Летам рай і ў будане

Пачаўся сезон водпускаў. Дзе будзем адпачываць?Пуцёўкі ў лепшыя санаторыі раскуплены. Але гэта не значыць, што трэба ляцець на бераг турэцкі. У Беларусі ёсць яшчэ многа альтэрнатыўных варыянтаў летняга рэлаксу — і не толькі на стандартны адпускны месяц, але і на выхадныя дні. На любы густ.

Прарыў на радзіму
— За 2008 год у два з паловай разы павялічылася колькасць сельскіх сядзіб — цяпер іх 474. Рэканструяваны 291 аб’ект турыстычнай інфраструктуры. Прадстаўнікі 19 краін прыбылі ў Мінск, каб прапанаваць свае паслугі ў сферы адпачынку і пазнаёміцца з магчымасцямі Беларусі, — Чэслаў Шульга, намеснік міністра спорту і турызму, меў усе падставы для аптымізму, маючы ў руках гэтыя гучныя лічбы. Ён з гонарам абвясціў іх, адкрываючы ўчора ў Мінску сезонную выставу “Адпачынак”.
Па маштабах сёлетняя экспазіцыя не параўнуецца ні з адной, што праводзіліся ў папярэднія адзінаццаць гадоў. Люд, прагны да свежай інфармацыі пра курорты і новыя экскурсійныя маршруты, некалькі разоў “штурмаваў” выставачны цэнтр “Белэкспа”. Наведвальнікаў пускалі партыямі. Не ставала месца для ўсіх жадаючых выбраць сабе пуцёўку. І хаця на выставе традыцыйна пераважаюць стэнды з рэкламай замежнага турыстычнага прадукту — найбольшыя чэргі стаялі па пуцёўкі на адпачынак у Беларусі.
Рабінзон у спа-цэнтры
— Магчымасцей для адпачынку ў нашай краіне даволі, — пераканана Алена Баравік, начальнік упраўлення па санаторна-курортнай рабоце Цэнтра па санаторна-курортнай рабоце “Цэнтркурорт”. — Апрача санаторыяў, 80—90 працэнтаў месцаў у якіх сапраўды на лета забраніраваны, ёсць яшчэ нацыянальныя паркі, такія комплексы, як “Сілічы”. З мінулага года рэалізуецца праект “Беларускія канікулы ў цэнтры Еўропы”. На пяць, сем, дзесяць дзён вы адпраўляецеся ў падарожжа па запаведніках, гістарычных мясцінах. Гэты маршрут ужо выклікаў вялікую цікавасць у Еўропе, Расіі.
У санаторыі “Юнацтва”, што пад Мінскам, вырашылі нястачу месцаў проста. На Востраве кахання Заслаўскага вадасховішча ўжо трэці сезон працуе палатачны лагер. Адны суткі пражывання тут з чатырохразовым харчаваннем каштуюць 34 тысячы 500 рублёў. Палатка разлічана на 3—4 чалавекі, а ў суме на выспе могуць знаходзіцца 120 чалавек. Побач — душ, мангалы, спортпляцоўка, астраўны гарадок электрыфікаваны і кругласутачна ахоўваецца. Жыві, як Рабінзон, у “будане”, а побач — усе сучасныя выгоды. Ці абавязкова ехаць па экзотыку ў далёкі край?
У дадатак на вялікім беразе, пры галоўным корпусе “Юнацтва” адкрыўся спа-цэнтр, дзе ёсць басейн, джакузі, сауны — фінская ды турэцкая, касметалагічны кабінет і г.д. Спа-працэдуры, дарэчы, збіраюцца патроху ўводзіць у сябе і некаторыя аграсядзібы.
У лазню — дык у “Сілічы”!
Летам сіноптыкі абяцаюць вельмі гарачае надвор’е. Таму паўднёвы загар не абавязкова набываць на поўдні і тым больш не ў салярыі. На Нарачы ўсе месцы пазаймалі на ўсё лета ўперад яшчэ з канца мінулага года. А на Браславах толькі пачынаецца браніраванне катэджаў. Са слоў Святланы Сідарэйкі, спецыяліста аддзела турызму Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, найбольш папулярная сёння база адпачынку “Лявошкі”: “Тыдзень пражывання ў двухмесным драўляным доме двум чалавекам будзе каштаваць 873 тысячы 950 рублёў. У пуцёўку ўключана харчаванне, пракат лодкі, забаўляльныя імпрэзы, экскурсіі”.
Параўнайце: у “Сілічах” пражыванне ў двухмесным катэджы на дваіх, але толькі са сняданкамі, складзе 1 мільён 211 тысяч рублёў. “Калі збіраецеся не ўдваіх, а кампаніяй, будзе выгадней парыцца ў лазні. “Забраніраваць” лазню на пяць чалавек каштуе 140 тысяч у будны дзень і 170 тысяч у выхадныя”, — падлічыла Алена Герлоўская, маркетолаг Рэспубліканскага горналыжнага цэнтра “Сілічы”.
Баляванне пасля палявання
Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба не толькі ў розных краях пабываць, як сцвярджаў паэт, але і пазнаць саму краіну — розныя яе куткі. Ужо цяпер, не чакаючы лета, адкрываюцца новыя экскурсійныя маршруты.
У Белавежскай пушчы, да прыкладу, з’явілася новая экалагічна-гістарычная сцежка — “Царская паляна”. Шпацыруючы па гэтым маршруце, вы пабачыце і чырвоны дуб, прывезены ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя з Канады, і бярозу з наростам у выглядзе галавы зубра, і Татарскае балота, і ўласна царскую паляну, дзе пасля палявання балявалі яшчэ польскія каралі, а пасля расійскія імператары ды савецкія генеральныя сакратары.
Чэслаў Шульга цалкам мае рацыю, кажучы, што цікавыя маршруты і турыстычныя комплексы, як на Нарачы, у Белавежскай пушчы, могуць быць у кожным рэгіёне Беларусі. Наша краіна багатая на рэкі, лясы, гістарычныя помнікі. Калі “Сілічы” маглі ўзнікнуць фактычна на пустым месцы і за кароткі час стаць не менш знакамітымі, чым самыя папулярныя заморскія курорты, можна не толькі спадзявацца, але і быць упэўненым: з’явяцца аналагічныя і не менш салідныя комплексы. Беларусь можа прапанаваць і сваім людзям, і гасцям з-за мяжы годны і даступны адпачынак.

Выбірай сваё Беларускае мора

Адпачыць на моры і адначасова ў Беларусі? Гэта магчыма. Санаторыі, якія належаць нашай дзяржаве ў латвійскай Юрмале, , у паўночнакаўказскіх Сочы і Туапсэ, а таксама ў крымскім Місхоры, прапануюць Балтыйскае або Чорнае моры па “свойскай” цане. Калі ў Туапсэ беларус плаціць 53 долары за месца ў стандартным нумары на два месцы з трохразовым харчаваннем, то для замежных грамадзян цана — 85 умоўных адзінак. У Юрмалу і на літоўскі мінеральны курорт Друскінінкай “Цэнтркурорт” адпраўляе сваіх кліентаў без лішняга клопату з іх боку: усе пытанні з візамі і страхоўкай вырашаюцца аператыўна супрацоўнікамі цэнтра. Вы толькі адпачываеце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter