Лукашэнка: беларускі народ даказаў, што заслугоўвае суверэннага права вяршыць свой лёс

Успамінаючы герояў вайны, мы заўсёды кажам пра іх мужнасць, гатоўнасць аддаць жыццё за Радзіму. Адзначыўшы гэта, Прэзідэнт падкрэсліў:

Фото: БЕЛТА

— Выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны абудзілі ў народзе невядомыя раней сілы. Але ж узгадавала іх шматвекавая гісторыя несвабоднага жыцця далёкіх продкаў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вытокі нашай незалежнасці бяруць свой пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў:

— Яны ў імкненні Полацкага княства да палітычнай і эканамічнай самастойнасці, у стварэнні на нашай зямлі самага прагрэсіўнага права, у шматлікіх навуковых і духоўных працах, у палітычных поспехах суайчыннікаў — яскравых прадстаўнікоў розных гістарычных эпох. Але так адбылося, што амаль тысячу гадоў выразнікамі нашай волі на беларускай зямлі былі выключна каранаваныя асобы. І толькі ў ХХ стагоддзі на адвечнае пытанне "А хто там ідзе?" знайшоўся лёсавызначальны адказ. У вельмі складаных умовах трох рэвалюцый, Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў на гістарычную сцэну падняўся беларускі народ — мудры і цягавіты працаўнік, праўдзівы абаронца і захавальнік Радзімы. Народ, які фактычна і быў гаспадаром гэтай зямлі, таму што ў жудасныя часы ўсіх войнаў (якіх было нямала) ён самааддана ўставаў на абарону Бацькаўшчыны і заўсёды ведаў, хто яе вораг. Нават не маючы палітычнай самастойнасці, стагоддзямі жывучы пад гнётам культурнай, канфесійнай, палітычнай экспансіі, ён здолеў захаваць сваю этнічную самабытнасць і традыцыі. А гэта і ёсць незалежнасць — тая самая найвялікшая прага да сапраўднай волі, якая жыве ў сэрцы. Яна і дапамагае нам захаваць сувязь з продкамі, роднай зямлёй, зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць, веру і матчыну мову. Менавіта сэрцам беларускі народ заўсёды выбіраў гістарычны шлях і тым самым даказаў, што заслугоўвае суверэннага права вяршыць свой лёс.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter