В следующем году недалеко от МКАД появится полигон для переработки опавшей листвы

Лicты ў будучыню

Восень — пара рабіць сэлфі з лісцем! Вы як хочаце, а я ўжо захавала парачку нядрэнных фотаздымкаў. Але забава забавай, а прыбіраць гэтую прыгажосць з вуліц і паркаў горада ўсё ж трэба. Больш за тое, восеньскае багацце ў выглядзе лісця з дрэў неабходна некуды прыстроіць, каб не забруджвала тэрыторыі. У наступным годзе УП «Мінскзелянбуд» плануе запусціць вытворчасць кампаставання арганічных адходаў, у тым ліку і лісця. Усе падрабязнасці даведалася карэспандэнт «Р».

Здрабняльнік, падобны да гэтага, будзе працаваць на новай пляцоўцы.
cesaromacimport.com

Удабрэнне для дрэў

Амаль восем тысяч кубічных метраў лісця за год — вясной і восенню — збіраюць працаўнікі УП «Мінскзелянбуд» у горадзе. Толькі ўявіце, які гэта маштаб! Па Правілах добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска ад лісця павінны чысціцца ўсе пешаходныя дарожкі, зялёная зона ўздоўж вуліц, месцы правядзення масавых мерапрыемстваў, плошчы, уваходныя групы ў парках, тэрыторыя каля атракцыёнаў. У гэтых месцах прыбіраюць на 10 метраў ад дарогі ці сцежкі. У гаях, вялікіх парках і лясных масівах — на пяць метраў ад дарожак. З газона, які стрыгуць, лісце таксама вывозяць. А вось у парках пад дрэвамі пакідаюць. Дарэчы, лістота можа быць небяспечнай, калі пападае на дарогу ці пешаходныя дарожкі: у дажджлівае надвор'е яна слізкая. 



Зараз, у прыватнасці, частка сабранага лісця вывозіцца на палігон. Акрамя таго, пэўная яго колькасць трапляе ў прыватныя кампаніі, напрыклад у ТДА «Экалогія горада». Апошняе рыхтуе арганічныя адходы, у тым ліку і лісце, для аднаўлення парушаных зямель (кар'ераў). Прыкладны аб'ём падрыхтаванай за год сыравіны, куды ўваходзяць арганічныя адходы, прыраўноўваецца да 50 тысяч тон. Але лісця ў гэтай сукупнасці няшмат.

УП «Мінскзелянбуд» зараз распрацоўвае праектную дакументацыю па падрыхтоўцы пляцоўкі для кампаставання арганічных адходаў ад уборкі паркаў, садоў, бульвараў. 

— Зямельны ўчастак для пляцоўкі ўжо падабраны на тэрыторыі прамысловага вузла «Заходні» ў раёне вуліцы Мантажнікаў за МКАД. Гэта крыху больш за два гектары. Зараз мы распрацоўваем праектную дакументацыю. За першае паўгоддзе 2020 года плануем пабудаваць пляцоўку і ўвесці яе ў эксплуатацыю. Прыкладна з другога паўгоддзя яна ўжо будзе функцыянаваць. Прыдарожнае і лісце з паркаў, галінкі, трава, якая ідзе з пакосу нашай тэрыторыі, — усё будуць звозіць туды,
— дзеліцца планамі начальнік вытворчага аддзела УП «Мінскзелянбуд» Андрэй Працук.

Лісце — гэта своеасаблівы прыродны фільтр. Яно ачышчае паветра ад цяжкіх металаў, выхлапных газаў, пылу. З улікам гэтага амаль дзесяць гадоў таму ў горадзе забаранілі спальваць лісце. Падчас гарэння вільготнай лістоты ўзнікае нізкае тэмпературнае тленне і ўтвараюцца таксічныя рэчывы. Як запэўнівае Андрэй Працук, на будучай пляцоўцы ў працэсе кампаставання мікраарганізмы і шкодныя рэчывы будуць раскладацца пад уплывам дастаткова высокай тэмпературы, каля 80 градусаў. 

— Пакуль мы збіраемся выкарыстоўваць кампост у некалькіх напрамках: у вытворчасці грунту і як удабрэнне для дрэў. Але зараз аб гэтым рана гаварыць. Калі атрымаем пробную партыю кампосту, даследуем яго хімічны склад, тады больш канкрэтна вызначымся, на што ён лепш падыходзіць, — дапаўняе Андрэй Працук.

Пляцоўка будзе арганізавана на адкрытым паветры. Яе тэрыторыю пакрыюць бетонам, каб пазбегнуць трапляння шкодных рэчываў у глебу, установяць сістэму ачышчальных збудаванняў. На тэрыторыі складуць спецыяльныя бурты, менавіта ў іх праходзіць працэс кампаставання. Па сутнасці, уся вытворчасць зводзіцца да працы трох машын: здрабняльніка, варушыцеля, грохата для прасейвання. З дапамогай гэтага абсталявання працэсы раскладання лісця пойдуць хутчэй. Плануецца правесці тэндар на пастаўку абсталявання для пляцоўкі паміж вытворцамі Германіі, Фінляндыі і іншых краін.

— Зараз мы плануем, што першая партыя кампосту будзе гатова дзесьці ў кастрычніку — лістападзе 2020 года, — прагназуе начальнік вытворчага аддзела.

Асеннія матывы 

А пакуль у Мінску звычайная пара прыбірання лісця. На перакрыжаванні вуліцы Машэрава і праспекта Незалежнасці апалае лісце збіраюць з дапамогай спецыяльнай машыны Amazon: яна «падарожнічае» па зялёнай зоне, абмінаючы дрэвы. Рухавік гучна шуміць. Матарыст малой механізацыі «Мінскзелянбуда» Міхаіл кіруе гэтай машынай ужо амаль шэсць гадоў:

У гэтым годзе ідзе звычайнае прыбіранне лісця. Супрацоўнікі УП «Мінскзелянбуд» чысцяць тэрыторыю з дапамогай спецыяльнай машыны Amazon.

— У бункер, ёмістасць, дзе збіраецца апалае лісце, змяшчаецца яго каля 0,5—0,6 кубічнага метра. Зараз нам хапае гэтага аб'ёму на гадзіну, а то і больш. Усё залежыць ад тэрыторыі, якую мы прыбіраем. Напрыклад, гэтая зона вельмі лёгкая: лісця пакуль няшмат. А вось у канцы кастрычніка, калі раптам атакуюць маразы і лісце амаль цалкам «абрушыцца» ўніз, бункер можа запаўняцца за некалькі хвілін. 

Дарэчы, Amazon можа не толькі збіраць пажухлае лісце, але таксама і касіць траву. У жатцы, што знаходзіцца наперадзе, 36 пар нажоў. Бакавыя з паваротам — для касьбы, тыя, што па цэнтры — для збору лісця. 

…Праз гадзіну бункер запаўняецца, Міхаіл цягне адзін з рычагоў на панэлі ад сябе. Лісце і галінкі высыпаюцца ў кузаў грузавіка. Ён ад'язджае. А я на развітанне раблю некалькі фотаздымкаў працаўнікоў УП «Мінскзелянбуд».

ЛІЧБА

На ўборцы лісця ад УП «Мінскзелянбуд» працуе каля 960 чалавек.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter