда Мінскай, а праз некаторы час Віленскай губерні Расійскай імперыі. Мястэчка ўпрыгожыла праваслаўная царква Раства Багародзіцы, якая ніколі не закрывалася і дзейнічае сёння. 

У Лужках адкрылася земскае народнае вучылішча. Дзейнічалі вадзяны млын, конная паштовая станцыя, малітоўны дом, больш дзясятка розных крам. 

На пачатку мінулага стагоддзя першых навучэнцаў прыняла царкоўна-прыходская школа.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, Лужкі — цэнтр гміны Дзісненскага павета Віленскага ваяводства буржуазнай Польшчы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР статус мястэчка паніжаны да вёскі — цэнтра сельсавета Шаркаўшчынскага раёна.



У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты стварылі тут гета. Больш як 900 вязняў зверскі знішчылі. Мемарыяльным помнікам ушанаваны ахвяры вайны. 

Лужкі — радзіма Эліэзэра Бэн-Іегуды, стваральніка сучаснага іўрыта. У гэтых мясцінах нарадзіўся народны артыст СССР Генадзь Цітовіч.

Мае шляхі-дарогі за больш як чатыры дзесяцігоддзі журналісцкіх вандровак чамусьці міналі размешчаныя на мяжы з Глыбоцкім раёнам шаркаўшчынскія Лужкі. Ад райцэнтра да аграгарадка больш за тры дзясяткі кіламетраў. Аўтадарога перасякае невялікія вёскі, не падобныя на выцягнутыя на некалькі кіламетраў населеныя пункты паўднёвай і заходняй часткі рэспублікі. І палі на Віцебшчыне непрасторныя — перамежваюцца з нізінамі, парослымі хмызняком. 

Па шляху ад райцэнтра да Лужкоў прамільгнулі падворкі знаёмага аграгарадка Германавічы. За крутым пагоркам дарога перасекла вёскі Блізніца і Лапунова. На даляглядзе паказаліся крыжы двух белакаменных лужкоўскіх храмаў.



Спрытна кіруючы легкавіком, Таццяна Краснадубская ўзгадала сваю вёсачку Вялікія Грыдзюшкі. Мо некалі і былі яны вялікія, а цяпер там не болей двух дзясяткаў падворкаў. Адтуль яна паехала вучыцца ў Полацкае педвучылішча. Вышэйшую педагагічную адукацыю атрымала завочна ў Віцебскім педінстытуце імя П. М. Машэрава. Настаўнічала ў Верацееўскай базавай школе. Дзясяты год кіруе мясцовай уладаю. Муж Віктар Васільевіч узначальвае сельгас­прадпрыемства «Гарадзец». Сын Андрэй і дачка Святлана атрымалі вышэйшую адукацыю і працуюць у сталіцы. Таццяна Мікалаеўна і Віктар Васільевіч забралі да сябе ў аграгарадок аўдавелую маці Ксенію Пятроўну. Летам яна любіць агарод даглядаць, на кухні дапамагае ўпраўляцца. 

У дачкі і зяця хапае клопатаў на працы. Сельгаспрадпрыемства, якое трэці год узначальвае Віктар Краснадубскі, два гады таму ўвайшло ў створаны аграхолдынг Полацкага КХП.

Ветэран працы Чэслаў УРУБЛЕЎСКІ і старшыня сельвыканкама Таццяна КРАСНАДУБСКАЯ.

На полі ва ўрочышчы Кліна­вае сустрэліся з кіраўні­ком гаспадаркі. Віктар Красна­дубскi адзначыў, што пасля рэар­ганізацыі гаспадаркі машынна-трактарны парк папоўніўся двума «Кіраўцамі-744». Камбінат хлебапрадуктаў закупіў сучасныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. 

У гаспадарцы амаль 8 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, з якіх каля 5 тысяч гектараў ворыва. Не хапае механізатараў. У час веснавой сяўбы і на жніве без дапамогі гараджан не абыйсціся. Асаблівае напружанне адчувалася ў час сяўбы азімых культур. Амаль паўтары тысячы гектараў засеялі збожжавымі і 300 гектараў азімым рапсам. Глебаапрацоўчая тэхніка яшчэ не пакінула палі.

Медсястра амбулаторыі  Марына ЯКУБЁНАК.

Механізатар Расціслаў Жынгель на МТЗ-82 рыхтаваў глебу пад веснавую сяўбу. У гаспадарку ён прыйшоў амаль 40 гадоў таму. Пасля заканчэння Лужкаўскай сярэдняй школы прафесію трактарыста-машыніста атрымаў у Глыбоцкім прафтэхвучылішчы механізацыі. Некалькі гадоў таму пайшоў на льготную пенсію, але з трактарам не развітваецца. Сваімі рукамі пераабсталяваў гідраўлічны плуг, які атрымалі з завода 30 гадоў таму. Пільна сочыць механізатар за трактарам. У час рамонту правярае вузлы, дэталі. На полі машына працуе бездакорна. 

Жывёлаводы Вольга БАРКОЎСКАЯ і Вольга МІРОНАВА.

Сям’я механізатара Жынгеля атрымала ад гаспадаркі кватэру ў Лужках. Сын Сяргей скончыў Полацкі дзяржаўны лесагаспадарчы калеж і працуе майстрам на Пліскай пілараме ў Глыбоцкім раёне. 

Калектыў сельгаспрадпрыемства папаўняецца маладымі кадрамі. З сонечнага Крыма прывёз на Віцебшчыну жонку Валянціну Міхайлаўну Аляксандр Міронаў. Пяць гадоў працавала яна на свінаферме, а зараз даглядае цялят. Ад гаспадаркі атрымалі дом у Гарадцы, што прымыкае да Лужкоў. 

Трактарыст лясніцтва Міхаіл БАРАВІК.

З Валянцінай Міронавай і яе сяброўкай па працы Вольгай Баркоўскай сустрэліся на жывёлагадоўчай ферме. Кожная даглядае амаль па сотні галоў маладняка. Пакуль цяляты выгульваліся на дварэ, жанчыны ўслалі памяшканне сухой саломай, засыпалі ў кармушкі канцэнтраты. 

ПОБАЧ з жывёлагадоўчай фермай цудоўна захаваліся мураваныя двухпавярховыя кароўнікі памешчыка Зіберга Плятэра. Мяне здзівілі словы старшыні сельвыканкама пра тое, што ў гэтых памяшканнях стагоддзе таму сена жывёле падавалі зверху спецыяльнымі ліфтамі. Як і тое, што ў шырокай каменнай канюшні раз’язджаліся запрэжаныя карэты. Сумна выглядаюць рэшткі будынка былой сінагогі. На высокім пагорку сярод раскошнага парка захаваўся палац магната Плятэра. У будынку месціцца адміністрацыя сельгаспрадпрыемства. Рачны бераг упрыгожвае чырвонакаменны былы вадзяны млын. На рацэ Мнюта рабочыя з Пінска ўзводзяць міні-гідрастанцыю. Да новага года плануецца ўвесці яе ў эксплуатацыю. Багатую спадчыну Лужкоў вянчаюць два прыгожых храмы. На адной з вуліц праглядаецца падмурак бацькоўскага дома сусветна вядомай асобы Эліэзэра Бэн-Іегуды, які адрадзіў іўрыт — дзяржаўную мову Ізраіля. 

Механізатар сельгаспрадпрыемства Расціслаў ЖЫНГЕЛЬ.

Падумалася, што з такой багатай спадчынай толькі і развіваць турызм, на што старшыня сельвыканкама Таццяна Краснадубская скептычна адзначыла: усё ўпіраецца ў аддаленасць аграгарадка. Заўзятыя краяведы наведваюць Лужкі, а да масавага турызма пакуль справа не даходзіць. У спецыяльным праекце сельвыканкама «Лужкоўская вандроўка» распрацаваны турыстычны маршрут па аграгарадку. На цэнтральнай плошчы ўсталяваны банер з інфармацыяй стэндаў гістарычных аб’ектаў. Адчувальна павысілася актыўнасць тутэйшых у рэалізацыі задумак.

Лужкоўскі сельвыканкам, як і суседні Германавіцкі, сталі пілотнымі для ўкаранення падыходу, заснаванага на правах чалавека, у працэсы развіцця гэтых тэрыторый. У рамках рэалізацыі гэтай ініцыятывы жыхарам аграгарадка створана магчымасць культурнага адпачынку на беразе ракі Мнюта.

Шосты дзясятак у шлюбе педагогі Надзея і Міленцій АНДЗІЛЕЎКІ.

Шмат іншых задумак у кіраўніка сельвыканкама Таццяны Краснадубскай. Яе надзейныя памочнікі — старасты вёсак. Адна з найбольш актыўных — Марына Якубёнак з Крыўкоў. Працуе медсястрой у амбулаторыі, а на грамадскіх пачатках — стараста вёскі. Кожнае лета ў купальскую ноч на беразе Мнюты ладзіцца свята. Адзін з яго арганізатараў — мастацкі кіраўнік Дома культуры Ірына Буднік. Па інтэрнэту пазнаёмілася яна з малдаванінам Пятром Цідвэ. Трэці год адлічвае шчаслівая пара. 

Пасля атрымання адукацыі мясцовая моладзь вяртаецца дамоў. Жывёлагадоўчай фермай «Улііна» загадвае выпускнік сярэдняй школы Міхаіл Шыпіла. Пасля атрымання атэстатаў сталасці засталіся працаваць на зямлі браты Юрый і Андрэй Урублеўскія, Аляксандр Морхат, Аляксандр Каснікоўскі. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Краснадубскі і яго намеснік Наталля Катушонак таксама мясцовыя.

Настаўніца гісторыі Зоя ОГІНАВА з вучнямі ў школьным музеі.

Дырэктар школы Ларыса Гараніна ганарыцца, што яе выхаванцы прызнаны прызёрамі рэспубліканскага конкурсу «Школьны сад» і атрымалі мотаблок. Перамаглі яны і ў рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Дамоў вярнуліся з міні-трактарам. Старшакласнікі атрымліваюць пра­фесію кветкавода. Заняткі з імі праводзіць майстар вытворчага навучання Вольга Шастакевіч. Урокі працы вядзе Анатоль Крыўко.

Экалагічныя веды вучні замацоў­ваюць на практычных занятках у школьным лясніцтве, на доследным участку. Праводзяцца экскурсіі ў музеі прыроды, зімовым садзе, дэндрарыі, водным садзе, дрэвагадавальніку. Уздоўж берага Мнюты пракладзена экалагічная сцяжына.

Будаўнік Андрэй ХАДАРЭНКА.

З настаўніцай Зоей Огінавай адправіліся ў школьны музей. Прайшліся па калідоры другога паверху, пераўтворанага ў мастацкую галерэю. На сцяне музея размешчаны фотаздымкі выпускнікоў розных гадоў. У цэнтры пакоя ўсталяваны бюст мужнай партызанкі Настассі Бельскай. Вясною 1944 года фашысты схапілі патрыётку і ў суседняй вёсцы Гарадзец закатавалі. У савецкія часы піянерская арганізацыя школы насіла імя гераічнай зямлячкі. 

Жыхары аграгарадка ўключыліся ў акцыю «У гонар агульнай Перамогі!». Як сведак перажытага ў вайну падрыхтавана капсула з зямлёю для перадачы ў крыпту сталічнага храма. Там збяруцца капсулы з усіх куткоў шматпакутнай Радзімы і будзе ладзіцца агульны малебен. 

На ваеннае ліхалецце выпала дзяцінства Надзеі Іванаўны і Міленція Антонавіча Андзілеўкаў. Да іх у вёску Баравая завіталі са старшынёю сельвыканкама. Мурожны луг акружае падворак педагогаў.

Ірына БУДНІК з мужам Пятром ЦІДВЭ.

З сенцаў выйшаў статны гаспадар. Таццяна Мікалаеўна загадзя папярэдзіла яго пра сустрэчу. З кавенькай у руках, цяжка пераступаючы з нагі на нагу, крочыла Надзея Іванаўна. Прыселі на лавачцы ля дома. З вуліцы прыскакаў чацвераногі вартавы падворка Фунцік. За ім з’явіўся і шэры котка Мурзік. Гаспадары паведамілі, што мянушкі сабаку і кату далі ўнукі. У нявесткі Вольгі і сына Валерыя, якія працуюць урачамі ў Віцебску, два хлопчыкі і дачушка. Старэйшы Антон атрымаў пасведчанне трактарыста і марыць пабудаваць дом у Баравым. Дзядуля дапамог яму набыць трактар. Унук усё лета праводзіць у вёсцы. На паўтарагектарным надзеле вырошчваў бульбу. 

Запрашаючы зайсці ў дом, гаспадар прызнаўся, што яго як настаўніка біялогіі цешыць імкненне ўнука да сялянскага занятку. Надзея Іванаўна выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Свята захоўваюць настаўнікі фотаздымкі сям’і. Вышэйшую адукацыю атрымалі ў Даўгаўпілскім педінстытуце. Жывуць па вясковаму ўкладу. Раней трымалі карову, свіней. 

Мінулай вясною Міленцій Антонавіч адзначыў 80-гадовы юбілей. Ён заслужаны настаўнік народнай адукацыі, выдатнік адукацыі СССР і БССР. Першым у Беларусі атрымаў пасведчанне настаўніка-метадыста. Памятае, як са старшакласнікамі на доследнай дзялянцы вырошчвалі сою. 

Па-сялянску выхоўваў сыноў Чэслаў Урублеўскі, якога сустрэлі на лузе за ваколіцай Лужкоў. Андрэй і Юрый змянілі бацьку, які да выхаду на пенсію працаваў механізатарам. Трымае Чэслаў Іванавіч дзве каровы. На гектарным надзеле вырошчвае бульбу, збожжавыя. 

На тэрыторыі сельсавета 8 фермерскіх гаспадарак займаюцца земляробствам. Амаль 20 рабочых у лясніцтве. Два дзесяцігоддзі працуе ў калектыве механізатар Міхаіл Баравік, якога засталі за выгрузкай бярвенняў на ўскрайку леса. Жывуць Баравікі, як і большасць жыхароў аграгарадка, у сваім доме. 

Адлічваюць Лужкі другую палову тысячагоддзя. Тут ёсць што паглядзець, ёсць з кім сустрэцца, крокамі адмерыць бераг Мнюты да гаючых крыніц.

Шаркаўшчынскі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter