Надвор’е нарабіла шмат шкоды

Ліўні наламалі дроў

Галоўны сіноптык краіны Святлана Рыбакова прызнаецца: «Такой колькасці ападкаў у Мінску яшчэ не было. Дагэтуль рэкордам лічыўся 1973 год». За дзесяць гадзін выпала каля 87% ад месячнай нормы. Праўда, нядаўні лівень з’яўляецца рэкордным толькі для Мінска.

Моцная стыхія  прайшла амаль па ўсёй краіне.

Стыхія не толькі падтапіла вуліцы, але стала прычынай шматлікіх пажараў на тэрыторыі нашай краіны. Напрыклад, у Гродзенскім раёне ад моцных удараў маланак успыхнулі дзве гаспадарчыя пабудовы і нежылы дом.

Маланкі прывялi i да таго, што электрычнасці месцамi ўвогуле не было. Па даных ДВА «Белэнерга», на шэсць гадзiн ранiцы 26 ліпеня заставаліся без электразабеспячэння 37 населеных пунктаў. Трэба дадаць, што першапачаткова ў час разгулу стыхіі праблемы з электрычнасцю былі ў 283 населеных пунктах. Але пасля работы аварыйных брыгад шмат парушэнняў было выпраўлена.  

Перамяшчэнне на транспарце таксама стала праблематычным. У Мінску было падтоплена 14 участкаў дарог, з-за непагадзі спыняўся транспарт: ад 25 хвілін да 3 гадзін стаялі  тралейбусы і аўтобусы. Самалёты таксама не вытрымлівалі націску надвор’я. З-за неверагодна высокай колькасці ападкаў у галоўным горадзе краіны самалёты «Белавія», што ляцелі ў Мінск з Кіева і Калінінграда, вымушаны былі прызямліцца ў Гомелі. Там пасажыры знаходзiлiся каля 30 хвілін. Супрацоўнікі аэрапорта пастараліся зрабіць iх незапланаваны прылёт максімальна камфортным.

Сіноптыкі кажуць, што ў бліжэйшы час асцерагацца паўторнай стыхіі не трэба. Ліўні, канешне, будуць. Месцамі нават з навальніцамі і парывістым паветрам, але такой сілы ўжо не чакаецца.  

Наталля ТЫЧКО

ntsh97@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter