Лета з Шагалам.

Каб усе жадаючыя маглі ўбачыць карціны нашага знакамітага земляка, у музейную залу ператвораць цэлую сталічную плошчу.

Каб усе жадаючыя маглі ўбачыць карціны нашага знакамітага земляка, у музейную залу ператвораць цэлую сталічную плошчу.

Да стадваццаціпяцігадовага юбілею Марка Шагала на плошчы Якуба Коласа ў Мінску ўстановяць дзевяць стэндаў з рэпрадукцыямі яго карцін. Мастацтвазнаўцы, дарэчы, вельмі клапоцяцца, каб прадстаўленыя работы як мага больш адпавядалі па колеру арыгіналам.

Адкрыць для сябе Шагала, “зазірнуць” у яго ўнутраны свет можна будзе з 7 чэрвеня і на працягу ўсяго лета.

За час працы паслом Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры   не раз чуў, як сёння беларусы з гонарам гавораць аб тым, што Марк Шагал нарадзіўся ў Беларусі. Аднак, упэўнены ён, адной пашаны мала. “Патрэбна, каб творчасцю мастака цікавіліся, ведалі яе, часцей паказвалі, — адзначае Рынеры. — За пэўныя зрухі ў гэтым кірунку дзякую міністру культуры Беларусі Паўлу Латушку.

Сярод дзевятнаццаці работ вулічнага вернісажу — знакамітыя “Прагулка”, “Над горадам”, “Дом у Лёзна”, “Люстэрка”. Арыгінальная культурная акцыя зменіць наша ўяўленне аб мастацтве і музейнай рабоце. “Наведвальнікі змогуць не толькі паглядзець на карціны ў павялічаным маштабе, але і падысці да кожнай з работ, прачытаць інфармацыю пра яе на рускай, беларускай, англійскай і французскай мовах, — адзначае дырэктар мінскага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч. — Якасць работ пры павелічэнні маштабу не страцілася. Слайды карцін Шагала бясплатна прадаставіла Траццяцоўская галерэя, а таксама Рускі музей і музей Марка Шагала ў Віцебску.

Так склалася, што на радзіме мастака няма яго жывапісных работ. Аднак у Віцебскім музеі Шагала захоўваюцца больш трохсот яго графічных лістоў — пячатная графіка, афорты, літаграфія.

Праект “Мастак і горад” ініцыяваў фонд “Ідэя” дапамаглі ажыццявіць Пасольства Францыі ў Беларусі, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы ЗАТ “Банк БелВЭБ”.

 Даведка “НГ”
Нарадзіўся мастак 7 ліпеня 1887 года ў горадзе на Дзвіне ў беднай яўрэйскай сям’і. Калі зразумеў, што не можа жыць без мастацтва, паехаў атрымліваць адукацыю ў Санкт-Пецярбург. Там ён скончыў школу Зайдэнберга, працаваў у рэдакцыі яўрэйскага часопіса “Усход”, вучыўся ў Льва Бакста, выхадца з Гродна. Па ўспамінах Шагала, менавіта Бакст даў яму “адчуць дыханне Еўропы і пабудзіў ехаць у Парыж”. Туды ён і накіраваўся ў 1910 годзе, атрымаўшы стыпендыю ад мецэната і дэпутата Дзяржаўнай Думы Максіма Вінавера. У Парыжы сціплы мастак з Віцебска Мойша Сегал бярэ псеўданім на французскі манер — Марк Шагал.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter