Лошніца – гістарычны аграгарадок Міншчыны

Лошніца: ад поля ячменнага да ратнага

Беларускі этнограф Павел Шпілеўскі ў пазамінулым стагоддзі ў сваіх даследаваннях занатаваў, што назва мястэчка Лошніца звязана з гістарычнай асобай — Вітаўтам. У 1395 годзе князь з ваярамі Вялікага Княства Літоўскага спыніліся начаваць на высокім беразе ручая, што ўпадае ў Бярэзіну. Для вяльможы зладзілі і абцягнулі скурамі ложа. Тое ўзвышша атрымала назву Вітагор’е, ручай — Ложа, узніклае паселішча — Ложніца, а пазней — Лошніца.

Знойдзеныя археолагамі старажытныя каменныя прылады працы сведчаць, што тут людзі жывуць з часоў неаліту.

У Люстрацыйным запісе Барысава 1749 года пазначана, што паселішча атрымала назву ад мноства ласёў у навакольных лясах.

Пісьмова мястэчка ўпершыню ўзгадваецца ў 1563 годзе як уладанне Льва Радзівіла ў Барысаўскім старастве Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Кароль польскі Жыгімонт ІІІ дазволіў у ім па суботах ладзіць кірмашы.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Лошніца адышла да Барысаўскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі.

У 1812 годзе пры адступленні начаваў у мястэчку Напалеон. Праездам спыняўся ў паселішчы рускі імператар Аляксандр ІІ.

Статус Лошніцы ў канцы ХІХ стагоддзя паніжаны да вёскі. Яна стала валасным цэнтрам Барысаўскага павета, а пасля ўсталявання савецкай улады — цэнтрам сельсавета і калгаса, рэарганізаванага ў ААТ «Лошніцкі край».

У паселішчы двума помнікамі ўвекавечаны ахвяры Вялікай Айчыннай вайны.

Лошніца адной з першых у Барысаўскім раёне атрымала статус аграгарадка.



Цэнтральная частка ба­рысаўскай Лошніцы, ку­ды мяне прывяла чарговая вандроўка, забудавана шматпавярховымі жылымі да­мамі. Новыя вуліцы ўпрыгожылі сучасныя катэджы. З райцэнтра ў аграгарадок часта курсіруюць маршруткі. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць чатыры сельгаспрадпрыемствы, заводы «Аграмаш» і камбікормавы, аддзяленне чыгункі, іншыя прамысловыя вытворчасці і арганізацыі. Частка жыхароў працуе на прадпрыемствах і ва ўстановах Барысава і Жодзіна.

У двухпавярховым муры пад адным дахам размешчаны сельвыканкам і адміністрацыя ААТ «Лошніцкі край». Побач плошчу ўпрыгожваюць сучасныя будынкі гасцініцы, цэнтра культуры і адпачынку, магазінаў, кафэ.

Пад шатамі высокіх дрэў на пастаменце ўзвышаецца фігура воіна-вызваліцеля. На гранітных плітах выбіты амаль дзве сотні прозвішчаў землякоў, якія не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Каля мемарыяла выкладзены новыя цэментныя ходнікі. Тэрыторыя акуратна прыбрана. На суседняй вуліцы наводзілі парадак рабочыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Рэдкія прахожыя крочылі па тратуарах. Аб’яўленая ў свеце пандэмія закранула аграгарадок, у якім звыш шасці тысяч жыхароў. Зазелянелі газоны, вось-вось пакрыюцца белай пенай квецені сады. Вясновымі клопатамі ахоплены птушкі. З высокіх дрэў, што акружаюць дзіцячую школу мастацтваў, даносілася шматгалосае шчабятанне. У калідоры будынка стаяла цішыня. Дзяжурная паведаміла, што пакуль юныя таленты займаюцца музыкай дома.

Цішынёю сустрэла і гімназія, у якой звыш 300 выхаванцаў. На сотню больш навучэнцаў у сярэдняй школе. Восенню папоўняць установы адукацыі выпускнікі дзіцячых яслей-сада. Наведваюць яго паўтары сотні дашкольнікаў. Столькі ж выхаванцаў і ў дашкольным цэнтры развіцця дзяцей.

У вестыбюлі трохпавярховай сярэдняй школы, што ўзвышаецца на ўскрайку аграгарадка, кінулася ў вочы выказванне геніяльнага Генрыха Гейнэ: «Адзіная прыгажосць, якую я ведаю — здароўе». Дзеля захавання здароўя навучэнцаў прадоўжылі вясновыя канікулы.

Вулачка паміж школьным падворкам і прывабнымі катэджамі спускаецца да шырокай лугавіны. За крайнім падворкам, пад зелянеючымі вербалозам і чаромхай, у раўчуку цурчыць крыштальная крынічная вада. Узгадалася паданне пра князя Вітаўта, які сем вякоў таму са сваім войскам спыняўся ў гэтых мясцінах. Пэўна, ваяры праганялі смагу з чыстага вытоку.

Праз стагоддзі, глыбокай восенню 1812 года, у Лошніцы начаваў з адступаючым войскам Напалеон. Тут ён прыняў рашэнне перафарміраваць падраздзяленні перад адказнай пераправай праз Бярэзіну. Дакладна вядомы падворак, дзе начаваў імператар. Немаладых гадоў мужчына паказаў мне сядзібу, на якой адзінока стаіць драўляны будынак былой аптэкі з пахіснутай верандай. Прытулілася хаціна пад шатамі высокіх дрэў. Ад веснічак да перакошанага дома пратаптана вузенькая сцежка. Паабапал гістарычнага селішча ўзвышаюцца сучасныя катэджы.

Уявіў, як па вуліцы, якая цяпер носіць імя Мічурына, кіравалася на пагорак адступаючае французскае войска. Напалеон разумеў: калі не атрымаецца ўдала пераправіцца праз Бярэзіну, непазбежна акружэнне і поўнае паражэнне. А яму — пажыццёвая ссылка ў Сібір. Разлічваў Банапарт на прыбыццё ў Лошніцу абозу з нарабаванымі ў Маскве багаццямі. Гісторыкі дагэтуль разгадваюць таямніцу знікнення гэтых скарбаў.

Захавалася шмат паданняў, звязаных з гісторыяй гэтых мясцін. Прыцягваюць яны аматараў краязнаўства. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў рачулцы Лошыцы знойдзены наканечнік французскага сцяга. А колькі цікавых знаходак чакае сваёй чаргі!

Спешна пакідаючы Лошніцу, французы спалілі драўляную праваслаўную царкву Святога Архангела Міхаіла. Але вернікі хутка аднавілі яе. У 1898 годзе мястэчка ўпрыгожыла Свята-Духаўская царква. На крутым беразе рачулкі ўзвышаецца новы праваслаўны храм Святога Міхаіла Архангела. Будавалі яго талакою. Правіць у ім протаіерэй Віктар Гулевіч. Унутранае ўбранства надало будынку строгасць і ўзвышаную святасць. Цікава было слухаць расповед святара пра яго жыццёвы лёс. Нарадзіўся ў Гомелі. Бацькі вырашылі назваць сына Міхаілам. Калі яго хрысцілі, бацюшка даў імя Віктар. Хросным бацькам падараваў абраз Жыровіцкай Божай Маці. Мо гэта і прывяло юнака ў Жыровіцкую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння ён атрымаў прыход у міёрскай вёсцы Язна. Потым служыў у храме івацэвіцкай вёскі Аброва. Два дзесяцігоддзі таму пераехаў з сям’ёю ў Лошніцу.

Протаіерэй Віктар ГУЛЕВІЧ. 

Святар шчыра прызнаўся, што пасля дзесяцігоддзяў атэізму цяжка было вяртаць тутэйшых да веры. Здзіўляла, што людзі пры сустрэчах не віталіся. Цярпліва даводзілася выхоўваць культуру зносін. Намесніка старшыні сельвыканкама Анатоля Цімашонка радуе, што аграгарадок прырастае насельніцтвам. З бацькамі ён пераехаў з далёкага Краснаярскага краю на радзіму продкаў. Моцныя рукі Анатоля Васільевіча выдалі яго сялянскае паходжанне. Пасля заканчэння Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума імя У. Лабанка ён адслужыў у арміі. Працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады былога саўгаса «Лошніцкі», кіраваў аддзяленнем Нягновічы. Тры гады ўзначальваў сельвыканкам. Разам з жонкаю Наталляй Адамаўнай паспяхова ўпраўляюцца з хатняй гаспадаркай. Яны трымаюць чатырох кароў. Сена для іх дапамагаюць нарыхтоўваць сыны Сяргей і Валерый. Малочную прадукцыю рэалізуюць жыхарам аграгарадка. У апошнія гады колькасць хатняй жывёлы на сялянскіх падворках змяншаецца.

Намеснік старшыні сельвыканкама Анатоль ЦІМАШОНАК.

Другі год мясцовай уладай кіруе Ірына Гірук. Два аграгарадкі і два дзясяткі вёсак аб’ядноўвае сельсавет. Нядаўна да яго далучылі суседні Навасёлкаўскі. Спраў прыбавілася. Дапамагаюць старасты вёсак. Яны арганізоўваюць людзей на ўборку тэрыторый, пасадку дрэў. Плануецца закласці дзве алеі на Садовай вуліцы Лошніцы. Упрыгожаць дрэўцы і Маладзёжную вуліцу. Кветнік аздобіць пляцоўку перад будынкам сельвыканкама, які рыхтуецца да свайго 100-годдзя.

На высокім пагорку ўзвышаецца белакаменны будынак цэнтра культуры і адпачынку. На сцяне перад парадным уваходам усталявана мемарыяльная дошка. На ёй пазначана, што ў Лошніцы нарадзілася ўрач-афтальмолаг, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, член-карэспандэнт НАН Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета, Герой Сацыялістычнай Працы Таццяна Васільеўна Бірыч. Выхоўвалася яна ў сям’і вясковых інтэлігентаў. Бацька Васіль Самуілавіч у 1900 годзе пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі прыехаў выкладаць у Лошніцкае народнае вучылішча. Тут займеў сям’ю і атабарыўся. У педкалектыве быў адзіны са спецыяльнай адукацыяй. Васіль Самуілавіч адзначаны ганаровым званнем «Заслужаны настаўнік БССР». Пэўна, варты лошніцкі педагог, як і дачка, каб ушанавалі ў аграгарадку прозвішча Бірыч.

У бібліятэцы, размешчанай на другім паверсе светлага будынка, на жаль, сярод стэндаў не ўбачыў ніякіх звестак пра слынных землякоў. Загадчыца Тамара Рутман выдавала чытачам кнігі. Амаль тысяча чалавек карыстаюцца паслугамі бібліятэкі. У суседнім пакоі Анжэла Канашонак вучыла дзесяцігадовую Арыну Янушкевічутэ вырабляць з паперы штучныя кветкі. Пяць дзяўчынак пачаргова абучаюцца ў яе гэтаму майстэрству. Іх вырабамі ўпрыгожаны хол. Родным стаў для Анжэлы Леанідаўны аграгарадок. З Барысава тры дзесяцігоддзі таму пераехала сюды з бацькамі. З тых часоў працуе ў цэнтры культуры і адпачынку. Нядаўна ўзначаліла яго. Культработнікам стаў сын Ягор. Ён кіруе ў райцэнтры адукацыйна-прадзюсарскім цэнтрам «Голас».

Бібліятэкар Тамара РУТМАН (у цэнтры) з чытачамі Таццянай і Аленай ДРАНІЦА.

Дырэктар цэнтра культуры і адпачынку Анжэла КАНАШОНАК і юная ўдзельніца творчага гуртка Арына ЯНУШКЕВІЧУТЭ.

Сапраўдным палацам выглядае будынак цэнтра культуры і адпачынку. Створаны ўсе ўмовы для дзейнасці розных гурткоў. Вакальным ансамблем народнай песні «Медуніца» кіруе выпускніца Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Тамара Марцінчык. Шмат гадоў спяваюць разам Людміла Марозава, Ева Невяроўская, Ніна Кле­шчарова, Ганна Герасімчук, Надзея Жукевіч і Жанна Луферчык. Ансамбль выступаў на абласных «Дажынках» у Барысаве. Самадзейныя артысты рыхтуюць святочнае выступленне да Дня Перамогі.

Тэхнік-масажыст Лошніцкай участковай бальніцы Андрэй АЛІСІЕВІЧ. 

На тэрыторыі сельсавета засталіся тры жывыя франтавікі і сем вязняў фашысцкіх лагераў смерці. На ваеннае ліхалецце выпала дзяцінства Сяргея Балоціна. Нарадзіўся ён на Браншчыне. Узгадаў Сяргей Пятровіч, як маці несла яго на руках у натоўпе аднавяскоўцаў. Фашысты сагналі людзей і на вачах усіх расстралялі 29 чалавек, чые сваякі ваявалі ў Чырвонай Арміі. Стрыечны брат Рыгор у час расстрэлу схаваўся ў дупле старога дрэва. Ён бачыў, як каты забілі маці, чатырох сясцёр і двух братоў. Рыгор падаўся ў дзеючую армію. Пасля вайны прыйшла на яго пахавальная. Галава сям’і нічога не ведаў пра лёс жонкі і дзяцей. Ён з бранскіх лясоў прывёў партызан на Гомельшчыну ў атрад Каўпака. Разам дайшлі да Карпат. Сэрца яго не вытрымала, калі пасля вайны даведаўся пра трагедыю.

Гора не абышло і сям’ю Балоціных. Пасля масавага расстрэлу астатніх жыхароў гітлераўцы таварнякамі адправілі ў створаны лагер. Старэйшы брат Андрэй рызыкнуў уцячы. Ахоўнікі яго забілі. Фашысты намерваліся вязняў выставіць жывым шчытом на Курскай бітве. Чырвоная Армія зламала там хрыбет акупантам, і вязням пашчасціла застацца ў жывых.

Узгадаў Сяргей Пятровіч, як пасля сямігодкі атрымаў прафесію лесніка і працаваў на Поўначы. Паўвека таму з жонкаю Валянцінай Пахомаўнай пераехаў у Беларусь. Выхавалі сыноў Юрыя і Андрэя. Перад выхадам на заслужаны адпачынак Сяргей Пятровіч збіраў жывіцу ў барысаўскіх барах. Аднавяскоўцы выбралі яго старастам. Па яго ініцыятыве ў дварах шматкватэрных дамоў устаноўлены лаўкі, высаджаны дрэўвы, зімою заліваўся каток.

Паўвека разам Валянціна Пахомаўна і Сяргей Пятровіч БАЛОЦІНЫ. 

Задумваў стараста абсталяваць, як у сталічным парку Чалюскінцаў, танцпляцоўку для людзей сталага ўзросту. Шкадуе, што жыхары ідэю не падтрымалі. Два гады таму паўнамоцтвы старасты ён перадаў, але па-ранейшаму клапоціцца пра парадак у аграгарадку. Калі крочылі па вуліцы, ён крытычным позіркам акінуў газон, які аўтамабілісты знішчылі. З павагай гутарылі з Сяргеем Пятровічам пакупнікі і прадаўцы прадуктовага магазіна Барысаўскага хлебакамбіната Людміла Кароткая і Таццяна Ермаловіч. Перад пад’ездам шматкватэрнага дома грэліся пад цёплымі красавіцкімі промнямі сонца два падлеткі. Яны прыветліва павіталіся з намі.

Прадавец прадуктовага магазіна Барысаўскага хлебакамбіната Людміла КАРОТКАЯ.

На завяршэнне вандроўкі з выконваючым абавязкі дырэктара ААТ «Лошніцкі край» Аляксандрам Курэцкім адправіліся на веснавое поле. Механізатар Васіль Баско сеяў яравы ячмень. Вадзіцель Міхаіл Івашкевіч падвёз насенне. Тут жа на полі сустрэлі галоўнага агранома Андрэя Каптура. Пасля атрымання дыплома ў Белдзяржсельгасакадэміі ён чатыры гады ўзначальваў агранамічную службу гаспадаркі. Потым падаўся ў дальнабойшчыкі. На пачатку вясны вярнуўся ў калектыў хлебаробаў.

На сяўбе ранніх яравых культур галоўны аграном ААТ «Лошніцкі край» Андрэй КАПТУР (у цэнтры) з механізатарамі Васілём БАСКО і Міхаілам ІВАШКЕВІЧАМ. 

Як тут не ўзгадаць паэтычныя радкі беларускага класіка Якуба Коласа:

…Зямля дзяцей тваіх не кіне…

Зямля — аснова ўсёй Айчыне.

Барысаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter