«Восьмерка» среди буйков, спасение утопающего, швартовка: как мы принимали зачет на право управлять моторным судном

Лодка, правілы, матор!

Рыбакi радуюцца: скончыўся сезон нерасту, i яны атрымалi поўнае права спускаць на ваду свае маторкi i «казанкi». Асаблiва зачакалiся тыя, хто любiць актыўны рух, а не спакойную дрымоту ў чароце. Самы час лавiць на спiнiнг драпежных рыб, якiя рэагуюць на хуткую блешню-прынаду. Аднак выхад на ваду на маламерных суднах прадугледжвае выкананне многiх правiлаў, сярод якiх — абавязковая наяўнасць выратавальных камiзэлек, тэхнiчнага агляду ўсiх маторных лодак i вяслярных грузападымальнасцю 225 кг i больш, а таксама правоў на кiраванне, калi магутнасць матора лодкi перавышае 3,7 кiлавата, або 5 конскiх сiл. Адсутнасць апошнiх цягне штраф у памеры ад 5 да 10 базавых. Карэспандэнт «Р» пераканалася, што законапаслухмяных рыбакоў, якiя жадаюць атрымаць правы на кiраванне маторкай, хапае.

Пры выкананні заданняў неабходна ўлічваць хуткасць і кірунак ветру, хвалі.

 Выпрабаванне вадой

Практычны экзамен мiнскiя прэтэндэнты здаюць на Камсамольскiм возеры. Каля выратавальнай станцыi Асвода прадугледжаны ўсе ўмовы для гэтага: лодка «Нёман» з маторам магутнасцю ў 20 конскiх сiл, зручны прычал, спецыяльныя буйкі, сярод якiх будучыя вадзiцелi павiнны лавiраваць, каб паказаць сваё майстэрства.

— Экзамен на права кiравання маламерным суднам падобны да таго, якi здаюць аўтамабiлiсты, i складаецца з тэарэтычнай i практычнай частак. Толькi тэорыю тут здаюць не з дапамогай камп’ютара, а выцягваючы папяровыя бiлеты. Дзесяць пытанняў, 20 хвiлiн на разважаннi, дапускаецца адна памылка, —
расказвае Мiкалай Скiпар, дзяржаўны iнспектар Мiнскага ўчастка Дзяржаўнай iнспекцыi па маламерных суднах (ДIМС). — Пералiк пытанняў ёсць на афiцыйным сайце арганiзацыi, але магчымы варыянты пры iх фармулёўцы ў бiлетах. Практычным навыкам прэтэндэнты вучацца каля месяца, а некаторыя здаюць экстэрнам, пасля самападрыхтоўкi.

Непасрэдна перад экзаменам «ацалелыя» пасля тэарэтычнага выпрабавання праходзяць iнструктаж па тэхнiцы бяспекi, атрымлiваюць выратавальныя камiзэлькi, прадстаўляюць неабходныя дакументы.

— Перш за ўсё трэба з усiмi мерамi засцярогi адысцi ад пiрса, здаючы задам, i выйсцi на акваторыю. Там вакол двух буйкоў неабходна выпiсаць поўную «васьмёрку», затым развярнуцца i на невялiкай хуткасцi падысцi да аднаго з буйкоў, каб дакрануцца да яго рукой. Гэта дзеянне iмiтуе выратаванне на вадзе, — Канстанцiн Наваходскі, дзяржаўны iнспектар Мiнскага ўчастка ДIМС, надзявае камiзэльку, каб прымаць экзамен на вадзе. — Затым экзаменуемы абыходзiць буёк i вяртаецца, прышвартоўваецца да пiрса. Вось i ўсё!


Гучыць сапраўды нескладана, але пры выкананнi заданняў неабходна ўлiчваць хуткасць i кiрунак ветру, хвалi, якiя i на Камсамольскiм возеры досыць актыўна гайдаюць лодку. Пры неспрыяльных умовах надвор’я, бывае, каб крануць буёк, трэба ўмець i дрэйфаваць, i якар кiнуць.

33 караблi лавiравалi, лавiравалi…

Каб здаць практычнае выпрабаванне, на пiрсе сабралася чалавек пятнаццаць, усе — мужчыны рознага узросту. Большасць з iх рыбакi. Дзяўчаты экзамены на права кiравання маторнай лодкай здаюць значна радзей. Дарэчы, навучанне каштуе 169 рублёў, за тэарэтычны экзамен давядзецца заплацiць 16,55 рубля, а практычны, з улiкам палiва, абыдзецца ў 28 рублёў 18 капеек. Яшчэ 27 рублёў, або адну базавую велiчыню, каштуе прыгожае пасведчанне.


— Не забываемся надзець на левае запясце шнур аварыйнага прыпынку, а калi выходзiм з лодкi, не забываемся яго зняць! — атрымлiваюць курсанты апошнiя перад экзаменам рэкамендацыi. — Таго, хто церпiць бедства, «хапаем» правай рукой. На швартоўку заходзiм пад вуглом 45 градусаў. За два вiзуальныя метры да пiрса пераводзiм матор у нейтральнае становiшча.

I гэта яшчэ не ўсё: супрацоўнiк станцыi Асвода на маторцы наглядна дэманструе, як трэба праходзiць памiж буйкамi i швартавацца. Тым не менш першы прэтэндэнт спачатку трымаецца за румпелем няўпэўнена. Але ў яго ёсць дзве спробы, i з другой ён спраўляецца i з хваляваннем, i з новай лодкай. Здаў!

— Я не рыбак, проста хачу ўмець кiраваць лодкай, — ступiўшы на пiрс, расказвае Андрэй. — На вадзе збiраюся бавiць вольны час. Гэтым летам буду адпачываць на Прыпяцi. Цi было цяжка? Ну так… На лодцы, якой я вучыўся кiраваць, румпель рухаўся iнакш, лягчэй.


Вакол ужо сабраўся натоўп з курсантаў, якiя ловяць кожнае слова Андрэя аб асаблiвасцях кiравання «Нёманам» — нi даць нi ўзяць студэнты каля аўдыторыi, што накiдваюцца на таварыша з пытаннямi, на чым «валiць» выкладчык.

Тым часам шнур аварыйнага прыпынку накiдвае на левае запясце Пётр. Шнур, якi яшчэ называюць чэка, рэч надзвычай карысная: пры падзеннi за борт кiроўца моцна тузане за шнур, i матор адразу заглухне. Пётр якраз заядлы рыбак, у яго ўжо i лодка надзiманая ёсць, а як толькi атрымае правы, купiць i матор. Прыпяць, Бярэзiна, Нёман — на такiх вялiкiх рэках i транспарт патрэбны сур’ёзны. Да гэтага маладому чалавеку даводзiлася кiраваць толькi маленькай лодкай са слабым маторам. Але, нягледзячы на парывы ветру, з выпрабаваннем ён спраўляецца.

— Часам бывае, што i не здаюць экзамен: расхвалявалiся, разнервавалiся, — расказвае Канстанцiн Наваходскi. — Мiж тым на вадзе ўжо нiякiх падказак быць не можа. Праблема ў тым, што многiя прывыкаюць хадзiць на малых абаротах на слабым маторы i губляюцца, калi даводзiцца садзiцца ў лодку з маторам у 20 конскiх сiл.


Гэты экзамен нiхто не правалiў. Верагодна, на працягу лета наваспечаныя вадзiцелi не раз сустрэнуцца з iнспектарамi на вадзе, калi тыя будуць кантраляваць iх паводзiны. Такiя манiторынгi ДIМС праводзiць пастаянна.

— З пачатку сезона ў краiне ўжо арганiзавана 27 рэйдаў, выяўлена 18 парушальнiкаў правiлаў паводзiн на вадзе, —
зазначыў Юрый Аляксеенка, начальнiк ДIМС Мінскай вобласці— Асноўнае парушэнне — адсутнасць выратавальных камiзэлек. А вось тых, хто iмкнецца ўзяцца за румпель нецвярозымi, становiцца ўсё менш. Магчыма, справа ў тым, што вадзiцель лодкi, злоўлены ў стане алкагольнага цi наркатычнага ап’янення, пазбаўляецца правоў на кiраванне не толькi маторнай лодкай, але i аўтамабiлем — пры яго наяўнасцi. Як i машына на дарозе, лодка на вадзе з’яўляецца крынiцай павышанай небяспекi.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter