Як жывуць жыхары вёсак Шніці і Шпакі

Лiсты з гарадоцкага раёна

«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Падпішуся пад кожным гэтым словам Алеся Ставера. Бо ў іх святая праўда. Якую сама спасцігла ў час шматлікіх журналісцкіх вандровак па любімай краіне. Яна невялікая, але кожны яе рэгіён, ды што рэгіён, вёска адна на другую не падобная, у кожнай ёсць нешта сваё, адметнае.

Гарадоцкі раён, адзін з самых буйных у краіне, не выключэнне. Гэта цудоўны край са сваім асаблівым насельніцтвам, непаўторным «паўночным» кліматам, незвычайнай прыродай. Такое ў памяці застаецца назаўсёды. Як і тыя 89 мемарыялаў і велізарных помнікаў салдатам і мірным жыхарам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Страшна ўявіць, што каля двухсот вёсак было часткова ці поўнасцю спалена, у тым ліку з насельніцтвам. Яны ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Дзевяць жыхароў Гарадоцкага раёна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Цяпер тут 8 сельгасарганізацый, 3 прадпрыемствы, 10 сельскіх Саветаў, 10 аграгарадкоў і 341 вёска. Адным з іх яшчэ жыць ды жыць. Гісторыя другіх, на жаль, заканчваецца. І гэта таксама балюча. І трэба зрабіць усё магчымае, каб працэс гэты запаволіць. Падтрымліваць і развіваць менавіта такія невялікія вёскі, прыводзіць іх у парадак, ствараць там інфраструктуру патрабуе і Аляксандр Лукашэнка.

Вось мы і пастараемся паказаць, як жывецца сёння чалавеку і ў звычайнай вёсцы, і ў перспектыўным аграгарадку, паглядзім, што трэба зрабіць, каб жыццё тут было больш упарадкаваным. Каб людзям, тым, хто тут калісьці нарадзіўся, альбо іх дзецям і ўнукам хацелася вярнуцца да вытокаў.

1. Шнiцяў, нажаль, ужо не будзе, а Шпакi яшчэ пацвыркаюць

Хата Саўчанкаў у Шніцях бачна здалёк — пафарбаваная ў зялёны колер, яна адразу кідалася ў вочы ў гэтай пустэчы. Пачалі шукаць гаспадароў. Старшыня Пальмінскага сельвыканкама Анфіса Бярозка спачатку гукала іх, потым падалася за гаспадарчыя пабудовы. Я паспела крыху агледзецца: па маленькім дворыку ходзяць куры, на мяжы, адразу за хатай, старэнькі «Беларус», а на полі роўнымі радамі пабеглі даўгія барозны — відаць, нядаўна пасадзілі бульбу.

ГАСПАДАР Пётр Несцеравіч знайшоўся на дальнім двары. Убачыўшы старшыню, ветліва ўсміхнуўся, мяне здзівіўся: «Пойдзем у хату, там няма такой духаты».

У хаце сапраўды было прахалодна, гаспадыня Софія Уладзіміраўна прасавала памытую бялізну. Да Анфісы Савельеўны яна прывыкла, а чужога чалавека ніяк не чакала, нават на хвіліну застыла з прасам у руках.

Пасля таго як разабраліся, каго і чаго да іх занесла, пачаўся аповед пра тое, як жывецца ў глушы сталым людзям. Гэтую місію ўзяў на сябе як мужчына Пётр Несцеравіч.


— Нарадзіўся ў Віцебску, а мае бацькі родам са Шніцяў. Тут некалі багата хутароў стаяла. У пачатку вайны наша сям’я пераехала з Віцебска назад у вёску. Усё маё дзяцінства прайшло ў гэтых кустах ды балотах. Пасля вызвалення абласнога цэнтра вярнуліся ў горад, у тую хату, дзе і раней жылі. Бацька прыйшоў з фронту, а потым маці нечакана захацелася назад у вёску. А тут, на Гарадоччыне, усё вынішчана немцамі. Шніці спалілі ў студзені 1943-га. Жылі спачатку каля Ярашоў у зямлянцы, але мама хацела ў Шніці, і толькі ў іх. Змайстравалі буданчык невялічкі, потым хатку склалі. У 1947-м бацька памёр. У тым жа годзе падарваўся на мінамётным снарадзе, якімі тут усё ўсыпана было, і мой брат Віцька. Пасвіў коней ды дадумаўся ў снарадах боегалоўкі выкручваць. Першы раз яму пальцы адарвала і грудзі крыху пасекла, а ў другі раз загінуў, небарака. Пазней у Шніцях пабудавалі школу, магазін. Тут быў калгас «Пралетарый» з цэнтрам у Кулях. Вёска наша разраслася, кароў, можа, трыццаць трымалі людзі. На цэнтральнай вуліцы, якой вы дабіраліся, хаты стаялі па абодва бакі. Моладзі і дзяцей хапала, весела і добра жылі. Потым калгасы аб’ядноўвалі, сталі мы «Зарой Леніна». У 1957-м — саўгас «50 гадоў ВЛКСМ». Жонку сабе знайшоў на вечарыне ў суседнім Баркове. Прывёз яе на трактары ў Шніці, так і жывём разам з 1959 года. Ну, час настаў вядомы, моладзь усё больш да горада пацягнулася, адны старыя нікуды не выязджалі са сваіх гнёздаў. Склалася так, што ў Шніцях засталіся Кібісаў Мікалай, Кавалёва Варвара і мы. А зараз зусім нікога няма, толькі я з жонкай. Можа, гадоў пяць ужо адны жывём.



ВОСЬ так Шніці ператварыліся ў хутар, можна сказаць, хаця дагэтуль маюць статус вёскі. Да бліжэйшых Кулёў ні Пётр Несцеравіч, ні Софія Уладзіміраўна не дойдуць. Ды што ім там рабіць? Два разы на тыдзень да іх прыязджае аўталаўка, паштальён прынясе газеты і часопісы, якія асабліва любіць пачытаць гаспадар. З выгод цывілізацыі ў вёсцы толькі электрычнасць. Ваду носяць з калодзежа цераз дарогу. Некалі быў водаправод, але з гадамі стаў непрыдатным для карыстання. Засталася толькі старая ржавая вежа як напамін аб тым, што раньш было. Ад дапамогі сацыяльнага работніка старыя адмовіліся, не хочуць, каб чужы чалавек у хаце гаспадарыў. Лічаць, што паціху яшчэ самі змогуць справіцца, ды і дзеці не забываюць бацькоў. Гаспадыня займае сябе шыццём на машынцы — рамантуе адзенне. Зімой, калі дні кароткія, а вечары доўгія, як само жыццё, муж і жонка часцей бавяць час ля тэлевізара. Якую-ніякую, але і гаспадарку трымаюць. Куры і кот таксама патрабуюць клопату. А цяпер, калі на вуліцы цёпла, на гародзе ды ў полі працы хапае. Пётр Несцеравіч, нягледзячы на свой 81-гадовы ўзрост, яшчэ садзіцца за руль уласнага трактара.

Асабісты трактар «Беларус» рамантуе Руслан ТРУТНЕЎ

Пытаюся, каму столькі бульбы насаджалі.

— Як каму? Дзецям, нам столькі навошта. У мінулую суботу і паспелі пасадзіць. Сын у Віцебску, вельмі часта прыязджае. Адна дачка ў Кабішчах, другая — у Гарадку, — уступае ў размову гаспадыня. — Але з мяне ніякага ўжо толку, хвароб шмат. Гэта Пеця гаспадаркай займаецца, я мала што ўжо магу. Ну і зусім без яе сядзець не будзеш, апошнія сілы пакінуць.

Але, як бы ні было цяжка, ехаць да дзяцей старыя катэгарычна адмаўляюцца. Усё іх свядомае жыццё звязана з Шніцямі. Хоць і бачаць, што іх родная вёсачка, як бы балюча гэта ні было, ужо адмірае, застаюцца тут.

Развітаўшыся з гаспадарамі, праехалі па ўсіх Шніцях. Дакладней, па той тэрыторыі, дзе некалі стаялі яе хаты. Пакінутыя калодзежы, разбураныя печы, цэгла якіх параслі травой, высокія ліпы ўздоўж цэнтральнай вуліцы і тая самая вежа, дзе зладзілі сабе гняздо буслы. Вось табе і яшчэ адны жыхары вёскі.

Ад Шніцяў да Шпакоў кіламетраў восем полем і пералескамі. Вёска прыцягвае ўвагу не прыгажосцю і яркасцю сучасных дамоў, а сваёй прастатой і натуральнасцю. Асабіста ў маім разуменні так яна і павінна выглядаць. Сапраўднай. Доўгая асфальтаваная вуліца, ад якой невялікімі адгалінаваннямі ідуць пясчаныя дарогі. Ціха. Пуста. Самы працоўны дзень, таму і не бачна нікога. Ды і ў цэлым людзей тут нямнога, хіба на лета атабарацца дачнікі. Такіх Шпакоў на Гарадоччыне воз і абярэмак.

— У Шпаках зараз 17 гаспадарак, — тлумачыць Анфіса Бярозка. — Пастаянна жывуць 32 чалавекі, з іх 16 яшчэ працаздольнага ўзросту, адзін школьнік.

Наконт інфраструктуры ў Шпаках можна і не пытацца. Толькі жылыя дамы і дачы. Водаправод яшчэ ў савецкія часы ўрэзалі ад бліжэйшай фермы, так нічога і не мянялася. Тым не менш гарадскія жыхары не супраць купіць тут жыллё, уладкаваць і жыць сабе на задавальненне.

Вячаслаў ТРУТНЕЎ завіхаецца на сваім сядзібным участку

Насустрач нам з хаты нетаропка выйшла жанчына — Аліна Цімафееўна. Яе малая радзіма — суседняя вёска Кулі, але ў Шпаках яна ўжо паўсотні гадоў.

— Адразу Шпакі былі малыя. Пазней хат пабольшала, новыя людзі прыехалі. У 1967 годзе ў камсамольскай арганізацыі было 56 чалавек. Гэта цяпер адны пенсіянеры. Школа і клуб ёсць у суседнім Кабішчы, у Шпаках іх ніколі не было. І ў краму туды ходзім. Наўпрост праз рачулку можна перайсці. Раней пакутавалі, што кладкі аніякай не было, цяпер праклалі мост, так што скокнуў — і ты ў іншай вёсцы. Два разы ў тыдзень прыязджае аўталаўка. Усяго хапае, жывём, як ўсе людзі. Толькі сумна бывае. Асабліва на старасці год гэта адчуваецца, калі застаешся адзін. Мне давялося пахаваць і мужа, і сына. Другі сын і дачка жывуць у Віцебску, наведваюць кожны тыдзень. Але з’язджаць адсюль нікуды не хачу, застануся ў сваёй хаце. Тут усё роднае. Стараюся сябе чым-небудзь заняць. Шыю часам, чытаю часопісы, газеты. Па гаспадарцы работы хапае. Дзяцей у нашай вёсцы няма, толькі ў суседзяў адзін хлопчык-школьнік.

НЕСЦЕР, той самы школьнік, мальцам аказаўся жвавым і кемлівым. Яму, як сам прызнаўся, аднаму зусім не сумна, бегае да сябрукоў у суседняе Кабішча, будуе з імі буданы ў лесе і зусім «не забіваецца» ў інтэрнэце. Праз пару дзён закончыць трэці клас, а з школьных прадметаў больш за ўсё любіць матэматыку і англійскую мову. Кім хоча быць, не ведае. Хочацца, кажа, гуляць, бо хутка лета. Цалкам з ім згодна.

— Мы прыехалі сюды гадоў дзесяць таму, — далучаецца да размовы бацька хлопчыка Вячаслаў Трутнеў. — Жылі ў Віцебскім раёне. Пасля смерці бацькоў усе пяцёра дзяцей вырашылі пераехаць у Шпакі. Цяпер жывём у адной вёсцы. Жыллё атрымалі ад арганізацый, у якіх працуем. У мяне і маёй сястры, напрыклад, хаты ад ЖКГ. Няхай просценькія, затое свае. Дзяцей у Пальмінскую школу падвозяць на спецыяльным аўтобусе.

Пакуль мы гутарылі, мужчына паліваў грады, на якіх ледзьве прарэзалася цыбуля: «Снег у нас нядаўна сышоў, калі што паспее вырасці, не ведаю. Вось парнік купілі, можа, у ім ураджай лепш будзе».

Такое спакойнае вясковае жыццё Вячаслава Генадзьевіча цалкам задавальняе. Калі трэба што сур’ёзнае набыць, можна з’ездзіць у райцэнтр. А да забаў ён не прывык. Гэта, як лічыць, прывілей больш далікатных і спешчаных гараджан. Нават сваю карову трымае, што па цяперашнім часе рэдка бывае. Дарэчы, у раёне вясковыя статкі на пашах — з’ява не такая ўжо і рэдкая. Яшчэ ў многіх жыхароў ёсць асабістыя трактары «Беларус». Няхай старэнькія, якія патрабуюць пастаяннага рамонту, але для працы на сотках такая тэхніка добрая падмога.

Першыхлопец на ўсю вёску. Несцер—самымаленькіжыхарШпакоў

Акрамя мінусаў, пра якія я гаварыла, ёсць і свае плюсы ў вясковым жыцці. Можна нядорага купіць нядрэннае жыллё, дыхаць свежым паветрам, атрымліваць асалоду ад цішыні, не звяртаць увагу на такія знешнія раздражняльнікі, якія маюцца ў буйных гарадах. І гэта не я, уражаная сельскай ідыліяй, сама сабе прыдумала — па словах старшынь сельвыканкамаў, купляюць участкі і старыя дамы ў раёне нават мінчане. А што дзіўнага? Калі просценькую хатку і лапік зямлі можна прыкупіць за тысячу рублёў. Хіба ж гэта вялікія грошы? І часцей за ўсё ўчастак набываюць людзі пажылыя, якія стаміліся ад гарадскога «шумнага і загазаванага жыцця». А вось недастаткова развітая інфраструктура альбо яе практычна поўная адсутнасць — справа асабістая. І кожны для сябе выбірае сам — жыць у горадзе ці вось так, напрыклад, у аддаленай вёсачцы, патанулай у гэты час у кустах бэзу і чаромхі, з высокім сасновым борам і хуткай звонкай рачулкай.

Старшыня Гарадоцкага райсавета Святлана ЗУЕВА:

— У раёне 59 вёсак, дзе наогул няма насельніцтва. У 183 жывуць ад 1 да 10 чалавек, ад 11 да 50 — у 63 вёсках, ад 51 да 100 — у 18. Іх, як і астатніх сельскіх жыхароў, абслугоўваюць паўсотні аўтамагазінаў кааперацыі і прыватнікаў. На вёсцы 28 устаноў аховы здароўя, 5 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, 18 клубных устаноў і 22 бібліятэкі. Дадаткова выязджае перасоўны бібліёбус.

У 2016 годзе з аўкцыёну прададзена 7 зямельных участкаў для абслугоўвання і будаўніцтва дамоў. Сёлета вызначана на продаж 104 участкі. Кошт іх вагаецца ў залежнасці ад аддаленасці ад Гарадка і Віцебска, улічваецца і наяўнасць азёр. У такой глыбінцы, як Шніці ці Шпакі, напрыклад, участак можна набыць з першапачатковым коштам ад тысячы рублёў. У больш прэстыжных раёнах — ад 2 тысяч і вышэй. Магу прывесці прыклад: у мінулым годзе ў вёсцы Баталі Пальмінскага сельсавета праз аўкцыён, а стартавая цана складала 2 тысячы рублёў, мы змаглі прадаць участак за 7,5 тысячы рублёў. У асноўным пакупнікамі з’яўляюцца прыезджыя, у тым ліку грамадзяне Расіі.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter