Уручаны прэміі пераможцам конкурсу «Жанчына года-2016»

Лiдары i гаспадынi

Хто яна, лепшая жанчына краіны? Такіх у Беларусі знайшлося аж 44! Усе яны атрымалі ўзнагароды як пераможцы конкурсу “Жанчына года-2016”. На сцэну кангрэс-хола сталічнай гасцініцы “Вікторыя” пад авацыі залы ўзнімаліся не проста прыгажуні, а жанчыны, якія праявілі сябе ў розных сферах жыцця: педагогі, урачы, навукоўцы, банкіры, культработнікі, прычым з самых розных куткоў. На ўрачыстасці пабывалі карэспандэнты “СГ”.

Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід МАРЫНІЧ асабіста павіншаваў пераможцаў у намінацыі “За
ўклад у развіццё вёскі”—намесніка генеральнага дырэктара КУП “Мінскхлебпрам” Святлану КАСОЎСКУЮ, галоўнага заатэхніка
філіяла“Аграфірма“Лебедзева”РУП“Мінскэнерга”МаладзечанскагараёнаТамаруАЛІСЕЙКА,дырэктараААТ“Малочныягоркі”
(г. Горкі) Валянціну ЦЫРКУНОВУ, галоўнага бухгалтара СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна Зінаіду РАМАНОЎСКУЮ, дырэктара
ААТ “Тураўскі малочны камбінат” Вольгу ЛУЦКО, першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сен-
ненскага райвыканкама Антаніну СУНЦЕЕВУ і гаспадыню аграсядзібы “Утульны куток” Брэсцкага раёна Ганну МЯЛЕШКА

ПРЭМІЯ ўручалася ўжо дзявяты год запар, з мэтай заахвоціць лепшых жанчын, якія дамагліся поспехаў не толькі як спецыялісты, але і як гаспадыні, маці. Менавіта таму вылучаны шэсць намінацый, у тым ліку “За выхаванне дзяцей і моладзі”, “За  ўклад у развіццё вёскі”, “Жанчына ў навуцы” (намінацыя новая, прымеркавана спецыяльна да Года навукі). Ролю жанчын у грамадстве ўвогуле складана пераацаніць, мяркуе намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна: “Важна, каб грамадства заўважала, якія выдатныя ў нас жанчыны, — яны ўсё паспяваюць і дома, і на працы. Але павінны памятаць, што мы, жанчыны, можам быць асабліва мудрымі, цярплівымі і далікатнымі”.

Уручаючы ўзнагароды ў намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва”, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч адзначыў, што, сапраўды, “нашы жанчыны займаюць пазіцыі, якія лідзіруюць, у палітыцы і бізнесе”.


Святлана ДАШКЕВІЧ
Фота аўтара
Галоўны заатэхнік філіяла “Аграфірма “Лебедзева” РУП “Мінскэнерга” Маладзечанскага раёна Тамара Алісейка атрымаць прэмію і не марыла. Проста сумленна працавала. У сельскай гаспадарцы 43 гады, са снежня 2003-га  — на пасадзе галоўнага заатэхніка. Прычым не толькі ўмела выкарыстоўвае веды ў працы, але і дзеліцца імі са сваімі калегамі, вучыць іх, даючы каштоўныя рэкамендацыі. У гаспадарцы, дзе працуе Тамара Іванаўна (у той жа час яна і дэпутат сельскага Савета), высокія вытворчыя паказчыкі. Выдатная Тамара Алісейка і гаспадыня. Трымае разам з мужам вялікую гаспадарку, яе прысядзібны ўчастак адзін з лепшых у вёсцы: хобі Тамары Іванаўны — вырошчваць кветкі і дэкаратыўныя расліны.

ЯШЧЭ адна з пераможцаў — Святлана Дашкевіч, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама, прызналася “СГ”, што з дзяцінства марыла быць шматдзетнай маці, а цяпер гэты абавязак стаў яе любімай працай:

— Нас у бацькоў было двое. Я, калі расла, не магла зразумець, чаму тата з мамай не вырашаюцца яшчэ на дзяцей, і сумавала па гэтай прычыне. Аднойчы ў 14 гадоў разам са сваёй сяброўкай мы патрапілі ў адзін няшчасны дом. Памятаю, заходзім у кватэру — а там куча дзяцей, адзін за аднаго меншы. Бегаюць амаль голыя па пакоях, селядзец цукрам пасыпаюць, бо есці нічога больш няма. А ў мяне нават грошай не было ім хлеба купіць… Мяне гэта так ўзрушыла, і я вырашыла,  што будзе ў мяне многа дзяцей у сям’і. Аднак самой удалося нарадзіць толькі сына і дачку. А ў 2010 годзе прапанавала мужу ўзяць на выхаванне прыёмнае дзіця. Ён пагадзіўся. Так, трохгадовай мы ўзялі Кацярыну (цяпер ёй 11). Яна ў нас з асаблівасцямі развіцця, амаль не размаўляла. Ад апекі і любові потым літаральна заквітнела і пачала развівацца.

Сёння ў доме Святланы Дашкевіч на выхаванні 7 прыёмных дзяцей, прычым, акрамя іх, ужо дваіх хлопчыкаў — Яўгена і Расціслава — сям’я, як кажуць, “выпусціла” ў самастойнае жыццё: вучацца хлопцы ў каледжах.

З 2013 года Дашкевічы жывуць у камфартабельным катэджы ў Заслонаўцы — падарунак сям’і ад Беларусбанка. Прычым, каб пераехаць у вёску, бацькам-выхавацелям прыйшлося змяніць гарадскую прапіску на сельскую. Вырашыцца на гэта было нескладана: на ранейшым месцы жыхарства ў Оршы Дашкевічы жылі не “на этажах”, а ў сваім доме, апавядае Святлана Мікалаеўна:

— Працаваць на зямлі, у вёсцы мы не страшыліся. Мяне больш клапаціла тое, як дзяцей вазіць у Оршу ў музычную школу. У нас вучацца там Улада, Ганна і Лілія. Дзякуй богу, нашы шэфы — Беларусбанк — падарылі нам машыну. Пасведчанне кіроўцы ў мяне ёсць, таму дастаўляю дзяцей па графіку. Час урокаў амаль што супадае ва ўсіх, таму нам зручна. А нават калі і затрымліваемся, ведаем, што прыедзем у Заслонаўку, а там нас чакае гарачая вячэра. Маё дзіцё, 14-гадовая Настачка, зварыць есці, пачастуе ўсіх дый посуд за намі можа памыць, калі стомленыя. Кажа мне: “А як жа інакш? Мы ж сям’я”.

uskova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter