«Мне было ўсяго 16, а ўжо сівая»: ветэран Вялікай Айчыннай вайны, медсястра Лідзія Волкава — пра баі пад Курскам

Летапіс вогненнай дугі

Лідзія Кандрацьеўна Волкава, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, запомніла Курск па-свойму. Ваенныя дзеянні за вызваленне гэтага горада ўвасобіліся ў яе памяці яскравым адбіткам. Колькі жыццяў тады выратавалі маладыя медсястрычкi, а колькі разоў рызыкавалі сваімі — не злічыць. «Лекаў было мала, параненых — шмат, але мы не падалі духам і ім не давалі: маральная падтрымка часам для байцоў значыла многае». Менавiта медсёстры былi тымi людьмi, дзякуючы якiм салдатам хацелася хутчэй падняцца з бальнiчнага ложка, каб зноў вярнуцца на перадавую.

Змаганне за жыццё

Лідзія ВОЛКАВА.
Фота Уладзіміра ШЛАПАка
Улетку 1943 года нямецкае камандаванне планавала пачаць адну з найбуйнейшых наступальных аперацый стратэгічнага значэння «Цытадэль». Для яе правядзення фашысты сцягнулі ў раён Курскай дугі 19 танкавых дывізій. Агульная колькасць войскаў вермахта тады вырасла да 50 дывізій, а колькасць салдат — да 900 тысяч. Пасля разгрому Савецкай арміі нямецкае камандаванне планавала нанесці магутны ўдар на паўднёвым захадзе.

Але Савецкі Саюз падрыхтаваў сюрпрыз — у ходзе разгорнутых на Курскім выступе работ была створана магутная абаронная пазіцыя. Тут савецкае камандаванне засяродзіла войскі агульнай колькасцю каля 1,3 мільёна чалавек. Бітва на Курскай дузе пачалася 5 ліпеня з масіраванага наступлення нямецкіх войскаў. Пасля тыдня кровапралітных абарончых баёў наступленне ворага ўдалося спыніць.

На той момант хірургічны атрад, дзе Лідзія Волкава служыла з пачатку вайны, перафарміравалі ў асобную роту медыцынскага прызначэння. У чым розніца? У роце ішла больш сур’ёзная спецыялізацыя па галінах медыцыны: былі нейрахірургічныя, тэрапеўтычныя, таксікалагічныя групы, а таксама асобныя групы з афтальмолагамі і оталарынголагамі.

Групу Ліды пасадзілі на транспартны амерыканскі самалёт «Дуглас» і тэрмінова перакінулі ў Курск. Спыніліся яны недзе на ўскрайку яшчэ цалкам не вызваленага горада. Да сённяшняга дня ветэран не можа забыць водгукі бязлітасных бамбёжак і счарнелыя абломкі падбітых танкаў. 

Медыцынскую групу размясцілі па хатах мясцовых жыхароў. Аднак там спецыялісты амаль не паказваліся — ад безлічы параненых яны не адыходзілі ні на хвіліну. А дапамогу салдатам даводзілася аказваць у лепшым выпадку ў разбураных пабудовах школ ці калгасаў, а часам і проста ў палатках у чыстым полі. 

— Мы дзень і ноч займаліся параненымі байцамі, якіх прывозiлi да нас. Задрэмлеш на паўгадзіны падчас чарговай бітвы — і зноў за працу. Аперацыі даводзілася праводзіць самыя складаныя. Напрыклад, пранікальнае раненне ў галаву. Рэакцыя медыкаў павінна быць імгненнай, таму што хутка адбываецца ацёк мозгу і чалавек можа памерці. Але нашы першакласныя ўрачы і не з такім спраўляліся. Пасля вайны шмат ветэранаў бачыла з дзірачкай вось тут, — паказвае на галаву бабуля. — Даводзілася ў палявых умовах тады і ампутацыі праводзіць, і ад цяжкіх раненняў у грудзі і жывот ратаваць. 

Дзякуй богу, матэрыялаў і тэхнікі ў спецыялізаванай групы хапала. Спецыялісты ні разу не засталіся без сродкаў медыцынскай дапамогі — былі ў дастатковай колькасці і перавязачныя матэрыялы, і поўны камплект хірургічных прылад, і нават металічныя аперацыйныя сталы. 

Найбольшае ўражанне з тых часоў пакінулі для Волкавай дні змагання на станцыі Прохараўка: 

— Хоць тады мы знаходзіліся далёка ад перадавой, невыносны грукат даносіўся да нашай палаткі. Суцэльны роў матораў, лясканне металу, выбухі снарадаў і дзікі скрыгат жалеза аж ціснулі на перапонкі. У многіх салдат тады ішла кроў з вушэй, і гэта лічылася нормай. У такіх умовах галоўным было заставацца ў цвярозым розуме і памяці. А выбару не заставалася. Інакш каму працаваць? 

Выжыла цудам

Дарэчы, вайна напаткала Лідзію Волкаву ў Заходняй Украіне, побач з Карпатамі. Сюды яе накіравалі на працу пасля сямі класаў звычайнай школы і двухгадовай школы медсясцёр. 

— Я з дзяўчатамі прагульвалася па горадзе, а мясцовыя жыхары паведамілі, што пачалася вайна. Мы застылі ў разгубленасці, — Лідзія Кандрацьеўна ў дробязях прыгадвае 22 чэрвеня 1941 года. — У той жа дзень патэлефанавалі з ваенкамата і даручылі з’явіцца назаўтра з рэчамі. 

На наступны дзень Лідзія ў званні старшыны (адзіным і пажыццёвым) апынулася ў горадзе Станіславе, дзе ўжо ляталі нямецкія самалёты і чуліся кулямётныя чэргі. У той жа дзень дзяўчына адправіла вестку родным. Бацьку яе не прызвалі: з Першай сусветнай выйшаў інвалідам. Крыху забягу наперад — вайна, на шчасце, злітавалася над бацькамі і малодшымі брацікам з сястрычкай Лідзіі, яны засталіся жывыя. 

— Момант — і ўсё замерла: бомба наскрозь працяла муры двухпавярховага будынка, дзе мы аказвалі дапамогу параненым. Мяне спачатку падкінула ўверх, а потым з усёй сілы шпурнула на зямлю і прываліла зверху развалінамі. На хвіліну адчула, быццам знаходжуся ў магіле. Амаль непрытомная, цудам схапілася за чыйсьці шынель, што віднеўся з-пад кучы пяску і камення. Мяне з цяжкім страсеннем мазгоў пераправілі ў шпіталь. А чатырох чалавек у той дзень дасталі з-пад руін ужо мёртвымі і спешна пахавалі там жа, на падворку, — Лідзія Волкава запомніла 30 верасня 1941 года назаўсёды. Менавіта тады яна нарадзілася нанова і пасівела ў свае шаснаццаць гадоў. 

Перамога са слязамі на вачах

Пасля Курскай дугi пачалося адступленне немцаў.

Гарады на шляху вызвалення імгненна злятаюць з вуснаў Лiдзii Волкавай: Гомель, Рэчыца, Баранавічы, Брэст. На беларускіх землях часта аказвалі меддапамогу ў партызанскіх зямлянках. Далей на баявым шляху былi Польшча і Германія. 

— Напрыканцы вайны наша група спецыялізавалася на хірургічных аперацыях на вачах. Запаленне параненага вока таксама трэба было спыніць своечасова, каб не застацца без абодвух. Памятаю, як восьмага мая частку групы пасадзілі ў грузавую машыну і некуды павезлі. Пад’язджаем да Рэйхстага і бачым: на купале развяваецца чырвоны сцяг. Пачуцці цяжка перадаць словамі, — тонкая ручаінка слязы скацілася па шчацэ Лідзіі Кандрацьеўны. 

Май 1945-га: Лідзія Кандрацьеўна з ваеннымі медыкамі каля Рэйхстага пасля абвяшчэння Перамогі

Пасля вайны дзяўчына ўладкавалася на працу афтальмалагічнай медсястрой у Патсдаме і пачала падрыхтоўку да экзаменаў за дзясяты клас, пасля Ліда марыла пра медыцынскі ўніверсітэт. У свае дваццаць гадоў яна лічыла сябе старой дзеўкай і не звяртала ніякай увагі на моцны пол, пакуль яе не закружыў у танцы невядомы «пянзюк» на мясцовай вечарыне. Так яна і цяпер называе свайго мужа Васіля Сяргеевіча Волкава з Пензенскай вобласці.

Сёння Лідзія Кандрацьеўна жыве з адзіным сынам у Мінску. На адным месцы жвавая бабуля не сядзіць: то ў магазін збегае, то з суседкамі пагамоніць, то вячэру сыну прыгатуе. Дарэчы, кулінарыць у яе атрымліваецца нядрэнна — бульбу з селядцом па фірменным рэцэпце нават адзначылі падзякай у конкурсе савета ветэранаў. 

ЯК ГЭТА БЫЛО

Бітва на Курскай дузе (5 ліпеня — 23 жніўня 1943 года) — адна з ключавых бітваў Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны, самая буйная танкавая бітва ў гісторыі. У ёй бралі ўдзел каля двух мільёнаў чалавек, былі задзейнічаны шэсць тысяч танкаў і чатыры тысячы самалётаў. 

У выніку наступлення савецкіх войскаў былі разгромлены магутныя арлоўская і белгарадска-харкаўская групоўкі фашыстаў. Таксама ў Курскай бітве і бітве за Дняпро быў завершаны карэнны пералом падчас ВАВ, пачаты пад Сталінградам, і стратэгічная ініцыятыва канчаткова перайшла на бок СССР.

У ходзе Курскай бітвы пад Прохараўкай (56 кiламетраў ад Белгарада) адбылася найвялікшая танкавая бітва. З абодвух бакоў у ёй прымалi ўдзел каля 1200 танкаў і самаходных гармат. Танкавая бітва на Курскай дузе стала яшчэ адным прыкладам гераізму савецкіх воінаў. У той жа дзень, 12 ліпеня, савецкая армія перайшла ў контрнаступленне. Бітва падоўжылася на 50 дзён, да 23 жніўня 1943 года.

У ходзе Курскай бітвы страты немцаў склалі каля паўмільёна чалавек, а таксама знішчана вялікая колькасць тэхнікі. 

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter