Паслабленні для бізнеса: ліцэнзій будзе менш, але адказнасць застанецца ранейшай

Ліцэнзій стане менш

Падыходы да ліцэн­за­вання шэрага відаў дзей­насці прапануецца істотна змяніць. Для гэтага ўнесці змяненнi ў профільны Указ № 450. Якія менавіта, абмяркоўвалі ўчора на пасяджэнні рабочай падгрупы па скарачэнні колькасці ліцэнзуемых відаў дзейнасці пры Саўміне пад кіраўніцтвам першага намесніка Прэм’ер-міністра Васіля Мацю­шэў­скага.


Узгодненую з міністэрствамі і бізнесам пазіцыю прадставіў дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Пётр Арушаньянц. Ён не скрывае: пытанне, што адносіць да ліцэнзавання, а што не — вельмі дыскусійнае. Бо спрашчэнне гэтай сферы ідзе даўно. Так, за апошнія 3—4 гады колькасць працэдур у краiне была скарочана ў 1,5 раза. Па стане на пачатак 2017-га ў нас падлягаюць ліцэнзаванню 36 відаў дзейнасці, якія ўключаюць 192 работы і паслугі. Пакінуць прапануецца толькі тыя, якія тычацца здароўя і жыцця грамадзян, i пытанні дзяржаўнай бяспекі — эканамічнай, сацыяльнай і іншых. Пакуль Мінэканомікі атрымала папярэднюю згоду па адмене ліцэнзавання паслуг псіхалагічнай дапамогі і кантролю радыёактыўнага забруджвання.

— Што тычыцца іншых відаў дзейнасці, на жаль, мы не знайшлі разумення. Трэба адзначыць, што супернікамі адмены ліцэнзавання часта з’яўляюцца не толькі дзяржорганы, якія не хочуць страціць нейкія функцыі. У асобных выпадках не хоча адмены сам бізнес, — дзеліцца назіраннямі Арушаньянц.

Для тых ліцэнзуемых відаў дзейнасці, якія застаюцца, плануецца шэраг мер па спрашчэнні працэдуры. Для тых, што не трапяць у лік абавязковых, прапануецца або поўнасцю адмяніць ліцэнзаванне, або прапанаваць менш жорсткія механізмы.

У сваю чаргу кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Яраслаў Раманчук прапанаваў яшчэ больш лібералізаваць ліцэнзаванне:

— На мой погляд, трэба пакінуць тыя, якія датычацца жыцця і здароўя грама­дзян. Калі мы ўключаем пытанні бяспекі, пачынаецца шмат інтэрпрэтацый. Пад гэтай маркай можна ўсё што заўгодна прасунуць — ёсць рызыка зарэгуляваць рынак. Другі момант — калі сам орган ажыццяўляе эканамічную дзейнасць і выдае ліцэнзію, атрымліваецца канфлікт інтарэсаў. Каб гэтага пазбегнуць, варта прадугледзець працэдуру стварэння незалежнага агенцтва, якое будзе займацца выдачай усіх відаў ліцэнзій.

Як палепшыць умовы для вядзення бiзнесу, учора думалi i ў Мiнтрансу. Ведамства плануе ўнесці прапановы па спрашчэнні каля 200 нарматыўных актаў у сферы транспартнай дзейнасці. Да прыкладу, будзе перагледжаны ў бок змяншэння пералік патрабаванняў, неабходных для атрымання ліцэнзіі на перавозку пасажыраў. Разглядае ведамства і магчымасць адмены дарожных лістоў для кіроўцаў, што перавозяць грузы і людзей.

Зрэшты, прыняцце такога рашэння не здыме з бізнесу адказнасці за якасць паслуг, выкананне патрабаванняў да стану здароўя кіроўцаў, тэхнічнага стану аўто. Сітуацыя будзе падвергнута сур’ёзнаму аналізу, калі адбудзецца якое-небудзь здарэнне з удзелам гэтага аўтамабіля, распавёў журналістам па выніках пасяджэння групы па скарачэнні аб’ёму тэхнічных і іншых патрабаванняў у транспартнай сферы міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак. Паводле яго слоў, таксама плануецца ўнесці шэраг змяненняў у кантрольную і наглядную дзейнасць. Гэта датычыцца адмены планавых праверак у працэсе перавозкі.

— Мы прапануем колькасць праверак транспартнай інспекцыі звесці да мінімуму, а правяраць, наколькі выконваецца заканадаўства па бяспецы, калі адбудзецца здарэнне, — растлумачыў міністр.

Ён звярнуў увагу: ёсць шэраг пытанняў, якія нельга так проста ўзяць і адмяніць, спрасціць. Бо яны ўвязаныя з міжнародным заканадаўствам, і узятыя міністэрствам абавязацельствы павінны беспярэчна выконвацца.

druk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter