Нараўлянскi раён прадставіць падворак «Салодкая смаката»

Ломiцца ад пачастункаў стол

Нараўлянскi раён


У раёне пражывае 12 400 чалавек, 4 тысячы з іх — у сельскай мясцовасці.


Каля 53 працэнтаў тэрыторый займаюць лясы. Асноўныя рэкі — Прыпяць і яе прытокі: Нараўлянка, Мытва, Славечна, Жэлань. У пойме ракі шмат азёр. 


У раёне дзейнічае 10 бібліятэк, дзіцячая школа мастацтваў, раённы Цэнтр рамёстваў, 15 сельскіх і адзін раённы Дом культуры, Гісторыка-этнаграфічны музей. 15 калектываў мастацкай самадзейнасці ўдастоены звання народны і ўзорны.



Раён прадставіць падворак «Салодкая смаката». Яго задумка досыць незвычайная: супрацоўнікі культуры адновяць вядомую сядзібу Данэлія і Гарватаў, якая пабудавана яшчэ ў далёкім 1890-м у стылі позняга класіцызму. 


Цэнтрам падворка стане і аднаўленне фабрыкі, заснаванай панам Гарватам. Яна існуе дагэтуль, вядомая многім — «Чырвоны Мазыранін». Візітная картка — папулярныя цукеркі «Кароўка», «Птушынае малако», касач «Вавёрка», зефір «Бела-ружовы», «Мішутка», мармелад «Карусель» і іншыя. Гэтая частка выставы размесціцца справа ад будынка хаты. Пры жаданні госці змогуць паспрабаваць усе ласункі. 


Добрымі пачастункамі здзівяць і працаўнікі РДК, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Яны таксама ў адказе, чым смачна накарміць людзей.


На працоўным стале ў дырэктара ЦБС Іны Ільяш спіс. У ім 24 стравы:


— У асноўным выпечка: блінцы з тварагом, аладкі, піражкі з яблыкамі, павідлам. У такую пару — канец лета — асабліва шмат яблык, вось і выкарысталі іх як начынне для панскіх страў. Рыхтавалі ў печы піражкі з яблыкамі і простыя пасялкоўцы, мая бабуля таксама, — успамінае Іна Уладзіміраўна.


Сярод тых, хто прыгатуе для «Салодкай смакаты» пачастункі, шэсць працаўнікоў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Яны ж стануць і афарміцелямі салодкага стала. Гэта важна, бо трэба ўмець расставіць ласункі менавіта так, як дыктуюць традыцыі. Іна Уладзіміраўна абяцае: «Страў прыгатуюць столькі, што будуць гнуцца сталы! Ніхто не пойдзе ад нас галодны». 


Злева ад палаца сустрэне мастак, які здзівіць сваімі творчымі здольнасцямі. Ён за лічаныя хвіліны намалюе любога жадаючага. Ну а крыху далей свае таленты прадэманструюць майстры падворкаў. Яны выступяць з майстар-класам па вышыўцы, выцінанцы, саломапляценні, вырабу лялек.


«Сялянскія скарбы кладзём на музыку»



На фестывалi ў Ляскавічах раён прадставіць народны фальклорны ансамбль «Скарбніца», у рэпертуары якога больш за 100 песень. Заснавальнік і ўжо каля 30 гадоў яго нязменны мастацкі кіраўнік Ніна ГАРЦМАН.




— 40 гадоў, — гаворыць яна, — працую ў культуры, таму ведаю густ і перавагу нашых гледачоў. На фестываль выбралі тыя песні, што сапраўды адлюстроўваюць характар палешукоў. У нас, лічу, унікальная праграма, звязаная з жыццёвым укладам сялян.


Ансамбль адзін з нешматлікіх не толькі ў раёне, але і на Палессі, ствараўся непасрэдна пасля чарнобыльскай трагедыі — у 1987 годзе. Знайсці аднадумцаў і аб’яднацца — яшчэ палова справы. Трэба было даказаць усім, што рэпертуар незвычайны. Даказалі, падрыхтаваўшы праграму песень з унікальнай лірычнай афарбоўкай. 


— Ніна Паўлаўна, калі вы зацікавіліся мясцовым фальклорам?


— Калі працавала мастацкім кіраўніком у сельскім клубе вёскі Антонаўка. Разам з калегамі пачалі збіраць і запісваць песні. Адначасова яшчэ арганізавала ансамбль «Спадчына», толькі зараз ён адышоў да іншага кіраўніка. У мяне засталася «Скарбніца». Некаторыя песні гучаць дзесяцігоддзямі, атрымліваюць новае гучанне.


 Адна з найстарэйшых удзельніц — Любоў Сцепаненка. Выдатны альт у Валянціны Ядчанка, сапрана — у Святланы Бяловай. Акампаніятар Юрый Рослік. У мінулыя гады на яго месцы працаваў Васіль Абрамовіч, зрабіў, дарэчы, аранжыроўку, якую прадставіў кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.І. Цітовіча Міхаілу Дрынеўскаму. Зараз і рэспубліканскі хор выконвае песні «Скарбніцы».


— У якіх гарадах выступалі?  


— І не злічыць. У Лельчыцах на фэсце «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных», у Тураве на Дні пісьменства, у Рагачове на свяце «Фальклор», у Гомелі на «Сожскім карагодзе»…


— А для работнікаў на жніве спявалі?


— Перад хлебаробамі пастаянна выступаем. Іншы раз у дзень прыходзілася даваць па некалькі канцэртаў. Адчуваецца, што ім падабаецца. Настрой людзям уздымаем, яны задаволеныя потым працаваць ідуць. 


Дарэчы, у 1990 годзе ансамблю прысвоена званне народны. З 1987 па 1994 год калектыў мяняўся тры разы. У 2013-м даў больш 120 канцэртаў. 


Фантазіі Марыны і Марыі



Нараўлянскiя майстры чаго толькі не ўмеюць — і рэжуць па дрэве, і плятуць з лазы, бяросты і саломкі. Марыя ІЖАКОЎСКАЯ — майстар раённага Цэнтра рамёстваў — імкнецца ахапіць усе віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На «Зове Полесья» з калегай Марынай МУСІНЕНКА прадставіць тэкстыльна-панчошную тэхніку. Плануе прывезці на фестываль усю сям’ю сваіх лялек, а іх каля 20 штук. 


нары 2.jpg



Лялькі для Марыі — хобі, займаецца імі ўвесь вольны час. На працы ж, у Цэнтры рамёстваў, вядзе гурток «Умелыя ручкі», вучыць дзяцей лозапляценню.


Справа гэта працаёмкая, але карысная. Заўсёды спатрэбіцца. Бо з кошыкам, зробленым сваімі рукамі, прыемна і ў лес за грыбамі, і ў краму за прадуктамі хадзіць, лічыць Марыя.  


У Цэнтры рамёстваў працуюць і іншыя гурткі, не толькі для дзяцей, але і для дарослых: «Залаты праменьчык» — па саломапляценні, «Майстар» — па кераміцы, «Пацеркавая фантазія» — праца з пацеркамі, «Вытокі» — клуб народных майстроў.


Вырабы цэнтра добра ведаюць і ў Мінску. Сваю экспазіцыю – сям’ю беларускіх лялек, аплікацыі, выцінанкі, рэчы з лазы — дэманстравалі ў ліпені на выставе-кірмашы «Беларускі сувенір» ля Палаца спорту.

Падрыхтаваў Канстанцін КАВАЛЁЎ, «СГ» 


Фота аўтара і з архіва райвыканкама 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter