Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Луг Кругліцы

Луг Круглiцы

Што засталося ад некалi даволi знакамiтага лугу ў нашай невялiчкай, але на той час дастаткова люднай мясцовасцi, дык гэта толькi незабыўная назва — Круглiцы.



Зараз на месцы таго незвычайнага прыроднага цуду шырэзнае калгаснае поле, якое ад блiжэйшай вёсачкi, перакочваючыся цераз пагоркi, iмчыцца праз тыя мясцiны, якiя некалi належалi Круглiцам. Хутчэй за ўсё яно таксама забылася, што тут некалi тое было.

Ад былой прыгажосцi захавалася русла зусiм сцiплай рачулкi, якая бярэ пачатак з даволi плыткага возера з крынiчкамi i ўпадае праз прыкладна паўсотнi вёрст не куды-небудзь, а ў самую знакамiтую, легендарную раку нашай Беларусi — Нёман.


Не, чаму засталася толькi гэтая рачулка? А чалавечая памяць, успамiны, пераказы, якiя сёння хутчэй нагадваюць нейкiя даволi незвычайныя, кранальныя легенды? Каб падыйсцi блiжэй да iх, па-першае, iзноў жа па ўспамiнах мясцовых жыхароў, трэба трошачкi расказаць вам, як выглядаў той самы луг.

Ляжаў ён на прасторнай раўнiннай мясцовасцi, амаль што з усiх бакоў акружаны гаспадарчымi надзеламi хутароў, якiх тут была незлiчоная колькасць. Хаты ды гаспадарчыя пабудовы сярод садоў i агародаў цягнулiся кругаля як хапае вока. Толькi з аднаго боку луг дабягаў да русла зусiм павольнай у сваiм руху рэчкi i спыняўся на яе невысокiх беражках зачараваны цi яе вадзянымi гарлачыкамi, цi зiхаценнем амаль што непрыкметных хваляў у промнях сонца, цi адлюстраваннем бялюткiх воблакаў на блакiтным небасхiле. Дрэў на прасторы лугу амаль што не было. Блiжэй да берага ракi стаялi кусты бэзу i чаромхi, а насупраць iх, на другiм яго ўскрайку, раслi чародкай невысокiя бярозкi, якiя i не думалi цягнуцца да хмараў, а заўсёды выглядалi як падлеткi — стройныя ды маладыя.


Адметнай асаблiвасцю луга, безумоўна, была яго паверхня, калi так можна мовiць — яго твар. Такую паверхню я, можа, потым нiдзе i не бачыў. Выглядала яна даволi незвычайна таму, што наскрозь была ўсыпана невялiчкiмi купiнамi, пакрытымi рознакаляровым iмхом настолькi, што нават кожная паасобку купка ўяўляла сабой месца жыхарства новых i новых iмхоў са сваiмi колерамi i адценнямi. 

Як толькi з’яўлялiся першыя праталiны з-пад снегу i да самых апошнiх без замаразкаў дзён, на лузе вялося няспыннае спаборнiцтва ў росце, цвiценнi, назапашваннi насення, увесь гэты не такi i маленькi час, на працягу добрай чвэрцi года.


Як я ўжо расказваў, луг ляжаў пасярод хутарскiх гаспадарак, i з iх бясконца сюды вадзiлi цi прыходзiла сама незлiчоная колькасць вясковай жывёлiны, пачынаючы ад коней, кароў ды авечак i заканчваючы не менш шматлiкай ардой хатняй птушкi — гусей, качак ды нават курэй, якiх узначальвалi самыя адважныя мясцовыя пеўнi. Луг, як гэта нi дзiўна, не вытоптваўся, не спустошваўся, а заўсёды заставаўся рознакаляровым царствам iмхоў i кветак. Мабыць, гэта i не здзiўляла мясцовых жыхароў, бо ўспрымалася як звычайнае, паўсядзённае, але з вялiкай пашанай i ўдзячнасцю ўсемагутнаму Збавiцелю. Цi гэта не iдэальныя адносiны памiж чалавекам i Прыродай?

Вядома ж, прыходзiлi да Круглiцаў i людзi. Каб забраць дахаты сваю жывёлiну цi птушку, а за справай з суседзямi сустрэцца пагаманiць, папляткарыць трохi, пачуць чужыя навiны цi падзялiцца сваiмi. А як без гэтага? 


Але больш за ўсё тут збiралiся мясцовыя жыхары i госцi з суседнiх вёсак, калi адбывалiся некалькi разоў на год маёўкi ды фэсты. Сталы, праўда, не накрывалiся, для гэтага адводзiлася нейкая асобная хата ў блiжэйшай вёсцы, а вось музык запрашалi. Майстравалi для iх цi прыносiлi ўжо гатовыя лавы. I менавiта там, дзе раслi бярозкi, яны расцягвалi свае гармонiкi i заўзята дулi ў блiскучыя трубы, агалошваючы ўсю наваколiцу гучнымi ўдарамi барабанаў ды бубнаў. Але нават пасля такой колькасцi народу, танцаў, шпацыру i няспыннай бегатнi дзяцей, якiх тут было амаль у тры разы болей за дарослых, луг праз нейкую нядзельку настойлiва вяртаў сваю рознакаляровасць кветкавага ўбрання i неверагодна блiскучай шаўкавiстай травы. Здаецца, яму падабалася адраджаць сваю прыгажосць, каб зноў сустракаць людзей з гасцiннасцю i адкрытасцю ветлiвага гаспадара. Дык як жа так здарылася, што знiк з твару зямлi такi неверагодны i чароўны куточак нашай мiлай глыбiнкi? Адны кажуць, што гэта прыйшоў такi час, такiя абставiны. Спачатку рассялiлi па вёсках хутаранцаў, затым дзякуючы пабудове новай дарогi перасыпалi рэчку, якая з цягам часу абмялела i зарасла травою ды асакою. А следам прыйшлi калгасныя трактары i зааралi гэты цуд як непатрэбны нiкому агрэх. 


Але ж да месца будзе прывесцi i легенду, якую пераказваюць дарослыя ў гэтых мясцiнах. Кажуць, што на адным з хутароў жыла старэнькая бабулька, якую лiчылi вельмi моцнай знахаркай i траўнiцай. Быццам аднойчы яна прадказала, што, калi на Круглiцах з’явiцца мёртвае дрэва, луг i сам неўзабаве знiкне. Спачатку людзi забылiся на тыя словы i ўзгадалi пра iх толькi тады, калi менавiта так усё i адбылося. Падчас адной з маёвак нехта з музыкаў, наўмысна цi не жадаючы таго, пашкодзiў бярозку. Да восенi яна яшчэ змагалася за жыццё, а праз зiму, наступнай вясною ўжо стаяла нежывая, без лiсця. З таго часу, як iзноў жа расказваюць мясцовыя жыхары, пачаўся знос хутароў…


Цi гэта супадзенне, цi ўсё ж тая бабулька прадбачыла гэтыя падзеi, цяжка сказаць. У гэтым выпадку да iсцiны, можа, i не трэба дакопвацца. Абы толькi канчаткова з памяцi чалавечай не знiклi б тыя ўспамiны пра неверагодна прыгожыя Круглiцы. Калi да гэтага я таксама прыклаў сваю руку, то буду вельмi рады таму i нават трошачкi ганарыцца сваёй сцiплай працай.

v-cvirko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter