Гісторыя ў мінулым, будучае таямнічае, кожны новы дзень — дар, лічыць івянецкі настаўнік Генадзь Лапуцкі

Лунаць па-над зямлёю

Гісторыя ў мінулым, будучае таямнічае, кожны новы дзень — дар, лічыць івянецкі настаўнік Генадзь Лапуцкі


БОЛЬШ як сорак гадоў выкладае замежную  мову ў Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця настаўнік Генадзь ЛАПУЦКІ. Ён сам з другога класа выхоўваўся тут. Пасля заканчэння факультэта нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў у выдатніка вучобы быў шырокі выбар месца працы. Вырашыў вярнуцца ў родны Івянец, дзе кожная сцяжынка блізкая і дарагая сэрцу. У маладыя гады ўзначальваў настаўніцкую камсамольскую арганізацыю школы, а потым прафсаюзную. За актыўную грамадскую і педагагічную дзейнасць неаднаразова адзначаўся граматамі раённага і абласнога кіраўніцтва. Шмат слоў падзякі выказваюць таленавітаму настаўніку бацькі выхаванцаў. Чацвёрты год Генадзь Вікенцьевіч атрымлівае дзяржаўную пенсію. Але на заслужаны адпачынак не збіраецца і па-ранейшаму штораніцы сустракаецца з дружным калектывам вучняў, настаўнікаў, абслуговага персаналу дома-інтэрната.

ДА каляднага шчодрага вечара хутарская сям’я Лапуцкіх, падворак якой туліўся паміж налібоцкімі вёскамі Баравікі і Рочавічы, заўжды рыхтавалася старанна. Гаспадар Вікенцій Феліксавіч прыносіў з пуні ахапак духмянага сена і слаў яго на стале. Руплівая Алена Вікенцьеўна даставала з куфра выбелены палатняны абрус. Сыны Генадзь і Віктар з сястрой Ганнай пры свеце газавай лямпы ставілі для вячэры дванаццаць страў. Абавязкова за сталом рыхтавалася месца і для запозненага госця, у абліччы якога, як чулі яны ад ксяндза ў Рубяжэвіцкім касцёле, мог завітаць у святы вечар сам Гасподзь. У такі чароўны час маленькі Генадзь марыў пазбавіцца мыліц, якія бацька зладзіў з ляшчыны. Хворы на ногі хлопчык з цяжкасцю дабіраўся за тры кіламетры да Рочавіцкай васьмігодкі. Спагадлівы дырэктар Міхаіл Лукашкоў уладкаваў яго на кватэру да старэнькай гаспадыні, якая жыла каля школы. І дырэктарскі дом стаяў побач. Штосуботы Вікенцій Лапуцкі прыязджаў на веласіпедзе ці кані да школы, каб забраць сына дамоў на выхадны дзень. Бывала, што з-за працы ў калгасе ён не мог прыехаць, але Генадзь цярпліва чакаў бацьку на школьным ганку. Дырэктар не вытрымліваў і заводзіў свой старэнькі матацыкл “Іж”, садзіў у люльку змарнелага хлопчыка і адвозіў на хутар. 

Генадзь ЛАПУЦКІ, 1973 г.

Калі ў мястэчку Івянец адкрыўся дзіцячы дом, клапатлівы Міхаіл Нікадзімавіч уладкаваў туды свайго вучня. Бацька запрог у сані коніка і па заснежаным шляху перад Новым годам прывёз сына ў Івянец. Першае, што ўразіла Генадзя ў мястэчку, — велічны з чырвонай цэглы касцёл, крыжы якога ўпіраліся высока ў неба. Хлопчык ніколі такіх гмахаў не бачыў і разгублена ў бацькі спытаў, ці не Крэмль гэта, малюнак якога заварожваў яго ў буквары. Стромкія сосны быццам ахоўвалі спакой стагадовага храма з заснежаным ганкам. Толькі праз гады расчыніліся для вернікаў дзверы каталіцкага прыстанку Святога Аляксея, пабудаванага на ахвяраванні польскага генерала Эдварда Каверскага.

Пустуючую касцёльную плябань пераабсталявалі пад інтэрнат для выхаванцаў дзіцячага дома, а ў суседняй канторы былога леспрамгаса размясцілі школьныя класы. Пасля ціхага хутара маленькі Генадзь цяжка звыкаўся з шумным дзіцячым гуртом. Думкі міжволі вярталі да родных. Заплюшчваў вочы, і паўставалі хата, падворак, студня, каля якой п‘е ваду рахманая кароўка Арабіна. 

Ад канікул да канікул чакаў маленькі хутаранін сустрэчы з роднымі. Выхавацелька Ганна Лебедзева заўважала гэты сум і імкнулася захапіць яго цікавым заняткам. Яна ўмела знайсці прыемныя словы суцяшэння. У сваім дзённіку Ганна Маркаўна занатоўвала асаблівасці кожнага выхаванца. Падказвала краўцу Тадэвушу Сушко, у каго з іх прадзіравілася адзенне і трэба паднавіць. Шавец Юстын Рэут ледзьве паспяваў рамантаваць абутак хлопчыкаў, што ганялі футбольны мяч нават па снезе. Генадзь Лапуцкі толькі пазіраў, як сябры-гарэзы насіліся па школьным двары. Свой вольны час бавіў у цесным закуточку дзядзькі Юстына. Адстаўляў у бок мыліцы і назіраў, як майстар няспешна падшываў зношаныя валёнкі ці падбіваў сцёртыя абцасы дзявочых чаравічак. Юстын Іосіфавіч падтрымліваў цікавасць хлопчыка да шавецкага занятку. На зімовых канікулах Генадзь на хутары ладна адрамантаваў братаў абутак і валёнкі суседа акуратна падшыў.

Бацькі радаваліся ўменню сына, які цешыў іх і выдатнымі поспехамі ў вучобе. Асабліва Генадзь любіў урокі геаметрыі. Сваімі рукамі змайстраваў і пафарбаваў у розныя колеры фігуры, якімі настаўніца Яніна Лянкевіч чарціла на дошцы трохкутнікі і прамавугольнікі, бісектрысы і гіпатэнузы. Талкова прыдумаў ён прыстасаванне для дэманстрацыі навучальных табліц па фізіцы. Настаўнік Якаў Банцарэвіч даверыў старасце класа Лапуцкаму ключы ад зашклёных шафаў, дзе захоўваліся вучэбныя экспанаты. На адной з палічак стаяў макет пластмасавай ракеты. На Дзень касманаўтыкі аднакласнікі пераканалі Генадзя выпрабаваць незвычайны экспанат у дзеянні. Вынеслі яго на луг і вырашылі запусціць з жывой істотай. У якасці “пілота” прывязалі да макета маленькую жабку. Ракета ўзляцела на некалькі метраў і пляснулася ў балотца. Жабку толькі і бачылі. Дасталі з твані экспанат, абмылі, высушылі на вясновым сонейку і вярнулі на месца. Доўга не асмельваўся Генадзь прызнацца настаўніку пра касмічны эксперымент на лузе. 

У Івянецкім дзіцячым доме выхоўваліся дзеці з захворваннямі апорна-рухальнага апарату. Фанатычны да сваіх абавязкаў, дырэктар Фёдар Гольдшмідт пастаянна паляпшаў сацыяльна-бытавыя ўмовы для выхаванцаў. Строга трымаў дысцыпліну. Імкнуўся развіваць у школьнікаў любоў да працы, вышукваў і ўкараняў новыя педагагічныя метады. Пасля адной з замежных камандзіровак Фёдар Лазаравіч загарэўся арганізаваць іпадром для аздараўлення хворых на цэрэбральны параліч дзяцей. Наладзіў кантакты з нямецкім урачом Уда Кальбе, які займаўся такім лячэннем. Доктар не аднойчы наведваў Івянецкі дзіцячы дом, і дырэктар бываў у Германіі, адкуль прывёз брашуру з дакладным апісаннем практыкаванняў дзіцячай тэрапіі. Вучань Лапуцкі самастойна справіўся з перакладам тэксту. Дапамагаў ён весці і перапіску з нямецкім урачом.

ВОСЕМ класаў Генадзь закончыў на выдатна і прадоўжыў вучобу ў Івянецкай сярэдняй школе. У паралельным класе вучыўся яго малодшы брат Віктар, які пасля ўрокаў спяшаўся дапамагаць маці на калгаснай жывёлагадоўчай ферме даглядаць цялят і ўпраўляцца па хатняй гаспадарцы. Не заўсёды хапала часу на выкананне хатніх заданняў, і раніцай ён забягаў у клас да Генадзя і хуценька спісваў урокі. На перапынках Віктар дзяліўся хатнімі навінамі. Сумаваць па доме Генадзю не было калі. Рэпетыцыі духавога аркестра, падрыхтоўка школьных канцэртаў, чытанне любімых кніг і шмат іншых спраў запаўнялі яго школьнае жыццё. 

Захапленне стараннага вучня літаратурай заўважыла настаўніца Марына Мацюхіна, якая на ўроках рускай мовы і літаратуры прывівала цікавасць да вобразаў кніжных герояў, настройвала самастойна разважаць, выпрацоўваць свой погляд і аргументавана адстойваць яго. Лепш за Генадзя ніхто ў школе не пісаў сачыненні. Ён удзельнічаў у раённых конкурсах юных літаратараў. Юнаку раілі паступаць на філалагічны факультэт універсітэта ці ўвогуле стаць журналістам. Генадзь разумеў, што варыянт з журналістыкай з-за стану здароўя выключаецца. Адправіў дакументы ў Мінскі інстытут замежных моў, але з-за нейкай недарэчнасці выкліку на экзамены не атрымаў. Да вясны будучага года працаваў у інтэрнацкай цяпліцы і ўпарта рыхтаваўся да паступлення. Паспяхова вытрымаў уступныя экзамены і стаў студэнтам факультэта нямецкай мовы.

— УСЯ сям’я радавалася майму паступленню ў інстытут, — адзначае Генадзь Лапуцкі. — Бацька суправаджаў мяне ў Мінск, уладкаваў у студэнцкі інтэрнат. Заняткі даваліся лёгка. Вучоба праляцела хутка. На размеркаванні з усіх варыянтаў выбраў вяртанне ў сваю школу-інтэрнат, дзе мне ўсё знаёма. Педагагічны калектыў папоўніўся яшчэ і маладымі настаўнікамі біялогіі, рускай мовы і літаратуры. Дырэктар Фёдар Гольдшмідт сустрэў нас ветліва і сказаў, што дыпломы даюць права настаўнічаць, а даказаць прызванне мы павінны справай. Амаль сорак гадоў кіраваў Фёдар Лазаравіч школай-інтэрнатам. Высокапрафесійны педагог, вопытны арганізатар мудра вучыў нас культуры працы, чалавечнасці.

— Методыка выкладання прадметаў у такой школе адрозніваецца ад звычайнай?

— У нас вучацца дзеці з фізічнымі асаблівасцямі. Педагагічны калектыў працуе па трох навучальных праграмах. З 77 выхаванцаў трэцяя частка займаецца па праграме звычайнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, астатнія — па дапаможнай. Прывіваем вучням навыкі самаабслугоўвання, рыхтуем да інтэграцыі ў самастойнае жыццё.

— Педагог у такой школе – гэта той…

—… хто не толькі дае веды, але і выхоўвае асабістым прыкладам. У сваім стале побач з падручнікамі нямецкай мовы трымаю клей, цвікі, дрот, малаток і іншыя падручныя рэчы. Мінулыя выхадныя правёў у падвале, дзе майстраваў дванаццацігадоваму хлопчыку Антону з Валожына падножку да каляскі, да якой ён хваробай прыкаваны. На ўроку нямецкай мовы ўбачыў, як нязручна вучню сядзець. Ножка ні на што не абапіраецца і прыціснута, кроў не цыркулюе. Паабяцаў Антончыку да Каляд змайстраваць прыладу да каляскі. Ён абрадаваўся і сказаў, калі да канікул не паспею, ён гатовы і пачакаць. Усе справы адклаў і слова стрымаў.

— Такі ваш навагодні падарунак хлопчыку.

— Пастаянна дапамагаю выхаванцам. Сам праз усё гэта прайшоў і хачу, каб ім лягчэй жылося. Перад Калядамі з дзецьмі ўпрыгожвалі школьную ёлку. Дырэктар Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч знайшла спонсараў, якія падрыхтавалі навагоднія падарункі.

— Вы выраслі ў гэтай школе-інтэрнаце і амаль сорак гадоў настаўнічаеце тут. Пра што марылі вашы равеснікі ў дзяцінстве і чаго зараз чакаюць ад Дзеда Мароза маленькія выхаванцы?

— Вялікай радасцю было атрымаць набор каляровых алоўкаў ці мяшэчак з ледзянцамі і падушачкамі, якімі цяперашніх дзяцей не здзівіш. Ім хочацца мець мабільныя тэлефоны, прыстаўкі для праслухоўвання музыкі ці нават планшэты. Час дыктуе свае запатрабаванні. 

— У класічным творы Якуба Коласа “На ростанях” галоўны герой Сцёпка марыў навучыцца ўтрымліваць пачуцці. Праца ў такой школе патрабуе асаблівай далікатнасці. Вам гэта ўдаецца?

— Не заўсёды. У нас вучацца дзеткі з Міншчыны, і ўзровень развіцця розны. На ўроках імкнуся стрымліваць сябе. Часам і павышу голас, а потым не магу сабе дараваць. Што адбылося, назад не вернеш. Вялікі талент быць сапраўдным педагогам. Многаму навучыўся ў нашых выдатных спецыялістаў Марыі Багель і Фёдара Гольдшмідта. Выхаванцы востра ўспрымаюць нашы заўвагі, кампліменты. У абыходзе з імі трэба быць асцярожнымі, каб не параніць юныя сэрцы. Пасля заканчэння школы многія з намі падтрымліваюць сувязь.

Выпускніца Наташа Макейчык пасля нямецкага факультэта Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта не змагла ўладкавацца на працу з-за хваробы ног. Паведаміла, што знайшла выхад і займаецца рэпетытарствам і перакладамі. 

Факультэт нямецкай мовы і беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка закончыла былая выдатніца Марыя Мірановіч і стала настаўнічаць, але доўга не ўтрымалася ў школе. Ад вучняў пачула жорсткія словы пра фізічны стан і ад крыўды звольнілася. Выйшла замуж за нашага выхаванца. Жывуць у вёсцы. Муж працуе у сельскім клубе. Маральна падтрымліваю іх. Спадзяюся, што ў Марыі ўсё наладзіцца ў плане настаўніцтва.

Сёлета адзіны з нашага выпуску Дзіма Гункевіч паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову на спецыяльнасць “менеджар па гандлі”. У яго рукі і ногі хворыя. Яго ўпартасці ў падрыхтоўцы да паступлення можна пазайздросціць.

Стан здароўя сённяшніх выхаванцаў адрозніваецца не ў лепшы бок. Раней многія фізічна працавалі, а цяпер толькі некаторыя могуць. Мы ў школьныя гады займаліся падсобнай гаспадаркай, дзе ўтрымліваліся коні, каровы, свінні, куры, апрацоўвалі агарод. Забяспечвалі сябе гароднінай і бульбай. Засталася толькі цяплічка, у якой вырошчваем цыбулю, салаты, пятрушку, кветкі. Вырошчвалі і лекавыя зёлкі,  якія сушылі і здавалі ў рубяжэвіцкую аптэку. Няма ўжо плантацый. Школа-інтэрнат перайшла на поўнае дзяржаўнае ўтрыманне.

— Як вы выхоўваеце у школьнікаў пачуццё гаспадара? 

— Асабістым прыкладам. Калі на ўроку бачу, што хтосьці не так паклаў кніжку ці неахайна выглядае, даю заўвагу і запрашаю паглядзець на парадак у маім стале. 

Сённяшнія навучэнцы абстаўляюцца сучаснымі апаратамі, што адрывае іх ад вучобы. У маіх равеснікаў меншай была матывацыя вучыцца ў вышэйшых навучальных установах. Большасць з іх ішлі працаваць. Вышэйшая адукацыя сёння стала ўсеагульнай. Нават па два-тры дыпломы некаторыя маюць. Знізілася якасць падрыхтоўкі спецыялістаў.

— Генадзь Вікенцьевіч, вы не толькі ў адказе за вучобу дзяцей, але і за іх выхаванне. Сваім лёсам задаволены? 

— Жыццё высцілаецца не толькі з сонечных дзён. Патрэбна сябе загартоўваць, каб трывала пераадольваць цяжкасці. Мне лёс падараваў цудоўнага чалавека — жонку Ларысу Пятроўну, якая прыехала вучыцца ў Івянецкую школу-інтэрнат з барысаўскай вёскі Вялікая Ухалода. Ад Бога ў яе цудоўны голас і музычны слых. Гэта я заўважыў на ўроку спеваў.

— Вы ж выкладалі нямецкую мову?

— Сярод навучальнага года звольніўся настаўнік музыкі і спеваў. Не было каму замяніць яго. Дырэктар прапанаваў мне, таму што я на ўсіх школьных канцэртах акампаніраваў на акардэоне.

— Як авалодалі гэтым складаным музычным інструментам?

— Нашы хутарскія суседзі жылі больш заможна і купілі свайму сыну Вікенцію Калядзе новы акардэон. Ён пасвіў кароў на лузе і найграваў на ім мелодыі. З зайздрасцю слухаў яго. Аднойчы на мыліцах усё ж дабраўся да сябра. Вікенцій дазволіў паспрабаваць пайграць на новым перламутравым акардэоне. Дрыжачымі рукамі націскаў на шырокія белыя і вузкія чорныя клавішы. Хуценька засвоіў просценькую мелодыю. Каровы слухалі нашу музыку. Мне так хацелася займець свой музычны інструмент. У бацькоў не было за што купіць. У калгасе разлічваліся за працадні натуральнай аплатай. Бацька складаў вяскоўцам зрубы дамоў. Карыстаўся толькі сякерай. Аднойчы прынёс дамоў ад гаспадара, якому будаваў хату, старэнькі двухрадковы гармонік, на якім замест некаторых зламаных гузічкаў адтуліны пазатыкалі ватай. Для мяне гэта быў вялікі падарунак. Гармонік не здымаў з плеч. І так ім авалодаў, што бацькі сабралі грошы і купілі фірмавы “Беларусь”. З ім я пасля канікул вярнуўся ў дзіцячы дом, і ўсе святы не абыходзіліся без майго ўдзелу. Акампаніраваў зорцы школьных канцэртаў дзесяцікласніцы Ларысе Слайкоўскай, у якую і закахаўся. Дачакаўся выпускнога вечара і зрабіў прапанову выйсці за мяне замуж.

— А вяселле ладзілі?

— Уся школа-інтэрнат гуляла ў новым доме, што бацька пабудаваў у вёсцы Баравікі. Пад цудоўную музыку скакалі ў будынку пачатковай школы. Мы выхавалі дачушку Алену, якая закончыла Мінскі педагагічны каледж. Выйшла замуж і працуе выхавацелем у дзіцячым садзіку горада Барысава. 

У нашай сям’і дзве канфесіі. Жонка праваслаўная, а я каталік. Рэлігійныя святы адзначаем двойчы. На каталіцкія Каляды ў нас звычайна гасцюе айцец Віктар з Івянецкага праваслаўнага храма Еўфрасінні Полацкай.

— Вашы самыя шчаслівыя моманты ў жыцці?

— Паступленне ў інстытут і сустрэча з будучай жонкай. Шчаслівы, што пры такім здароўі рэалізаваўся як настаўнік і сем’янін. Буду яшчэ больш удзячны лёсу, калі дачакаюся ўнукаў. Чалавек створаны для таго, каб не паўзці, а лунаць па-над зямлёю.

Хочацца, каб надыходзячы год прынёс людзям дабро і спакой, а ўсё астатняе перажывецца. Аднойчы на аздараўленні ў Германіі пад акардэон мы зычна заспявалі аптымістычную песню “Перажывём!” Немцы слухалі, а потым доўга апладыравалі.

Уладзiмiр СУБАТ

Валожынскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Генадзя ЛАПУЦКАГА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter