Летуценнікі

Не кожны здольны ажыццявіць сваю мару. Асабліва, калі яна амерыканская. Днямі прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп прыняў рашэнне аб адмене парадку, які даваў магчымасць нелегалам, што прыехалі з бацькамі ў ЗША ў дзіцячым узросце, атрымаць пасведчанне на права жыхарства ў гэтай краіне. У Амерыцы такіх людзей дагэтуль называюць “летуценнікі”. Іх — 1,7 мільёна. Аднак сёння яны, па сутнасці, з’яўляюцца “летуценнікамі” з чамаданамі, гатовымі ў любы момант накіравацца ў бок вакзала. У асноўным гэта ўраджэнцы Лацінскай Амерыкі, але не толькі.

Амерыканскі лідар з першых дзён знаходжання ў Белым доме, выконваючы перадвыбарчыя абяцанні, імкнецца трансфармаваць міграцыйнае заканадаўства і зрабіць яго больш жорсткім. Праўда, абодва ранейшыя міграцыйныя ўказы прэзідэнта даволі паспяхова блакіраваліся судовай уладай. У студзені гаспадар Белага дома таксама падпісаў дакумент з антыміграцыйным акцэнтам — аб ахове дзяржаўнай мяжы і будаўніцтве ахоўнай сцяны ўздоўж мяжы з Мексікай. Са спадзяваннем, што яна разлічыцца з бюджэтам ЗША за інжынернае збудаванне.

Цяпер Трамп не цырымоніцца: ён публічна назваў свайго папярэдніка Барака Абаму “чалавекам, які праігнараваў “волю Кангрэса”, падпісаўшы парадак атрымання амерыканскага грамадзянства дзецьмі-нелегаламі (праграма DACA, дзе замацаваны захады, якія часова былі адкладзены адносна дзяцей-імігрантаў). Указ Абамы 2012 года даваў амаль двум мільёнам імігрантаў, што прыехалі ў ЗША да свайго 16-годдзя, адтэрміноўку ад магчымай дэпартацыі і дазвол на працу. Аб чым кожныя два гады яны атрымлівалі адпаведныя паперы. Да мінулага года адтэрміноўку ад дэпартацыі і дазвол на працу (з магчымым працягам) мелі прыкладна 750 тысяч челавек. 

Са скасаваннем праграмы DACA ў буйных гарадах Амерыкі — Вашынгтоне, Нью-Ёрку і Чыкага — распачаліся масавыя акцыі пратэсту. Паліцыя правяла затрыманні мітынгоўцаў у белых майках. На тэлеканалах і ў сацыяльных сетках супраць новай міграцыйнай палітыкі гаспадара Белага дома выступілі вядучыя амерыканскія палітыкі. Так, экс-прэзідэнт ЗША Барак Абама на ўласнай старонцы ў Facebook назваў “бязлітасным і памылковым” рашэнне Трампа. Мэр Чыкага Рам Эмануэль заявіў у Twitter: “яго (Трампа!)  намаганні выгнаць з краіны ўсіх нелегалаў не будуць датычыць жыхароў горада”. Калегу падтрымаў мэр Нью-Ёрка Біл Дэ Блазіа. Чым скончыцца чарговы антыміграцыйны скандал у Злучаных Штатах — пакажа час. Магчыма, у справу зноў умяшаецца суд. У гэтым уся палітычная і прававая культура Амерыкі.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter