“Балетнае лета ў Вялікім” сёлета — гэта калейдаскоп харэаграфічных стыляў, школ і напрамкаў

Лета з балетам

Па традыцыі Вялікі тэатр Беларусі перад летнімі адпачынкамі падарыў знаўцам харэаграфічнага мастацтва шэсць незабыўных вечароў у кампаніі зорак сусветнага балета, а таксама фестываль опернага і балетнага мастацтва “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, які прайшоў у Нясвіжы


Прэм’ера праекта “Балетнае лета ў Вялікім” адбылася ў мінулым тэатральным сезоне і стала адной з галоўных падзей года. Адбыліся паказы класічных і сучасных пастановак з удзелам зорак сусветнага балета, прэм’ерных спектакляў беларускага Вялікага і спектакляў тэатраў-гастралёраў. Акрамя таго, гледачам былі прадстаўленыя тры тэматычныя вечары: “Вечар харэаграфіі Джорджа Баланчына”, “Вечар харэаграфіі Іржы Кіліяна” і “Вечар Грузінскага балета”, у якіх прымалі ўдзел салісты беларускай трупы і танцоўшчыкі Грузінскага дзяржаўнага балета пад кіраўніцтвам легендарнай Ніны Ананіяшвілі.

“Балетнае лета ў Вялікім” сёлета — гэта калейдаскоп харэаграфічных стыляў, школ і напрамкаў. Публіка ўбачыла  яркія нумары ў выкананні беларускіх танцоўшчыкаў, расійскіх артыстаў, гасцей з далёкага і блізкага замежжа — Расіі, Грузіі, Азербайджана, Эстоніі, Германіі, Швецыі.

Адкрываўся фестываль вечнай класікай,  “Лебядзіным возерам”

П. Чайкоўскага. Чароўная музыка кампазітара вабіла гледачоў да містычнага возера, дзе цудоўная дзева-птушка чакала свайго прынца. Партыю белага лебедзя Адэты і яе антаганіста Адыліі выканала заслужаная артыстка Расіі, прыма-балерына тэатра “Крамлёўскі балет” Аляксандра Цімафеева. У рэпертуары балерыны галоўныя і сольныя ролі ў пастаноўках тэатра: Прынцэса Фларына, Аўрора (“Спячая прыгажуня”), Джульета (“Рамэа і Джульета”), Жызэль (“Жызэль”), Шахеразада (“Тысяча і адна ноч”), Папялушка (“Папялушка”), Медора (“Карсар”), Людміла (“Руслан і Людміла”) і многія іншыя.  Аляксандра Цімафеева на наступны дзень танцавала партыю чароўнай залатапёрай птушкі ў харэаграфічнай казцы “Жар-птушка” Ігара Стравінскага. Дарэчы, спектакль прымеркаваны да 125-годдзя вялікага рэфарматара балета Міхаіла Фокіна. Тэатр балета імя Леаніда Якабсона прадставіў на сцэне Вялікага тэатра Беларусі аповесць, сумнейшай за якую няма на свеце, балет “Рамэа і Джульета” Сяргея Пракоф’ева ў харэаграфіі Антона Піманава на лібрэта рэжысёра Ігара Каняева.


Салісты Ірына Яромкіна і Алег Яромкін у балеце “Жар-птушка”

Асновай новага прачытання п’есы Уільяма Шэкспіра стала гісторыя пра сутыкненне двух процілеглых поглядаў на танец — кансерватызму і наватарства, класікі і мадэрну. У фокусе пастаноўкі — традыцыя і анархія, пастаянны пошук новых формаў і спроба стварэння прафесійнай дасканаласці аднойчы знойдзенай формы, канфлікт на глебе кахання, барацьба ідэй і самалюбства.

Пастаноўшчыкі адмовіліся ад класічнага лібрэта Пракоф’ева-Радлова-Лаўроўскага і перанеслі дзеянне з вуліц Вероны на тэатральныя падмосткі і ў закуліссе. Канфлікт п’есы з закаранелай родавай варожасці перайшоў у плоскасць творчага проціборства: супернічаюць не кланы, а цэлыя мастацкія сістэмы — класіка і мадэрн. “Дзве роўна паважаныя сям’і” ператварыліся ў два тэатры — Capulet Classic Ballet Theatre і Montague Modern Dance Theatre, мастацкі вобраз якіх стварылі народны мастак Расіі Вячаслаў Окунеў і заслужаны работнік культуры Расіі Яўгеній Ганзбург. Падобныя тэатральныя звадкі і канфлікты гісторыя сусветнага тэатра ведае на памяць: саперніцтва Гальдоні і Гоцы, Мальера і трупы прыдворнага Італьянскага тэатра...

Джульета ў спектаклі Піманава і Каняева — прыма на пуантах, лепшая выпускніца балетнага класа, Рамэа носіць джынсы і танцуе кантэмпарары, карміцелька служыць канцэртмайстрам і частуе будучых балерын шакаладкай. Месца канфліктуючых жыхароў Вероны занялі гледачы — прыхільнікі высокай класікі і фанаты сучаснага танца. У новым прачытанні старой гісторыі нязменнай засталася толькі трагічная развязка.

Прэм’еру  балета “Лаўрэнсія” ў пастаноўцы народнай артысткі Грузіі і Расіі Ніны Ананіяшвілі, якую звязваюць з Вялікім тэатрам даўняе сяброўства і шматлікія творчыя праекты, давалі ў гэтым сезоне. Фестывальны паказ спектакля публіка прымала з захапленнем і праводзіла выканаўцаў авацыямі. Галоўную жаночую партыю выканала лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Паліяшвілі, запрошаная прыма-балерына Каралеўскага балета Швецыі Лалі Кандэлакі.


Жызэль — Кацярына Борчанка, заслужаная артыстка Расіі ў аднайменным спектаклі

У спектаклі Вялікага тэатра “Жы­зэль, або Вілісы” танцавала Кацярына Борчанка, заслужаная артыстка Расіі, салістка балетнай трупы Міхайлаўскага тэатра, што ў Санкт-Пецярбурзе. Дарэчы, з 2003-га па 2007-ы год яна служыла ў трупе Вялікага тэатра Беларусі.

У адзін з вечароў былі прадстаўленыя аднаактовыя балеты “Хто я?” на музыку беларускага кампазітара Сяргея Картэса, “Шэсць танцаў” Вольфганга Амадэя Моцарта і канцэртнае аддзяленне “Танец на пра­цягу часу”.

І некалькі слоў пра Гала-канцэрт. Гэта быў не проста канцэрт са мноствам нумароў, а  яркае шоу са сваім сцэнарыем. Рэспект Вользе Кастэль, лаўрэату міжнародных конкурсаў і рэжысёру-пастаноўшчыку канцэрта, якая вырашыла ў канцэртную канву ўвесці вядучую. Для гэтай ролі выбралі Кацярыну Зіноўеву-Правалінскую, артыстку кардэбалета, якая нядаўна скончыла акцёрскі факультэт тэатральнага аддзялення Акадэміі мастацтваў. Яна і задавала тон канцэрту, адыгрываючы ролю навукоўца-генетыка, які шукае ген творчасці.    

Яе развагі ілюстраваліся яркімі харэаграфічнымі карцінамі з гісторыі чалавечай цывілізацыі, пачынаючы з Зеўса ды іншых антычных багоў, а таксама крэатыўным відэарадам. У гэты аповед увайшлі вядомыя балетныя сюжэты, а таксама стыльныя сучасныя мініяцюры. У прыватнасці зала была ўзрушана выступленнем саліста Берлінскага дзяржаўнага балета Уладзіслава Марынава, які з тонкім гумарам і віртуозным майстэрствам прадэманстраваў 101 балетную пазіцыю. Завяршыўся канцэрт фантазіяй на беларускую тэму, якую выканалі ўсе ўдзельнікі канцэрта. Сярод іх былі не толькі салісты, але і музыканты.

Міхаліна Чаркашына

Фота: Міхаіл Несцераў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter