Луіс Альберта

Памятаеце адзін з першых паказаных па тэлебачанні серыялаў «Багатыя таксама плачуць?» Кожны глядач меў сваё меркаваннне пра серыял, адны героі яму падабаліся, другія — не...

Неяк прыпазніўся я сустрэць сваю карову з пашы. Ведаючы, што яна дужа ахвочая да яблыкаў, якіх багата восеньскай парой, накіраваўся да «нічыйных» яблынь на мяжы. Гляджу — ідзе па сцежцы жанчына з нашай вёскі, нейкая заклапочаная, невясёлая. «Добры вечар, Ганна», — вітаюся. А яна ў адказ: «Ты тут Луіса Альберта не бачыў?»

Нейкае імгненне на маім твары панавала разгубленасць. Затым мільганула думка: «Няўжо ад гэтага серыяла кабета зусім з глузду з’ехала?» Пасля… Ганна зразумела мае думкі і хуценька патлумачыла: «Ты не падумай чаго такога. Гэта баран мой з загончыка збег. Я яго Луісам Альбертам заву». Я ўсміхнуўся: «Не, твайго Луіса Альберта не бачыў, сваю Марыяну шукаю». (Хаця сапраўдная мянушка маёй каровы была Зорка.)

«Дык вунь жа яны — пад яблынямі!» — усклікнула жанчына. І сапраўды: Зорка-Марыяна частавалася яблыкамі, а крыху воддаль гуляў і Луіс Альберта.

Гэтую гісторыю я часта згадваў з усмешкай, а пазней прыйшоў да высновы, што адзін герой вядомага серыяла, відаць, усё ж не вельмі падабаўся Ганне...

Аляксандр МАТОШКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter