Лукашэнка: лаўрэаты – гонар нацыі

Аб гэтым Прэзідэнт заявіў падчас цэрэмоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп» і патлумачыў, чаму так лічыць:

Фото: БЕЛТА

– Менавіта такія людзі, як вы, пішуць гісторыю. Такія добрыя справы і пачынанні, як вашы, застаюцца ў памяці народа. Даюць будучым пакаленням маральны і духоўны арыенцір. Вядуць да новых высокіх мэт. І летапіс жыцця беларусаў працягваецца.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сёння, калі свет становіцца ўсё больш агрэсіўным, асабліва важна цвёрда стаяць на сваёй зямлі:

– Памятаць, што тут стагоддзямі жыў беларускі народ. I будзе жыць. Усведамляць сябе адзіным цэлым з пакаленнямі розных эпох. Разумець, што ў нас ёсць свой шлях. Яго пачыналі вялікія людзі. Мы яго працягваем. І ведаючы, праз якія выпрабаванні праходзілі нашы продкі, як гераічна адстойвалі сваю зямлю ў войнах, як, не маючы дзяржаўнасці, збераглі культурныя традыцыі і духоўныя каштоўнасці, мы бачым галоўнае.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў лепшых рысах нацыянальнага характару беларусаў:

– Дабрыня і спачуванне, працавітасць і мэтанакіраванасць, адвага і самаадданасць, наватарства і геніяльнасць – усё гэта ёсць у кожным з нас.

Прэзідэнт адзначыў, што менавіта такім, сапраўдным героем Беларусi, шчырым і адкрытым, быў наш Уладыка Філарэт, якога мы, на жаль, страцілі сёння:

– Ён стаяў ля вытокаў нашага сённяшняга свята, асабіста падтрымліваючы ўсіх лаўрэатаў сваім бласлаўленнем. У гісторыі Беларусі Філарэт назаўсёды застанецца прыкладам самаадданага служэння хрысціянскім каштоўнасцям, якія нас аб'ядноўваюць. Ушануем яго памяць хвiлiнай маўчання… Быць яго годнымі нашчадкамі і іншых вялікіх дзеячаў тысячагадовай гісторыі роднай зямлі, захаваць сувязь часоў і эпох, якая стане апорай для новых пакаленняў, – наша агульная мэта.


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на знакі сапраўдных каштоўнасцяў, якія ўмацоўваюць нацыю:

– Няхай узноўлены Тураўскі крыж, як і адроджаны раней крыж Еўфрасінні Полацкай, будзе яшчэ адной унікальнай святыняй, што абараняе нас на гэтым шляху. Сімвалічна, што сёння два крыжы побач на сцэне Палаца Рэспублікі. Я з асаблівым пачуццём гонару і падзякі ўручаю прэмію аўтарам узноўленай нацыянальнай святыні. А таксама іншым нашым суайчыннікам, якія сваімі добрымі і шчырымі справамі сапраўды азараюць наша жыццё святлом беларускай душы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter