95 лет назад отдельным изданием вышла научно-фантастическая повесть Янки Мавра «Чалавек ідзе»

Літаратурны падарожнік

Гэты твор прымушае зазірнуць у глыбіню стагоддзяў, паглядзець, як жыў чалавек у першабытныя часы, калі толькі пачынаў станавіцца на ногі і не ўмеў нават лавіць рыбу і паляваць. Героі аповесці яшчэ не валодалі маўленнем, аднак маглі перажываць моцныя пачуцці і траплялі амаль у тыя ж сітуацыі, што і мы. Лічыцца, што менавіта гэты твор паклаў пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у нашай літаратуры.
 
Сапраўднае імя пісьменніка — Іван Міхайлавіч Фёдараў. Ён нарадзіўся 11 мая 1883 года ў горадзе Лібаве (зараз Ліепая ў Латвіі). Яго бацька рана памёр. Малы Янка разам з маці прыехаў на яе радзіму ў вёску Лебянішкі Ковенскай губерніі. Там скончыў пачатковую школу, а затым Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю, з якой яго выключылі з апошняга курса «за вольнадумства». Аднак яму ўдалося экстэрнам здаць экзамены і атрымаць пасведчанне настаўніка.

У 1906 годзе, калі Фёдараў працаваў у вёсцы Бытчы на Барысаўшчыне, разам з Якубам Коласам ён удзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Судовае разбіральніцтва па гэтай справе доўжылася два гады, Івана Міхайлавіча адхілілі ад педагагічнай дзейнасці і ўзялі пад нагляд паліцыі. Толькі ў 1911 го­дзе яму ўдалося ўладкавацца выкладчыкам у прыватную гандлёвую школу. Настаўніцкую дзейнасць ён завяршыў у 1930-м, калі перайшоў на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва.

Як літаратар дэбютаваў у 1923 го­дзе — друкаваў фельетоны ў газеце «Советская Белоруссия» і ленінградскім часопісе «Бегемот». Але ж у душы ён заставаўся настаўнікам. Уменне размаўляць з дзецьмі на адной мове стала падмуркам для напісання мноства цікавых твораў для юных чытачоў. Сярод іх — аповесць «Чалавек ідзе», якую аўтар і падпісаў упершыню псеўданімам Янка Маўр. Чаму Маўр? Адказ на гэта пытанне вы знойдзеце на старонках яго прыгодніцкіх твораў. Аўтар заўсёды выступаў як абаронца правоў жыхароў Паўночна-Заходняй Афрыкі, быў інтэрнацыяналістам. За мяжу не выязджаў, аднак дзякуючы пісьменніцкаму таленту «перасяляў» чытачоў і ў джунглі, і на трапічныя астравы.


Падчас Вялікай Айчыннай вайны Янка Маўр быў у эвакуацыі — спачатку ў Навасібірску, потым у Алма-Аце. Вёў сяброўскую перапіску з Якубам Коласам. Дарэчы, Маўр стаў правобразам настаўніка Івана Тадорыка ў трылогіі Коласа «На ростанях».

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ

♦ Янка Маўр захапляўся эсперанта — штучнай мовай, прызначанай для міжнароднага карыстання. Пісьменнік вёў на эсперанта перадачу на беларускім радыё.

♦ Хатняя бібліятэка пісьменніка была адной з лепшых у даваенныя часы ў Беларусі.

♦ Іван Міхайлавіч любіў ездзіць на веласіпедзе, добра іграў на скрыпцы.

♦ На сваёй дачы пад Мінскам Янка Маўр пабудаваў будан-кабінет з лазы. Пісаў кнігі, звесіўшы ногі ў ваду ракі Свіслачы, і ўяўляў сябе на беразе акіяна.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter