Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выйшаў з друку двухсоты ад часу заснавання нумар газеты Саюза беларусаў Латвіі “Прамень”

Летапіс добрых спраў

Прыгожыя словы — не заўсёды сведчанне годных, значных спраў. А найлепш, калі ў дзейнасці ёсць гарманічнае ўзаемадзеянне спраў ды слоў. Таму заслугоўвае павагі ды пераймання досвед шматбаковай дзейнасці Саюза беларусаў Латвіі. Прыгожая, багатая на фотаздымкі поўнафарматная газета (раней казалі: фармат газеты “Правда”) ужо 23-і год выдаецца ў Рызе. Газета — сімвал адзінства і сілы СБЛ. Сябры дасылаюць нам па электроннай пошце яе варыянт у ПДФ-фармаце. Летась у лютым выйшаў 194-ы нумар, а сёлета — ужо двухсоты. Віншуем усіх, дзякуючы каму праект развіваецца, віншуем чытачоў газеты, актывістаў СБЛ.

Газета, як вядома, дае магчымасць не толькі зафіксаваць падзеі, але і сабраць каштоўны досвед, заахвоціць рупліўцаў да стваральнай працы на будучыню. Тыя, хто робіць “Прамень”, маюць і такую добрую традыцыю: павіншаваць усіх супляменнікаў з Латвіі, у чыім жыцці ёсць важныя дасягненні, падзеі. У юбілейным нумары “Праменя”, напрыклад, на першай старонцы шмат розных віншаванняў з Калядамі, Новым годам, Раством Хрыстовым. А на апошняй — пад традыцыйнай рубрыкай “Саюз беларусаў Латвіі віншуе” чытаем як імёны і прозвішчы юбіляраў, актывістаў з розных суполак, так і тых, хто адзначаў свой чарговы дзень нараджэння ў студзені, лютым, сакавіку. Каштоўны, дарэчы, напамінальнік, бо ў коле жыццёвых клопатаў не ўсё ж утрымаеш у галаве…

Асобна пададзена віншаванне сябру праўлення Беларускага таварыства “Прамень”, юбілярцы Зоі Кальвіш ад старшыні СБЛ Валянціны Піскуновай ды старшыні суполкі “Прамень” з Рыгі Алёны Лазаравай. Спадарыня Зоя шмат гадоў на чале ансамбля беларускай народнай песні “Надзея”, сама ў ім спявае. Яна ўшанавана ганаровай граматай СБЛ, ёй — падзяка за самаадданую працу дзеля пашырэння беларускай культуры, мовы, традыцый, дзеля развіцця беларускага руху ў Латвіі.

Шэраг тэкстаў пра сустрэчы, падзеі ў беларускіх суполках Латвіі, што выйшлі ў 200-м нумары газеты “Прамень”, у адаптаваным выглядзе пабачылі свет і ў нашым выданні. Мы рады такому супрацоўніцтву. А на 2-3 старонках — грунтоўны тэкст Алёна Лазарава паводле матэрыялаў круглага стала ў Латвійскім нацыянальным цэнтры культуры. Тэма яго: “Нематэрыяльная культурная спадчына — гэта каштоўнасць і духоўнае багацце краіны. Роля і магчымасці грамадскіх культурных аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў у зберажэнні нематэрыяльнай спадчыны”. Мяркую, актывісты беларускіх суполак у іншых краінах маглі б выкарыстаць досвед, ініцыяваць падобныя абмеркаванні ў сябе.

Голас Радзімы № 13 (3517), чацвер, 30 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter