Маштабны фестываль харавой культуры крочыць па Беларусі

Льецца песня па краіне

Яшчэ свежыя ўспаміны пра грандыёзны гала-канцэрт ля Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, якім завяршылася акцыя “Харавое веча” 2015 года. Тады ў свяце прынялі ўдзел каля 70 харавых калектываў з розных куткоў Беларусі. Больш за 2000 галасоў ляцелі над Мінскам, выконваючы шэдэўры беларускай, рускай і савецкай музыкі — ад узвышанага “Отче наш” да патрыятычнай “Кацюшы”. Нечым падобным скончыцца і сёлетняя акцыя “Харавое веча”. Заключны канцэрт фестывальнага свята, у якім прымуць удзел некалькі тысяч чалавек, плануецца правесці ў Мінску 10 верасня.

Фота БЕЛТА

Аднак перад ім і арганізатараў, і ўдзельнікаў акцыі чакае вялікая падрыхтоўчая праца. З красавіка па май увазе калектываў і кіраўнікоў прафесійных і аматарскіх хароў народнага і акадэмічнага напрамкаў прапанаваны серыі канцэртаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча, а таксама майстар-класы народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Дрынеўскага і дацэнта кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамары Слабодчыкавай.

Распачалася акцыя 27 красавіка канцэртам і майстар-класам у зале Гродзенскага музычнага каледжа з удзелам каля 500 чалавек. Фестываль пабываў ужо ў Брэсце і Маладзечне. Наперадзе выступленні ў Магілёве (15 мая), Віцебску (17 мая), Мінску (22 мая) і Гомелі (31 мая). Мяркуецца, што акцыя паспрыяе папулярызацыі харавой музыкі і творчаму росту вакальна-харавых калектываў нашай краіны.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter