Летам зноў з балетам

Мінулагодні ліпеньскі харэаграфічны марафон у Вялікім тэатры напачатку здаваўся эксперыментам
Мінулагодні ліпеньскі харэаграфічны марафон у Вялікім тэатры напачатку здаваўся эксперыментам. На працягу сезона балетная трупа дала больш за сотню спектакляў, былі ўдалыя прэм’еры, зорныя госці. Навошта стомленай публіцы дэсерт? Лета — самы час для адпачынку артыстаў і іх заўзятых прыхільнікаў. Але дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка вырашыў, што на салодкім торце не хапае вішанькі, і абвясціў Балетнае лета ў Вялікім. Класіка чаргавалася з сучаснымі накірункамі, адна зорная прыма змяняла другую. Словам, гэта было цудоўнае свята, якое недазвольна было б не паўтарыць. Сёлетняя афіша значна адрозніваецца ад мінулагодняй. Самы час пазнаёміцца з ёй, а таксама запрошанымі артыстамі, якія з 17 па 24 чэрвеня будуць блішчаць на беларускай сцэне.


Балет «Рамэа i Джульета»


Адкрые фестываль «Лебядзінае возера» ў галоўных ролях з заслужанай артысткай Расіі, прымай «Крамлёўскага балета» Аляксандрай Цімафеевай. Яна ж будзе саліраваць і ў «Жар-птушцы» Ігара Стравінскага. Гэты спектакль разам з «Шахеразадай» складзе праграму дзягілеўскіх «Рускіх сезонаў», сумеснага праекта беларускага тэатра і вядомага танцоўшчыка Андрыса Ліепы. 

У мінулым годзе на мінскай сцэне блішчала сама Ніна Ананіяшвілі. На гэты раз народная артыстка Расіі і Грузіі прапануе адну са сваіх дэбютных работ у якасці пастаноўшчыка — «Лаўрэнсію», якая ўжо была прадстаўлена ў Вялікім. На гэты раз галоўную жаночую ролю выканае лаўрэат міжнародных конкурсаў салістка Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Паліяшвілі, запрошаная прыма Каралеўскага балета Швецыі Лалі Кандэлакі.

На 21 чэрвеня ў афішы пазаначаны «Рамэа і Джульета» ў выкананні Тэатра балета імя Леаніда Якабсона з Санкт-Пецярбурга. Цікава, што, па задуме рэжысёра Ігара Конева, дзеянне шэкспіраўскай трагедыі перанесена ў нейкі ўмоўны тэатр, дзе сапернічаюць дзве балетныя трупы — CapuletClassiсBalletTheatre и MontagueModernDanceTheatre — дзве розныя школы класічнага і сучаснага танца.

У спектаклі «Жызэль, ці Вілісы» сапраўдныя прыхільнікі балета пазнаюць сваю добрую знаёмую — заслужаную артыстку Расіі Кацярыну Борчанка, якая з 2003-га па 2007-ы служыла ў нашым Вялікім тэатры, цяпер яна салістка Міхайлаўскага тэатра. 

Як і ў мінулым годзе, завершыць фестываль гала-канцэрт зорак сусветнага балета. Сярод удзельнікаў — салісты Каралеўскага балета Швецыі, Фінскага нацыянальнага балета, трупы Барыса Эйфмана і іншыя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter