Нацыянальны гістарычны музей экспануе княжацкія лісты і... тэлевізійныя лялькі

Летапіс сярэднявечча і сучаснасці

Нацыянальны гістарычны музей экспануе княжацкія лісты і... тэлевізійныя лялькі


Гэтую выставу ўсе чакалі ўжо даўно. Прынамсі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў яе не раз анансаваў. Але міжнародны праект патрабуе ўзгадненняў. І вось літоўскія і беларускія сховішчы страсвеччыны, нарэшце, дамовіліся і прадставілі публіцы ў Мінску рарытэты, што сведчаць пра веліч роду Радзівілаў — князёў, якіх у даўнія часы называлі няйначай як “некаранаванымі каралямі” Вялікага Княства Літоўскага.


На выставе “Радзівілы. Вялікая эпоха князёў” у Нацыянальным гістарычным музеі

Міжнародная выстава “Радзівілы. Вялікая эпоха князёў” — рэдкі выпадак, калі ёсць магчымасць уявіць сабе магутнасць магнатаў у кантэксце не толькі гісторыі Беларусі, але і пагля­дзей шырэй, бо яны валодалі землямі і ў Літве, і ў іншых еўрапейскіх краінах.

На выставе мне расказалі цікавую гісторыю. Тут выстаўлена кніга, выдадзеная ў XVII стагоддзі ў Амстэрдаме. Гэта праца Адама Фрайберга па фартыфікацыі. Багуслаў Радзівіл, які жыў у той час, паведамляў бацьку, што купіў выданне за мяжой. І атрымаў раду: “Лепш бы ты аўтара знайшоў і прывёз да нас, у Літву”. Так Фрайберг апынуўся ў горадзе Біржай, дзе пабудаваў Радзівілам рэзідэнцыю — паводле апошняга слова дойлідства і тэхнікі. Бо гэта была моцная фартэцыя, якую доўга не маглі ўзяць ніякія ворагі. А пасля вучань Фрайберга збудаваў такую ж цытадэль у Беларусі — у Слуцку.

На выставе можна пераканацца: паміж сучаснымі Беларуссю і Літвой у мінулым было нашмат больш агульнага, як можа здацца сёння. Вось, напрыклад, кафлі, выкладзеныя пад шклом. Іх знайшлі ў час раскопак палаца вялікіх князёў у Вільні. Падобныя археолагі адшукалі і ў Мірскім замку.

Рэдкія выданні XVI-XVIII стагоддзяў, што дэманструюцца ў вітрынах, сведчаць: Радзівілы аддавалі перавагу ў той час друку кніг на польскай і лацінскай мовах. Вось, напрыклад, важкая Біблія, што ўбачыла свет у Берасці (Брэсце) у 1563 годзе. Заказаў яе выданне тагачасны апякун пратэстанцкага рэлігійнага руху Мікалай Радзівіл Чорны. Але не па-беларуску, а па-польску. Такая была тады культурная мода. Беларусь — краіна на ростанях, паміж Польшчай і Расіяй. Таму ўвесь час даводзіцца адчуваць уплывы з боку мацнейшых суседзяў.


Нацыянальны гістарычны музей упершыню дэманструе дакументы з архіва слуцкага Свята-Траецкага праваслаўнага манастыра. Лісты манахі рассылалі па ўсёй Беларусі і нават у Кіеў. Да многіх прывешаны пячаткі са старажытнымі гербамі. Цяжка нават уявіць, што такія далікатныя прадметы перажылі многа стагоддзяў з войнамі ды пажарамі. Але вось яны — на адлегласці выцягнутай рукі.

Тэматыку спадчыны ВКЛ пра­цягвае яшчэ адна экспазіцыя Гістарычнага музея, што адкрылася ў памяшканні Дома-музея I з’езда РСДРП. “Зброя і гонар. Татары на службе ВКЛ” — так называецца выстава, якая расказвае пра малавядомую гісторыю. Больш за 600 год таму ў Беларусь і Літву з Крыма прыбылі татары. І з таго часу жывуць на нашых землях. Калісьці яны служылі ў войску вялікага князя, будавалі мячэці, перапісвалі па-беларуску арабскімі літарамі Каран. Цяпер ад гэтага народа засталіся некалькі тысяч чалавек, якіх амаль не адрозніш ад беларусаў і літоўцаў… Праз многа стагоддзяў татары цалкам асіміляваліся. Але музей захаваў сведчанні іх адметнасці.

На выставе можна азнаёміцца з прадметамі побыту і адзеннем татар — жаночымі і мужчынскімі касцюмамі, упрыгажэннямі. Цікавасць наведніка несумненна выкліча ўзбраенне воіна канца XIV — пачатку XV стагоддзя: шлем, шчыт, кальчуга, пояс, шабля, дзіда, харугва.

А вось аматару сучаснай культуры варта завітаць у гэтак званы Дом масонаў у Музычным завулку ў Мінску, дзе знаходзіцца яшчэ адзін філіял Гістарычнага музея — Музей тэатральнай і музычнай культуры. Тут паказана калекцыя лялечных персанажаў дзі­цячай праграмы “Калыханка”, якую ведае кожны беларус, бо, бадай, усе апошнія пакаленні гадаваліся разам з сябрамі з тэлеказкі — сабачкам Цявам, катом Марцінам, дзяўчынкай Васілінкай, хлопчыкам Васільком, Буслікам, Дзедам Барадзедам, медзведзяняткам Топам, ліскай Янай ды іншымі.

Акрамя лялек, у экспазіцыі можна ўбачыць рэдкія архіўныя фатаграфіі, кадры са здымачнай пляцоўкі, калекцыю касцюмаў вядучых.

Стваральніца вечаровай казкі для дзетак — Ніна Шоба. Яна прыдумала назву перадачы. І хаця яна даўно на пенсіі, але прызнаецца:

— Дагэтуль не магу заснуць без “Калыханкі”.

Дзеці настолькі прывыклі да герояў перадачы, што пішуць да іх лісты — не як да лялек, а як да людзей. З гэтага года на экран вярнуўся стары герой праграмы — Буслік. Некалькі год яго не было ў эфіры. Цяпер персанажа агучвае актрыса Эмілія Пранскуце.

Усяго за 35 гадоў, што калыхае малых беларусаў “Калыханка”, у ёй перабывала каля 40 лялек. Не ўсе захаваліся. У музеі вы пабачыце крыху больш за 20. Іх адрэстаўравала Марына Фаміна:

— У некаторых была пашкоджана механіка, таму даводзілася працаваць нават з малатком і цвікамі. Васілінцы камізэльку вышывала машынкай, а кашулю Васільку — уручную крыжыкам.

Гістарычны музей, як бачыце, —гэта не толькі сховішча сярэднявечных скарбаў, але і жывы летапіс сучаснасці. Завітаўшы сюды, вы таксама можаце пакінуць сваё слова ў хроніцы вечнасці — напісаўшы некалькі слоў у кнізе для водгукаў наведнікаў. Праз шмат гадоў нехта з цікавасцю пагартае гэты том.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter