Леус — леў ці ляўша?

Спадарыня Ала, прозвішча Леус, як вы правільна адзначаеце ў сваім лісце, сустракаецца на ўсёй славянскай тэрыторыі. Але найбольшую распаўсюджанасць прозвішча Левус атрымала на тэрыторыі Украіны.

Шчыра дзякую спадару Капылову за вычэрпны адказ пра назву вёскі Сунаі. Буду ўдзячна за дапамогу ў растлумачэнні паходжання майго прозвішча, якое распаўсюджана на ўсёй славянскамоўнай тэрыторыі. Чула легенду пра ваяводу з войска Радзівіла, што ў бітве страціў левы вус, чытала пра літоўскія карані левавусаў.
Ала ЛЕУС

Спадарыня Ала, прозвішча Леус, як вы правільна адзначаеце ў сваім лісце, сустракаецца на ўсёй славянскай тэрыторыі. Але найбольшую распаўсюджанасць прозвішча Левус атрымала на тэрыторыі Украіны.

Прозвішча Левус (Леус) — цікавае і даволі арыгінальнае па сваёй структуры, што заўсёды выклікала асаблівую ўвагу як лінгвістаў, так і аматараў-краязнаўцаў. Імкненне разгадаць паходжанне прозвішча, верагодна, і прывяло да того, што хтосьці ў народзе прыдумаў прыгожую легенду пра радзівілаўскага ваяводу, які страціў у бітве левы вус, у сувязі з чым атрымаў мянушку Левывус, якая з цягам часу спрасцілася ў Леус і замацавалася за нашчадкамі гэтага ваяводы. На самай справе па такой прыкмеце калі і даваліся мянушкі людзям, то вельмі рэдка.

У навуковым асяроддзі не існуе адзінага погляду на этымалогію прозвішча Леус. Многія даследчыкі адносяць яго да ліку старажытналітоўскіх. На такую думку навукоўцаў, напэўна, скіроўвае фінальная частка прозвішча -ус, якая характэрна для назоўнікаў балцкіх моў. Сапраўды, у літоўскай мове многія прозвішчы заканчваюцца на -ус, -юс: Будкус, Вайткявічус, Юшкявічус, Лайткус, Грышкявічус і іншыя. Некаторыя назоўнікі мужчынскага роду  ў латышскай мове таксама маюць гэты суфікс. Але аснова прозвішча выклікае сумненні адносна балцкага паходжання.

Існуе таксама меркаванне, што прозвішча Леус утворана ад старажытнаяўрэйскага жаночага імя Le’ah: Лія (у перакладзе азначае дзікая карова), якое, трапіўшы ў балцкія мовы, набыло адпаведнае граматычнае афармленне.

Ёсць думка, што прозвішчы Леус, Левуш і Ляўша з’яўляюцца аднакаранёвымі і ўзніклі яны яшчэ ў дахрысціянскую пару як мянушкі. Так маглі называць чалавека, які валодаў левай рукой лепш, чым правай, інакш кажучы, быў ляўшой.

Паводле іншай гіпотэзы, прозвішча Левус паходзіць ад мянушкі Леў. Прыхільнікі гэтага пункту погляду лічаць, што такую мянушку чалавек мог атрымаць на аснове асацыяцый з буйным драпежнікам. Так маглі назваць чалавека па яго знешнім выглядзе, фізічных якасцях  або рысах характару: Львом маглі назваць таго,  хто вызначаўся магутнай сілай, смеласцю і адвагай. Аднак назвы экзатычных для беларускіх зямель жывёл у старажытнасці звычайна  не выкарыстоўваліся ў якасці мянушак.

На наш погляд, прозвішча Леус (Левус) узыходзіць па сваім паходжанні да мужчынскага хрысціянскага імя Леонтий, якое паходзіць са старажытнагрэчаскай мовы, дзе літаральна абазначала “львіны”. Такая незвычайная форма імя Леус узнікла на славянскай моўнай аснове: з прыняццем хрысціянства многія незразумелыя кананічныя (грэчаскія, лацінскія, яўрэйскія і іншыя) імёны трансфармаваліся і ўтварылі мноства народных размоўных варыянтаў. Так, у беларускай, рускай і ўкраінскай мовах ад кананічнага праваслаўнага імя Леонтий утварыліся варыянты Лявон, Лёва, Лёвань, Ляўко, Лявошка, Лявончык і іншыя. Размоўныя варыянты Левус і Левусь характэрныя для беларускай і ўкраінскай моў. А вось адназначна адказаць, у якой з гэтых усходнеславянскіх моў упершыню ўзнікла форма імені Леус (Левус), на сённяшні дзень не ўяўляецца магчымым. Найбольш верагодна, што гэта форма імені, якая затым перайшла ў прозвішча, утварылася яшчэ задоўга да фарміравання самастойных беларускай і ўкраінскай народнасцей — у часы ўсходнеславянскага адзінства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter