Лоеўскі Марс

Аднойчы, вяртаючыся з Лоева, заглянуў у пасёлак Марс, дзе ў 1930 годзе быў створаны калгас пад назвай пасялення, разгаварыўся з першым сустрэчным мужчынам паважанага веку і пацікавіўся, хто і калі так назваў яго.

Землямер Ружыцкі захапляўся астраноміяй і дапамагаў ахрышчваць свае хутары перасяленцам

Аднойчы, вяртаючыся з Лоева, заглянуў у пасёлак Марс, дзе ў 1930 годзе быў створаны калгас пад назвай пасялення, разгаварыўся з першым сустрэчным мужчынам паважанага веку і пацікавіўся, хто і калі так назваў яго.

— Па шчырасці, дык не ведаю, — хітравата ўсміхнуўся ён і дадаў: — Дакладна скажу толькі вось што. Як быў маладым, дык на сваіх дваіх лятаў да каханкі на Венеру. Пры жаданні такім жа макарам трапляў у сузор’е Казярога. А калі б асабліва прыспічыла, дык, пры тым сваім характары і не ведаючых стомы ў тупалках, мог асмеліцца заглянуць у кратэр Вулкана і даведацца, як жыве і паводзіць сябе канкрэтны Везувій.

Чалавек з гумарам, які, як аказалася, не так даўно выкладаў мову і літаратуру ў адной са школ раёна, усё ж прапанаваў сваю версію па маім пытанні. Населеныя пункты з касмічнымі назвамі на карце раёна, сказаў ён, з’явіліся дзесьці ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Звязана гэта было з тым, што сяляне ў пошуках зямлі пакідалі буйныя населеныя пункты і сяліліся на вольных урочышчах і расцяробах, там, дзе можна было, як пісаў народны паэт Беларусі, “прыдбаць свой кут”. “А тых вольных земляў мелася як кату наплакаць, — з ранейшым гумарам закончыў свой аповед настаўнік-пенсіянер. — Мяне больш за ўсё ўражвае тое, што пры стварэнні марсіянскага калгаса прапаноўвалася, каб калектыў насіў імя вядомага бальшавіка, а людзі настаялі на тым, каб ён жыў і дзейнічаў пад назвай пасёлка”. Дарэчы, у Вулкане першы калгас таксама атрымаў назву “Вулкан”.

Версію аб часе з’яўлення вёсак з касмічнымі назвамі ўскосна пацвердзіла камісія па стварэнні раённай гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”. У архіве камісія атрымала копію прашэння адстаўнога унтэр-афіцэра У. С. Грыгорава да мінскага губернатара ад 2 лютага 1917 года на дазвол яго сям’і перасяліцца ў Сібір, бо, як ён пісаў, “положение мое становится крайне стесненным за неимением собственной земли, ибо все свободные земли в Ручаевской вол. Речицкого уезда уже зацурованы, а ремесло мое исключительно хлебопашество”.

Пазней стала вядома, што аўтарам незвычайных назваў пасяленняў быў землямер па прозвішчы Ружыцкі, які захапляўся астраноміяй і з улікам гэтага дапамагаў пасяленцам новых мясцін ахрышчваць іх хутары, якія пазней перарасталі ў пасёлкі і вёскі. Той жа землямер, напэўна, дабіраўся да цяперашніх Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў, дзе таксама пакінуў па аднаму Марсу, якія, на жаль, спынілі сваё існаванне. А вось у Лоеўскім раёне радаслоўная пасяленняў з незвычайнымі назвамі працягваецца: на яго тэрыторыі па-ранейшаму існуюць касмічныя Марс з Казярогамі і зямныя Вулкан з Везувіем. Загадкавая Венера знікла ў 1957 годзе. Апошнія яе жыхары пераехалі ў вёску з не менш цікавай і надзвычай рэдкай назвай — Чаплін. Маглі б знікнуць і Казярогі з Марсам, але, на шчасце, першыя пасяленцы і іх нашчадкі здолелі перанесці ўсе нягоды і выпрабаванні, бо былі працавітымі і надзвычай вынослівымі людзьмі.

Казярогі, напрыклад, першая згадка пра якіх датавана 1850 годам, паміж жыццём і пагібеллю стаялі ў гады калектывізацыі. У гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Лоеўскі раён” пералічваюцца прозвішчы трыццаці пяці сем’яў, якія былі раскулачаны і высланы за межы рэспублікі. Пад рэпрэсіўную машыну тады трапілі не толькі самі так званыя кулакі, шкоднікі, контррэвалюцыянеры і здраднікі, але і іх сыны, дочкі, а таксама нявесткі, якія ў большасці сваёй жылі і вялі гаспадаркі асобна ад бацькоў і свёкраў.

Аб рызыкоўнасці і адважнасці сялян таго часу сведчыць такі прыклад. Нягледзячы на самыя жорсткія прысуды, звязаныя з высяленнем у Сібір, абкладаннем цяжкімі дадатковымі падаткамі, грамадзянін Х. Склема на сялянскім сходзе сказаў, а сакратар сходу запісаў наступнае: “Мне здаецца, што кулакоў патрэбна пакінуць у калгасе. Вы лічыце кулакоў шкоднай травой, але ж “шкодная трава” можа нам спатрэбіцца... Як жа я буду супраць Склемы Мітрафана, калі ён мне хлеб даваў, за які я ў яго працаваў”. Больш таго, “шкодная трава” пакінула створанаму ў 1930 годзе калгасу ажно чатыры ветракі, на якіх яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны ён размолваў зерне для калектыўных фермаў.

Пад рэпрэсіі і высылку траплялі нават тыя сяляне, якія “мелі ўсе прыкметы кулацкіх гаспадарак”: малатарні, сады, гандлявалі яблыкамі, майстравалі і прадавалі сані... У пратаколах гэта гучала так: “гандлюе коньмі, маскіруецца пад бедняка”, ”сістэматычна здае дом у арэнду пад валёначную майстэрню”, “карыстаецца наймавай працай і даходамі ад саду”, “мае палову малатарні, якую здае ў эксплуатацыю”...

Людзі і вёска выжылі, бо ўмелі працаваць, аддана любілі свой край, у якім душой зліліся спакойны Сож з сівым Дняпром.

Яшчэ больш страшны лёс, чым у перыяд калектывізацыі, напаткаў казярожцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. З даваенных 185 двароў вёскі фашысты спалілі 166 і загубілі 27 жыхароў. З франтоў не вярнулася 97 мужчын і маладых, амаль што бязвусых хлопцаў. У дадатак у баях за вызваленне Казярогаў 17 кастрычніка 1943 года загінула 276 воінаў 65-й арміі Беларускага фронту, якія пахаваны ў брацкай магіле ў вясковым скверы. Сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза Уладзімір Васільевіч Гусеў, Іван Андрэевіч Мардасаў, Сямён Аляксеевіч Папоў, Мікалай Кірылавіч Раманаў, узбекскі паэт кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” (1939 год) і Айчыннай вайны 2-й ступені Султан Джура.

Казярожцы, як і лоеўцы (вёску і райцэнтр раздзяляюць толькі 8 кіламетраў), ганарацца, што ў іх краі ўздоўж Дняпра ёсць залежы фарбавых і жалезных руд, рознакаляровыя гліны і кварцавыя пяскі. Менавіта ў гэтым кутку яшчэ ў 1909 годзе прамысловец Кандакоў пабудаваў завод сухіх мінеральных фарбаў — охры, сурыка, муміё, умбры. У 1929 годзе тут была закладзена першая ў Беларусі шахта, узнятая з якой парода пераўтваралася ў роўназначную па якасці охру сусветна вядомай французскай фірмы. Дарэчы, тады завод “Фарбацвет” перайшоў у падпарадкаванне Усесаюзнага аб’яднання хімічнай прамысловасці і па рэках адгружаў сваю прадукцыю ў розныя куткі Савецкага Саюза і нават за яго межы. Сёння аб аднаўленні вытворчасці фарбаў на Лоеўшчыне размова не вядзецца, а вось наяўнасць якасных глін дазволіла зусім нядаўна пабудаваць сучасны цагельны завод.

“Мы вечныя, як сузор’е Казярога”, — жартуюць казярожцы і жыхары суседніх населеных пунктаў.

Мікола ЕРМАКОЎ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter