В Щучине «папараць-кветку» искали с особым вдохновением

Летняя ночка купальская

Купалле — адно з самых старажытных і загадкавых народных свят. У гэты дзень дзяўчаты плятуць вянкі і варожаць на суджанага, закаханыя выпрабоўваюць свае пачуцці, скачучы праз вогнішча, а аматары прыгод шукаюць тую самую папараць-кветку, якая, згодна з паданнямі, робіць людзей шчаслівымі. Яе шукалі і шчучынцы. Імпрэза адбылася на пляцоўцы ля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. 


Фалькларысты і гісторыкі перакананы, што менавіта ў беларусаў святкаванне Івана Купалы найбольш падобна на тое, як сустракалі гэты дзень продкі. Свята заўжды спраўлялі ўвечары і ноччу. У народзе верылі, што на Купалле рэкі свецяцца асаблівым святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку «гуляе». Вось толькі ўбачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай папараці-кветкі, якая зацвітае, згодна з павер'ямі, усяго на імгненне раз у год. 

Адметная рыса шчучынскага традыцыйнага свята — купальскія вянкі. Раней дзяўчаты да Купалля рыхтаваліся загадзя. Каб увечары паваражыць, з раніцы збіралі кветкі ды зёлкі, якія ў гэты дзень быццам набываюць асаблівую гаючую сілу. Шчучынцы маглі прыдбаць вянок акурат на свяце або сплесці самастойна. Майстрыхі аддзела рамеснай дзейнасці раённага цэнтра культуры і народнай творчасці дакладна ведаюць, якія зёлкі трэба ўплятаць.


— У сапраўдным купальскім вянку абавязкова павінны быць папараць, валошкі, рамонкі і палын, — тлумачылі яны дзяўчатам падчас майстар-класа. — Гэта сімвалы Купалля, кахання, прыгажосці і здароўя.

Пакуль дзяўчаты плялі вянкі, на свяце бойка ішоў гандаль, актыўна працавалі атракцыёны, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Праграма свята была насычанай і шматграннай. Са сцэны гучалі песні ў выкананні артыстаў музычнага тэатра «Рада». Чулі б вы, якія галасы ў артыстаў: чыстыя, звонкія, нібы напевы нашых жаўрукоў… 


Не абышлося без традыцыйных абрадаў і гулянняў. Кульмінацыя імпрэзы — запальванне вогнішча. Шчучынцы фатаграфавалі і вадзілі карагод. У ім закружыліся і Купала з Купалінкай. Дзяўчаты запусцілі вянкі на мясцовым возеры. Кажуць, калі вянок заплыве далёка, жаданне споўніцца, а калі прыплыве да берага або патоне — не. Тое ж і з каханнем. Калі вянок адразу патоне ў вадзе — каханы не бу­дзе з вамі, калі ж распляцецца ў вадзе або прыб'ецца да берага — сёлета дзяўчына замуж не выйдзе. І наадварот, далёка заплыў на Купалле — хуткае вяселле.

Самыя смелыя пары на свяце скакалі праз агонь. Кажуць, калі яны, трымаючыся за рукі, пераскочаць праз вогнішча, то будуць жыць у згодзе.

Хай сабе таямнічая купальская ноч і прайшла, але галоўнае — верыць у цуд, тады шчасце і каханне знойдуць вас і без чароўных кветак! 


kasper@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter