
Каляровая, з глянцавымі старонкамі і прывабнымі малюнкамі, гэта кніга раскрывае краявіды вясковага жыцця і зачароўвае чытачоў. Прычым на сакавітай беларускай мове — праз творы можна пачэрпнуць многа адметных слоў. Напрыклад, вакацыі — значыць канікулы. Паняцці раўнапраўныя, а лексікон пашыраецца. Аднак галоўная задумка аўтара — паказаць летнія забавы гарадской дзяўчынкі Лізы, якая адчула смак вясковага жыцця, хоць спачатку ёй было складана ўявіць, як гэта адбудзецца.

У першай частцы кнігі — вершы, загадкі, небыліцы, дражнілкі, пужалкі, скорагаворкі. У другой — апавяданні, што раскрываюць унутраны свет галоўнай гераіні. Тут гульні і забавы, прыгоды і адкрыцці… Усё пачалося з карэты, якую так лагодна «падаў» дзядуля, сустракаючы сваю прынцэсу з горада. У сасонніку стаяў запрэжаны каняка з доўгай белай грывай. У вёсцы ў Лізкі ўсё задалося з першай жа раніцы.
«Раніца спявала. Праз адчыненае акно ў пакой даносіліся незнаёмыя гукі вясковага жыцця. Усё квахтала, пішчала, рыкала, фыркала, лапатала крыламі і кукарэкала. І, канешне, абяцала столькі цікавых адкрыццяў і здарэнняў! «Шлоп, шлоп», — босыя ногі панеслі Лізку на пах бліноў. У акне, як і ў талерцы, спела ранішняе сонца».
Іна Фралова адказна ставіцца да тэмы патрыятызму, бо сувязь пісьменніка са сваім грамадствам і грамадзянствам непарыўная. Аўтар стараецца ў творах, асабліва для дзяцей, нагадаць пра подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, заглыбіцца ў гістарычную тэматыку.
Так, у «Вясковых вакацыях» героі знайшлі старажытны куфар, з дапамогай якога раскрываюцца звесткі пра знакамітага земляка, гуманіста-асветніка Васіля Цяпінскага, пра выдадзенае і перакладзенае ім на беларускую мову Евангелле. А Лізка знаёміцца з бабай Нінай, якая перажыла ваеннае ліхалецце і прыгадвае пра гэта са слязамі на вачах. У кніжцы перададзены менталітэт нашага народа і хараство вясковага жыцця.
basikirskaya@sb.by