Ивьевский агрогородок Липнишки — столица средневекового графства

Ліпнішкі: тут злучаны праз пакаленні зярняткі, колас, хлеб і лёс

Узнікшае ў ХІІІ стагоддзі ў Германіі Магдэбургскае права надало прывілеі мяшчанам. Па загадзе караля польскага і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта ІІІ ў 1610 годзе атрымалі іх і жыхары мястэчка Ліпнішкі.

Пісьмова яно ўпершыню ўзгадваецца ў ХV стагоддзі. У 1411 годзе тут быў пабудаваны драўляны касцёл Святой Ганны. Храм спалілі шведскія захопнікі. На падмурку паўстала захаваная дагэтуль мураваная каплічка.


У 1666 годзе Ліпнішкі і суседнія Геранёны аб’ядналі ў стараства Міхаіла Казіміра Паца. Круты бераг Апіты, што нясе крынічныя воды да нёманскага прытока Гаўі, упрыгожыў драўляны панскі дом. Мястэчка стала цэнтрам графства.

У розныя часы Ліпнішкамі валодалі магнаты Гаштольды, Сапегі, Бяганскія, Безбародкі, Пуслоўскія, Вольскія. Штогод тут ладзілася 5 кірмашоў, дзейнічалі 12 лавак, вадзяны млын, піваварня.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мясцовасць адышла да Ашмянскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі.

На пачатку мінулага стагоддзя мястэчка ўпрыгожыў гатычны касцёл Святога Казіміра.

Згодна з Рыжскім дагаворам 1923 года, Ліпнішкі ўвайшлі ў Лідскі павет Навагрудскага ваяводства буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР статус паселішча панізіўся да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавета. 

На брацкай магіле 26 савецкіх воінаў, што загінулі ў баях з гітлераўцамі ў Вялікую Айчынную вайну, усталяваны мемарыял.

Цэнтральная сядзіба КСУП «Агра-Ліпнішкі» Іўеўскага раёна ў 2008 годзе атрымала статус аграгарадка.

ВАНДРУЮЧЫ па Беларусі, не перастаю адкрываць новыя куточкі з цікавымі людзьмі, багатай гісторыяй, цудоўнымі традыцыямі і звычаямі. Праз іўеўскі аграгарадок Ліпнішкі, куды завітаў перад Грамніцамі, неаднойчы даводзілася праязджаць. Адсюль вядуць шляхі-дарогі на Іўе, Ліду і Вільнюс. На высокім пагорку другое стагоддзе адлічвае мураваны з часаных валуноў гатычны касцёл Святога Казіміра. Насупраць храма ўзвышаецца сельскі Дом культуры. Цэнтр аграгарадка ўпрыгожваюць адміністрацыйныя будынкі, мемарыяльная капліца, магазіны, жылыя дамы. Велічным помнікам ушанаваны ахвяры Вялікай Айчыннай. Захаваліся гаспадарчыя будынкі ўнікальнай сядзібы пазамінулага стагоддзя паме­шчыка Вольскага. Прыгожыя катэджы і шматкватэрныя дамы пабудаваны на вуліцы паабапал штучнага возера.

Старшыня сельвыканкама Яніна БУЗАР, кіраўнік спраў Алена РУДКОЎСКАЯ і стараста аграгарадка Іван ГЯЦЭВІЧ.

Як рака Сена падзяляе на дзве часткі Парыж, так і напоўненая крынічнымі водамі вузенькая рачулка Апіта перасякае аграгарадок. У апошнія гады ў Ліпнішках пражываюць паўтары тысячы чалавек, яшчэ тысяча вяскоўцаў — у сарака населеных пунктах самага буйнога ў раёне сельсавета. 

Пра ўсё гэта даведаўся ад старшыні сельвыканкама Яніны Бузар. Дзявяты год яна ўзначальвае мясцовую ўладу. Раней настаўнічала, кіравала Некрашанскай базавай школай, працавала ў апараце сацыяльнай службы раёна. Арганізоўвала ў будынку закрытай вясковай школы, бадай што, першае на Гро­дзеншчыне аддзяленне для пражывання адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў. З суседніх раёнаў прыязджалі знаёміцца з яго дзейнасцю.

Старшыня Іўеўскага райсавета дэпутатаў Аляксандр ХВАСЬКО.

Яніна Уладзіміраўна вырасла ў вялікай сялянскай сям’і Швайкоўскіх. Бацькі выгадавалі чатырох дачок і пяцёра сыноў. Акрамя хатніх спраў, маці Тэрэса Станіславаўна лідзіравала сярод калгасных даярак. У арсенале яе дзяржаўных узнагарод — ордэны Маці і Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікія граматы і дыпломы. У калгасных перадавіках быў і бацька Уладзімір Аляксандравіч. Ён даглядаў жывёлу на ферме. І на ўласным падворку было тры каровы, конь, свінні, хатнія птушкі. Дзеці дапамагалі ўпраўляцца дома і на жывёлагадоўчай ферме. Сваіх дзяцей Яніна Уладзіміраўна з мужам Раманам Іосіфавічам выхоўвалі ў працы. Дачка Вольга стала ўрачом, а сын Аляксандр узначальвае аддзел у машынабудаўнічай кампаніі «БелДжы». Падрастаюць чацвёра ўнукаў. Кожны прыезд дзяцей з унукамі — сапраўднае свята.

Жывёлавод КСУП «Агра-Ліпнішкі» Алена ФРАНЦУК.

БУДНІ кіраўніка мясцовай улады напоўнены справамі. Важным звяном у сваёй працы Яніна Уладзіміраўна лічыць работу з людзьмі. На легкавой машыне пастаянна наведваецца ў вёскі, сустракаецца з жыхарамі. Дапамагаюць ёй у працы старасты. Дзесяць гадоў таму гэту грамадскую справу даручылі Івану Гяцэвічу. Са старастам прайшліся па ціхіх вулачках, пагутарылі з яго землякамі. За свае 80 гадоў Іван Іванавіч ніколі не пакідаў родныя мясціны. Даваеннае дзяцінства прайшло на суседнім хутары Выдзішкі. Там дзяды і прадзеды працавалі на зямлі. У неўраджайныя гады выручалі іх лес і рака. Кожны лясны куточак да драбніцы ведае Іван Гяцэвіч. Хлапчуком на лузе пасвіў кароў. Вырас у вялікай сям’і. З адзінаццаці дзяцей выжылі сямёра.

Памочнік ляснічага Сяргей КУЗНЯЦОЎ.

Урэзалася ў памяць, як на хутар летам 1941 года ўварваліся фашысты. Прыкладам білі бабулю Адальфіну за тое, што не дала ім яек. Пасля вызвалення ад акупантаў бацькі перанеслі дом у Ліпнішкі. Многія з навакольных хутароў перасяліліся ў былое мястэчка. На ўскрайку яго яшчэ пры панскай Польшчы была пабудавана двухпавярховая мураваная школа. У пасляваенныя гады яна ледзьве ўмяшчала вучняў. Многія аднакласнікі Івана Іванавіча пасля атрымання атэстатаў сталасці раз’ехаліся. Рамантыка дальніх дарог спакушала і яго. У той час у Ліпнішках была створана райсельгастэхніка, дзе можна было набыць працоўную прафесію. Амаль сорак гадоў адпрацаваў ён там мантажнікам. Перад выхадам на заслужаны адпачынак кіраваў брыгадай. Кожнага жыхара ведае. У тым, што Ліпнішкі заўжды, як на свята, прыбраныя, немалая заслуга старасты Івана Гяцэвіча.

Чысціня і парадак пануюць ва ўсіх населеных пунктах сельсавета. Статус аграгарадка атрымала вёска Цэнтральная, дзе пражывае звыш 300 чалавек. Амаль дзве сотні жыхароў у вёсцы Вялікія Князікаўцы. З хутароў і аддаленых вёсак гаспадары перабіраюцца на цэнтральныя сядзібы гаспадарак, да якіх падведзены прыродны газ, пракладзены водаправоды. На тэрыторыі сельсавета тры сельгас­прадпрыемствы: «Агра-Ліпнішкі», «Суботнікі» і «Баўма». Дзейнічаюць ААТ «Іўеўская сельгастэхніка», лясніцтва, «Фабрыка Ромакс», станцыя тэхабслугоўвання аўтамабіляў, прыватныя прадпрыемствы па вырабе тавараў з медзі «Ліпрамед» і аўтатранспартнае «Ліпбел».

Шматдзетная маці Ганна БАРАНОЎСКАЯ з сынамі і дочкамі.

СТАРШЫНЯ Іўеўскага райсавета дэпутатаў Аляксандр Хвасько, з якім сустрэліся ў сельвыканкаме, задаволены, што ў вяскоўцаў багаты выбар працаўладкавання. Паспяхова развіваецца фермерства. Мечыслаў Выростка, Зянон Галавенка, Уладзімір Розум, Мікалай Мацюш стварылі фермерскія гаспадаркі. Два дзясяткі гаспадароў з аграгарадка Цэнтральная арэндуюць у сельгас­прадпрыемстве па тры і болей гектары зямлі і займаюцца бульбаводствам. 

Папаўняе сямейны бюджэт вяскоўцаў продаж малака. У сельвыканкаме паведамілі, што на сялянскіх падворках амаль паўтары сотні дойных кароў, тры дзясяткі коней і амаль паўтысячы галоў свіней. КСУП «Суботнікі» наладзіла збор малака з падворкаў аграгарадка Цэнтральная, вёсак Камянчане, Нацковічы, Вігушкі, Галімшчына. На астатняй тэрыторыі сельсавета яго збірае ў насельніцтва індывідуальны прадпрымальнік Ганна Каласок. Кіраўнік спраў сельвыканкама Алена Рудкоўская падлічыла: за мінулы год прыватныя гаспадары прадалі звыш 500 тон малака.

Маладымі сем’ямі прырастаюць населеныя пункты сельсавета. Прыгожыя катэджы ўзводзяць на вуліцы Зялёнай у Ліпнішках Людміла і Аляксандр Пекшты, Ірына і Віктар Рубелі, Анжаліка і Віталь Махала. У новы дом перабралася сям’я Аляксандра Пятроўскага. 

Удзельніцы вакальнага ансамбля «Варажэя» Таццяна ПАЛТАРАК, Настасся ГРЫБОЎСКАЯ і Марыя СКРЫПСКАЯ.

Галоўны спецыяліст па ідэалогіі КСУП «Агра-Ліпнішкі» Святлана Шкрэдава адзначыла, што на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі і ў вёсцы Вялікія Князікаўцы для працаўнікоў пабудавана амаль паўтары сотні катэджаў. Новы дом атрымала ад гаспадаркі шматдзетная сям’я Ганны і Міхаіла Бараноўскіх. Мы завіталі да навасёлаў. У прасторнай зале нас сустрэла маладая гаспадыня і шасцёра яе дзетак. Муж Міхаіл Юр’евіч быў на працы. Старэйшая Ірына збіралася ў музычную школу, дзе яна асвойвае цымбалы. З братамі-двайнятамі Аляксандрам і Іллёю гулялі пасля заняткаў у школе сястрычкі Марыя і Ксенія. Гадавалая Юля салодка спала. У канцы мінулага года Ганна Аляксандраўна атрымала ордэн Маці. Усяго на тэрыторыі сельсавета пражываюць 35 шматдзетных сем’яў. Дзяржава фінансава падтрымлівае іх.

Катэдж ад сельгаспрадпрыемства атрымалі Алена і Андрэй Францукі. У іх падрастае двое дзяцей. З Аленай Станіславаўнай сустрэліся на жывёлагадоўчай ферме. Яна даглядала маленькіх цялят. Зараз ідуць масавыя ацёлы кароў. Жывёлаводы круглыя суткі дзяжураць каля іх. 

У гаспадарцы звыш 2000 галоў буйной рагатай жывёлы. Палова з іх — дойны статак. Галоўны эканаміст Надзея Ракуціна перспектыву гаспадаркі вызначае ў далейшым развіцці жывёлагадоўлі. Яна пераканана, што неадкладна трэба палепшыць селекцыю дойнага статка і забяспечыць паўнавартасным рацыёнам кармлення. З-за нізкай эфектыўнасці вытворчасці гаспадарка аб’яўлена банкрутам. Вялікія спадзяванні ў кіраўніка эканамічнай службы на паспяховую рэалізацыю праграмы аздараўлення, якая пачнецца праз паўгода.

Урок вядзе настаўніца Ірына ЖУКОЎСКАЯ.

Упрыгожыў Ліпнішкі новы будынак лясніцтва. Маладзенькія туі, сосны і іншыя дэкаратыўныя пароды дрэў высаджаны на невялікім дворыку. Памочнік ляснічага Сяргей Кузняцоў паведаміў, што летась рабочыя пасадзілі больш за сто гектараў лесу. Калектыў тут невялікі — 35 работнікаў. Даглядаюць яны больш за 11 000 гектараў лясных угоддзяў. Большасць рабочых лясніцтва — выпускнікі мясцовай сярэдняй школы. Некалькі гадоў таму яе аб’ядналі са старэйшымі групамі дзіцячага сада. Зараз тут амаль дзве з паловай сотні выхаванцаў. З дырэктарам Інай Меравай зайшлі ў групу прадоўжанага дня, дзе з вучнямі малодшых класаў займалася настаўніца Ірына Жукоўская. Прыемна было чуць дружнае вітанне школьнікаў на роднай мове. У новым навучальным годзе пераступяць школьны парог больш за два дзясяткі першакласнікаў. Выпускнікі разам з атэстатамі сталасці атрымаюць пасведчанні электраманцёраў і будаўнікоў. Кожную суботу яны займаюцца ў Іўеўскім дзяржпрафтэхліцэі. 

ПА завяршэнні вандроўкі завіталі ў сельскі Дом культуры. Загадвае ім выпускніца сталічнага каледжа мастацтваў Настасся Грыбоўская. Далёка за межамі раёна вядомы ліпнішскі вакальны ансамбль «Варажэя». Захоўваецца ў Доме культуры альбом гісторыі былога мястэчка. Занатавана ў ім цікавая падзея. У 1894 годзе ў Ліпнішках тайна пражываў пад мянушкай Віктар кіраўнік польскай сацыялістычнай партыі Юзаф Пілсудскі. У летапісе пазначана, што сацыялістычная партыя ў мэтах канспірацыі для выпуску першага нумара газеты «Польскі рабочы» выбрала далёкае ад Варшавы мястэчка Ліпнішкі. Абсталяванне для друкарні патаемна прывезлі з Англіі. 12 ліпеня 1894 года тыражом 1200 экзэмпляраў выйшаў першы нумар газеты «Працаўнік». Культработнік Марыя Пекшта ад старажылаў чула пра мясцовую кабету, якая закахалася ў аднаго з канспіратараў. Але ўзаемнасці не атрымала. Пакрыўджаная, яна выдала падпольшчыкаў. За ноч тыпаграфію патаемна перавезлі ў Вільню. Калі Пілсудскі прыйшоў да ўлады ў буржуазнай Польшчы, выдзеліў сродкі на будаўніцтва сярэдняй школы ў Ліпнішках. Трыццаць гадоў таму да гэтага двухпавярховага мура дабудавалі новы навучальны корпус.

Марына Пекшта са сваімі лялькамі.

Адзін з пакояў Дома культуры застаўлены арыгінальнымі лялькамі Марыны Пекшта. Майстэрству іх вырабляць Марына Францаўна вучыць два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак. Сваіх лялек прадстаўляла Прэзідэнту ў час яго мінулагодняга візіту на Іўеўшчыну. Без падарунка не выпусціла гаспадыня майстэрні і мяне.

Славіцца аграгарадок і брэндавым фэстам «Ліпнішскія сенажаці». На яго запрашаюцца касцы з Іўеўскага і суседніх Воранаўскага і Лідскага раёнаў. Кожны госць аздабляе касу. Пад гукі баяна ад імправізаванай сцэны па вуліцах святочная калона касцоў на конных павозках адпраўляецца на сенажаць, дзе пачынаецца спаборніцтва. Завяршаецца фэст ушанаваннем пераможцаў у самых розных намінацыях. Пэўна, таму новымі сядзібамі прырастаюць Ліпнішкі, дзе зярняткі, колас, хлеб і лёс злучаны праз пакаленні.

Іўеўскі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter