Летняя праца

Як адчуць сябе патрэбнымі грамадству?Большасць людзей нецярпліва чакае летняга адпачынку, каб на пэўны час забыцца пра свае працоўныя абавязкі. А ў некаторых міёрскіх маладых інвалідаў усё наадварот. Мінулым летам дзякуючы намаганням адной нераўнадушнай жанчыны — супрацоўніцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання траім з іх удалося папрацаваць на карысць роднага горада і зарабіць грошы на ажыццяўленне сваіх запаветных мар. І справа нават не ў грашах. Як адзначыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міёрскага раёна Алена Шамёнак, галоўнае — маладыя людзі ўпершыню адчулі сябе патрэбнымі грамадству. Падтрымлівала іх спецыяліст цэнтра па сацыяльнай рабоце Марына Кайнарава — жанчына года Міёршчыны ў намінацыі “жанчыны ў сістэме культуры, паслуг і сацыяльнай абароны”.

У Міёрскім раёне 52 маладыя інваліды і 96 дзяцей-інвалідаў. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створана аддзяленне для іх адаптацыі, моладзь можа наведваць кружкі і студыі, развіваць свае таленты і сябраваць з іншымі. Не ўсе бацькі ставяцца да гэтага прыязна, расказвае дырэктар цэнтра, адзін нават забараніў дачцэ з асаблівасцямі развіцця выходзіць на вуліцу, каб пазбегнуць насмешак. Аднак ментальнасць людзей паступова мяняецца, і да інвалідаў адносяцца па-іншаму, не прыніжаючы іх пачуццё ўласнага гонару. Сын Марыны Кайнаравай Вася нарадзіўся з сіндромам Дауна, але, па яе словах, у сям’і да яго з дзяцінства ставіліся як да здаровага дзіцяці, вучылі выконваць простую хатнюю працу. “Памятаю, як мы вучыліся мыць падлогу, — расказвае Марына Васільеўна. — Вася сеў і плача. І я таксама плачу, але ўсё ж не кідаю спроб навучыць сына, бо трэба было прыстасаваць яго да жыцця”.
І вось у мінулым годзе з той жа ўпартасцю Марына Кайнарава прапанавала арганізаваць групу маладых інвалідаў, якія штодзень прыбіралі б любімае месца адпачынку жыхароў Міёр — паўвостраў каля возера. А потым упэўнівала кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі, што хлопцы здолеюць выканаць заданне, дабівалася дазволу ад МРЭК і штодзень уставала ў пяць гадзін раніцы, каб дапамагаць сваім падапечным. І яны справіліся! А былі выпадкі, калі ў аднаго хлопца здараліся эпілептычныя прыпадкі падчас працы. Марына Васільеўна ўвесь час была побач і дапамагала яму ачуняць. І — зноў наперад, да мары.
У кожнага ўдзельніка гэтай маленькай каманды была свая мэта. Васіль, сын Марыны Кайнаравай, хацеў зарабіць на новы ложак, дваццацітрохгадовы Юра марыў пра веласіпед, трэці ўдзельнік, Саша, хацеў другі тэлевізар у свой пакой. Папрацаваўшы чатыры месяцы, яны атрымалі дастаткова, каб купіць гэтыя рэчы на свае ўласныя грошы. Хоць і цяжка прыходзілася, аднак радасць маладых інвалідаў была вартая намаганняў! На зіму Васю ўладкавалі тэхнічным супрацоўнікам у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ад працы ён не адлыньвае: штодзень нецярпліва чакае пяці гадзін вечара, каб узяць у рукі швабру і пачаць прыбіраць пакоі. А ўлетку Марына Васільеўна плануе ўзнавіць працу атрада, у якім будуць ужо чатыры маладыя інваліды. Добрая і патрэбная справа ў Год роднай зямлі. Патрэбная не толькі ім, але і нам, каб вызваліцца ад старых поглядаў у адносінах да людзей з асаблівасцямі развіцця.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter