Накрыўкі малочных бутэлек здольны адправіць у падарожжа ў сярэдзіну 1970-х

Лiчбы на накрыўках

— Ведаеце, якім пытаннем лёгка паставіць у тупік сённяшніх школьнікаў? — нечакана запытала супрацоўніца музея і падвяла мяне да адной з вітрын з экспанатамі — пустымі шклянымі, савецкага ўзору, паўлітровымі малочнымі бутэлькамі.

Bar-lame-lemur.livejournal

Справа была ў Клімавічах, у тамтэйшым краязнаўчым музеі. У зале, прысвечанай гісторыі развіцця прамысловасці раёна, каля стэнда, які знаёмiць са станаўленнем мясцовай малочнай вытворчасці. Сімпатычны, да слова, музей. Будынак — колішні жылы дом князя Мікалая Мяшчэрскага, пабудаваны ў 1867 годзе. Асабняк — узор старадаўняга драўлянага дойлідства.

Але не пра гэты помнік архітэктуры цяпер гаворка, а пра лічбы. Тыя, што выціснутыя на накрыўках гэтых самых музейных малочных бутэлек. Аказваецца, гледзячы на іх, дзеці губляюцца ў здагадках: што яны азначаюць?

Экскурсавод паглядзела выразна цяпер ужо на мяне, маўляў, вы ж ведаеце? Ды як не ведаць! Я ж родам з СССР. І бутэлькі гэтыя — з майго дзяцінства. А накрыўкі з тоўстай фольгі — свайго роду этыкеткі, лічбы на іх — дзень тыдня, дата разліву. У адрозненне ад малака сённяшняга, тое, з майго дзяцінства, хутка скісала.

А наконт школьнікаў — нічога дзіўнага, іншае пакаленне. Затое яны ў падрабязнасцях ведаюць пра многія недаступныя мне прамудрасці, напрыклад, айфонаў і смартфонаў, нэтбукаў і ноўтбукаў.

Ужо развіталася і з музея пайшла. А гэтыя накрыўкі з лічбамі ўсё круціліся ў галаве. Спачатку лёгка прыгадалася, што пустыя малочныя бутэлькі можна было здаваць, прымалі прама ў прадуктовых крамах. І што колеры ў тых накрывак былі розныя. Серабрыстая — для малака, зялёная — для кефіру, ружовая — для вяршкоў. Былі яшчэ нейкія паласатыя, здаецца, для салодкага кефіру. І фіялетавыя — па-мойму, для ражанкі.

У шкляных слоічках па 200 грамаў, закрытых фольгай, прадавалася і смятана. У прынесеныя з дому ёмістасці яе адпускалі таксама. Тады налівалі са збана, а пацёкі на ім час ад часу прадаўцы выціралі мокрай і не заўсёды першай свежасці анучай. Уявіце — ніхто не абураўся.

А якой асалодай быў малочны кактэйль! Дарэчы, даўно не каштавала, хоць цяпер такога дэсерту шмат, і рознага. А некалі са скрыжавання вуліц Веры Харужай і Чарвякова мы з сяброўкамі дабіраліся па яго аж да ЦУМа, ва ўніверсам «Сталічны». Як мне помніцца, у горадзе толькі там кактэйль тады і рабілі прама на вачах у пакутуючай велізарнай чаргі.

Малако, марожанае і сіроп прадаўшчыца налівала ў вялікі металічны коўш. Ліха ўсталёўвала яго ў аўтамат-міксер. Націскала кнопку і — вуаля! Праз некалькі хвілін кактэйль гатовы. Над гранёнай шклянкай — пышная пенка, на дне — дробныя асколачкі лёду.

Калі вы спытаеце мяне, які смак у дзяцінства, скажу: ён падобны на малочны кактэйль са «Сталічнага». Мабыць, варта туды зазірнуць: ці робяць цяпер кактэйль і ці гэткі ж ён смачны? Думаю, наўрад ці. Смак дзяцінства — асаблівы. Бо тады не толькі дрэвы былі вышэйшыя, а і трава зелянейшая, і каўбаса смачнейшая, і марожанае выраблялі выключна з натуральных інгрэдыентаў.

Я больш за ўсё любіла «Ленінградскае» за 22 капейкі. Нешта падобнае на сённяшні «Каштан», толькі проста брыкецікам, не на палачцы, і порцыя больш важкая. А вось з палачкай, але каб саскрабаць — гэта фруктова-ягаднае. Абгорнутае не вельмі трывалай — прарывалася — паперай, зверху — прылеплена круглая этыкетка. Як па мне, дык з цяперашнім «Фруктовым лёдам» тое марожанае не параўнаць, рэцэпт быў падобны на класічны шчарбет, ці больш правільна, шарбет — перацёртыя і ўзбітыя з цукрам замарожаныя ягады і фрукты.

Але гэта я цяпер разумею. А доўгі час была ўпэўненая, што шчарбет — гэта злепленая вязкая карычневая салодкая маса з дабаўленнем арэхаў і кавалачкаў пячэння. Менавіта такую пад назвай «Шчарбет» прадавалі ў маім дзяцінстве. Зрэшты, як таксама даведалася пазней, дэсерт гэты бывае розных відаў, нават у выглядзе напою.

Проста неверагодна: з-за нейкіх малочных бутэлек у далёкіх Клімавічах — цэлае падарожжа ў сярэдзіну 1970-х.

Вось табе і лічбы на накрыўках.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter