50-летие творческой деятельности отмечает Михаил Дрыневский

Льецца золата народнай песнi

Хор Дрынеўскага, як яго часта называюць, даўно i па праве лiчыцца творчай вiзiтнай карткай краiны, жамчужынай нацыянальнай культуры. У рэпертуары славутага калектыву больш за паўтысячы канцэртных нумароў. Яго добра ведаюць i любяць слухачы, не бывае такога, каб пасля выступлення да артыстаў не падыходзiлi, не дзякавалi за душэўнае выкананне, iншы раз i са слязамi на вачах.

Больш за 40 гадоў Нацыянальным акадэмiчным народным хорам iмя Г.I. Цiтовiча кiруе народны артыст Беларусi дырыжор Мiхаiл Дрынеўскi. Але час яго працы ў калектыве яшчэ даўжэйшы. Сёлета маэстра адзначае залаты юбiлей — 50-годдзе творчай дзейнасцi.

Фота Паўла ЧУЙКО.

Творчы сынок

— Мiхаiл Паўлавiч, адкуль кропка адлiку?

— У 1968 годзе я заканчваў кансерваторыю. У маi, як заўсёды, — справаздачны канцэрт, якi ўключаў i творы будучага дзяржэкзамену выпускнiкоў. Загадваў кафедрай харавога дырыжыравання Вiктар Роўда, ён жа быў i мастацкiм кiраўнiком хору кансерваторыi. Да канцэрта маэстра больш займаўся новай, напiсанай кампазiтарам Аляксандрам Фляркоўскiм араторыяй «Песни, вырвавшиеся из ада» на вершы афрыканскiх паэтаў. На твор, якi быў у мяне ў дзяржпраграме — складаны двуххорны твор Та­неева «По горам две хмурых тучи»,  вiдаць, часу не хапiла. I вось у дзень канцэрта ранiцай на рэпетыцыi Вiктар Уладзiмiравiч мне гаворыць: «Будзеш дырыжыраваць Танеева». Я ў роспачы, бо нi разу ад пачатку да канца твор яшчэ не рэпецiраваў з хорам, экзамены ж толькi летам. Але што зробiш: увечары дырыжыраваў, хоць каленi трэслiся. А пасля канцэрта за сцэну прыйшлi Фляркоўскi з Цiтовiчам, аднекуль даведалiся пра сiтуацыю, у якую я трапiў. Павiншавалi i сказалi, што годна я выйшаў з цяжкага становiшча. А Цiтовiч тут жа прапанаваў мне пасля заканчэння кансерваторыi iсцi да яго ў Дзяржаўны народны хор БССР хормайстрам. Да гэтага я Генадзя Iванавiча зусiм не ведаў.

— Выходзiць, дзякуючы выпадку акадэмiчную музыку перамагла народная.

— Проста Цiтовiч апярэдзiў Шырму. З Рыгорам Раманавiчам у мяне былi сяброўскiя адносiны. Яшчэ студэнтам кансерваторыi з 1964 года я працаваў з капэлай Палаца культуры трактарнага завода, а яна была калектывам-спадарожнiкам Дзяржаўнай акадэмiчнай капэлы БССР, якой кiраваў Рыгор Шырма. Мы многа сумесна выступалi на самых адказных канцэртах, я быў захоплены акадэмiчнай музыкай, Шырма мяне сынком называў, адкрыта пра гэта казаў.

Беларуская  народная  песня ў хоры — у асаблівай пашане.
belhor.by

— Пазней i Цiтовiч таксама цёпла да вас ставiўся.

— Генадзь Iванавiч называў сынком творчым, бо выдаў «замуж» за Дрынеўскага сваю «дачку», сваё любiмае дзецiшча — Дзяржаўны народны хор. Але спачатку 5 гадоў у Цiтовiча я быў прыдворным хормайстрам, працаваў па сумяшчальнiцтве, як быццам на паўстаўкi. Як быццам — бо ўвесь гэты час атрымлiваў зарплату 5 рублёў замест 55. Але нiдзе не хадзiў i больш не прасiў, нiколi за вялiкiмi грашыма не гнаўся. Хаця, напэўна, мог бы i пакрыўдзiцца, я ж сямейны чалавек ужо быў, яшчэ на 3-м курсе  вучылiшча ажанiўся. Калі ў кансерваторыю паступаў, ужо дачка нарадзiлася.

— Не пашкадавалi нiколi, што прапанову прынялi?

— Гады праз два працы ў Цiтовiча мне прапаноўвалi пераход у капэлу. Але падумаў: за гэты час прыцёрся да калектыву, i людзi да мяне прывыклi. Шкада стала: пайду, там зноў пачынай з нуля. Дый сысцi — гэта як здрадзiць: i  калектыву, i Генадзю Iванавiчу, якога я вельмi паважаў. Хаця ў капэле, калi шчыра, лягчэй працаваць. Там жа толькi хор, а ў мяне яшчэ i балет з  аркестрам.

Музычныя ўніверсітэты

— З часу вашага прыходу ў хор — 50 гадоў. Але дырыжорская дзейнасць пачалася значна раней. У 13 гадоў вы ўжо кiравалi хорам у роднай вёсцы Тонеж, а блiжэй да 10-га класа — нават двума калектывамi, прычым абодва мелi поспех i грымелi на ўвесь раён.

— Тая дзейнасць была чыста iнтуiтыўная. Вёска пасляваенная, нi самавучыцеляў, нi спытаць у каго — усё на слых. На баянчыку я тады ўжо няблага iграў. Думаў, паступлю ў музвучылiшча ў Гомелi, ноты вывучу i назад дамоў вярнуся.  Першы раз паступiў пасля 7 класаў, але ненадоўга. Жыць не было дзе i не было за што. Два тыднi ўпотай ад каменданта паначаваў пад ложкам у брата Валодзi ў iнтэрнаце (ён вучыўся ў фiнансавым тэхнiкуме i меў месца) дый дадому падаўся. Там зноў у школу пайшоў, а другi раз паступаў у музвучылiшча ўжо, калi 10 класаў скончыў. Праўда, таксама ледзь не кiнуў — цяжка. Ад бацькоў дапамогi не чакаў, хiба траяк на дарогу дадуць ды, можа, мех бульбы і лусту сала калi са спадарожнай машынай адправяць. А стыпендыя — 14 рублёў. На дзень недзе 15 капеек. А гэта бохан хлеба i цукру 150 грамаў цi нейкi суп i чай «Белыя ночы» пусты.

— А нотная грамата цi лёгка далася?

Шырокі  творчы  дыяпазон  дазваляе  хору ахопліваць самую разнастайную тэматыку народных і аўтарскіх твораў.
belarusiya.com 

— Сярод навучэнцаў я быў адзiн, хто музычную школу не скончыў, у тым Гомелi i фартэпiяна ўпершыню ўбачыў, i пра сальфеджыа ўпершыню пачуў. Але, мусiць, самалюбства зачапiла, дый перад бацькамi было сорамна, калi б не справiўся, зноў кiнуў. Таму праз колькi часу на ўроках сальфеджыа да мяне ўжо ўсе старалiся блiжэй сесцi, каб нотную дыктоўку спiсаць. Так i пайшоў далей. Памятаю, педагог мая па спецыяльнасцi Раiса Цiмафееўна Краснiцкая з першых дзён казала: «Ты павiнен у кансерваторыю паступаць». Так пасля i зрабiў.

— Цi лёгка працаваць з народнай песняй?

— Яе трэба не проста спяваць, а адчуць i перадаць закладзены сэнс, розум, душу, мудрасць народную, каб дайшла яна да сэрцаў людзей, там жа кожнае слова на вагу золата. Я заўсёды прашу сваiх артыстаў: думайце, пра што спяваеце. Вось нядаўна выступалi ў фiлармонii на вечары, прысвечаным памяцi майго педагога кансерваторскага Ганны Паўлаўны Зелянковай. Такiя апладысменты ў зале былi! А як заспявалi народную «Як пайду я дарогай»,  некаторыя i слёзы выцiралi.

Без сюрпрызаў

— Некалi Рыгор Шырма казаў: «Хачу, каб песня-сялянка вырасла ў вялiкасвецкую даму». Як сёння сябе пачувае народная песня?

— Яна жыве, дзякуй богу. Але дамай стане, калi памяняецца стаўленне да народнай песнi i музыкi. Зараз жа — вольнiца, пануе паўсюль папса, гэтая зараза, гэты гнус, як Шырма казаў, абляпiў усё. Нейкi працэнт дастойнай музыкi эстраднай ёсць, але яго ўсё менш. Вось нядаўна глядзеў канцэрт да 90-годдзя паэта Мiкалая Дабранравава — якiя песнi, якiя словы, там жа ёсць аб чым думаць, а якiя мелодыi! Але такiх песень больш не чуваць, няма сёння новых Пахмутавых цi Лучанкоў. Круцяць абы-што, сэнсу нiякага — адно паскудства адкрытае. Наш хор, напрыклад, даўно не гучыць. Дый на радыё зараз калi хочаш запiсацца, плацiць трэба. Раней запiсвалi ў фонд, дык нават капеечкi нейкiя адлiчвалi хору. Цяпер, каб туды трапiць, сам заплацi.

— Чым будзеце здзiўляць 6 снежня на сваiм «залатым» юбiлейным канцэрце ў Белдзяржфiлармонii?

— Акцэнт зробiм на маiх апра­цоўках народных песень для хору. Iх у мяне каля 100, прагучыць, можа, 15 твораў. А пра нейкiя сюрпрызы я нават i не думаў. Лiчу, нам i не трэба гэтага рабiць. Упэўнены, якую з нашых песень ні вазьмi, яна ляжа на розум i сэрца кожнаму, бо народная песня — гэта наша жыццё, наша спадчына i нацыянальны менталiтэт.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter