Лета прыносiць дарункi, кранае чуйныя стрункi

Ах, як зiмой хочацца лета... А тут во яно, цешся, колькi захочацца! I хай багата спраў у полi, на гародзе, але пра адпачынак нельга забываць, лавi моманты, якiя лета шчодра дорыць. Чым болей такiх момантаў, тым цiкавей наша жыццё!

Лавi  моманты    зiмой  успамiнаць  будзеш! 

Ах, як зiмой хочацца лета... А тут во яно, цешся, колькi захочацца! I хай багата спраў у полi, на гародзе, але пра адпачынак нельга забываць, лавi моманты, якiя лета шчодра дорыць. Чым болей такiх момантаў, тым цiкавей наша жыццё! 

Чым  пахне  мёд 

Развялося апошнiм часам пчаляроў! Па дзве-тры пчоласям’i трымаюць i... па пяцьдзесят—шэсцьдзесят. Па-рознаму, як у каго складваецца. Адно ясна: «пчалiны рух» пайшоў на ўздым. А чаму б мядком не паласавацца, гэта ж не проста салодкi прадукт, ён i здароўе дае, i жыццё доўжыць! 

У сярэдзiне лiпеня iдзе адкачванне мёду. Другое па лiку (першае ў канцы мая цi ў пачатку чэрвеня). Здаецца, уся вёска пахне мёдам, льецца ён з медагонак у слоiкi, вядзерцы... У каго багата мядку, той на продаж пусцiць. А чаму б i не, трэба ж узнагародзiць сябе за працу, тым больш што частка выручкi пойдзе на падкормку пчолам, якая неўзабаве пачнецца. 

Ведаю, адным з першых пачаў медазбор Анатоль Пыж з вёскi Сычкава. Ён i свой пчальнiк трымае, i доследнага лясгаса — усяго недзе з паўсотнi пчоласямей. Анатоль адносна малады па ўзросце, але па вопыце работы можа i сталага калегу перасягнуць. Ледзьве не з маленства з пчолкамi! Дзядуля трымаў крылатых працаўнiц. Вось i перадалося ўнуку. Анатоль можа такiя падрабязнасцi пра пчол расказаць, што дзiву даешся. Нездарма яго запрашаюць «глянуць вуллi» не толькi пачынаючыя пчаляры, але i больш сталыя. Не адмаўляе — такi спагадлiвы чалавек. Яму ўсе рады. 

З вельмi цiкавым чалавекам давялося пазнаёмiцца ў вёсцы Краснае, якая адносiцца да Асiповiцкага раёна. Гэта Аляксандр Гулько, палкоўнiк запасу, кандыдат эканамiчных навук. Вярнуўся пасля службы ў родную вёску. Ну i ўзяўся за развядзенне пчол. Пачынаў з дзвюх сямей, а за пяток год «вырас» да трыццацi! Любiць паваждацца з крылатымi працаўнiцамi. Ён i ранкам, i вечарам каля iх — у любы час. Вельмi назiральны, робiць вывады, аналiзуе. Многа ведае. Хоць, як лiчыць, вучыцца пчалярству трэба ўвесь час — настолькi далiкатная гэта справа. 

Аляксандру Мiкалаевiчу — восьмы дзесятак. Аднак па iм i не скажаш. «Пчолкi, — гаворыць, — i малодзяць мяне, i даюць сiл для заняцця любiмай справай». Ведае мноства рэцэптаў ад розных хвароб i шчодра дзелiцца з iншымi. 

А вось пчалiны патрыярх Якаў Статкевiч раней жыў у Акцябрскiм раёне. Да васьмi­дзесяцi пчоласямей трымаў. А цяпер, калi пераехаў у Бабруйск, толькi некалькi i мае. Астатнiя сынам перадаў у прыгараднае Мiрадзiна i пад Мiнск. Пачне Якаў Васiльевiч расказваць, дык слухаеш, не адарвацца. 

— Нехта падумае, — любiць падкрэслiць, — што затраты на ўтрыманне пчол, як на вырошчванне грыбоў у лесе, — iх жа не кормяць. Гэта не зусiм так, дакладней, зусiм не так. Каля iх трэба пахадзiць ды пахадзiць, недагледзеў — звёў сям’ю... Тым больш цяпер на крылатых усялякая хвароба навалiлася, той жа клешч, якога раней у памiне не было. Пчолы — вялiкая навука, якая не кожнаму паддаецца, а толькi таму, хто гэтага вельмi жадае. 

Я i сам двойку-тройку пчоласямей трымаю. Ведаю, як гэта няпроста, i без страт не абышлося, але гэта так цiкава, захапляльна. Нават рыбалку, без якой не мог, закiнуў! 

...Пахне вёска мёдам. Мёд пахне раслiнамi, меданоснымi травамi — прыродай. А прырода — гэта ж само жыццё! 

Не  замачы,  дожджык,  маю  пышную  шавялюру... 

Тым лiпеньскiм надвячоркам я збiраўся iсцi на аўтобусны прыпынак, каб ехаць дамоў. Уладзя, мой сусед, перайграў: «Ай, з тым горадам, паедзем пазней». Яго падтрымаў яшчэ адзiн наш дачнiк — Сяргей Драздоў (цi, як яго жартаўлiва называюць, Дроздзiк), якi збiраўся скласцi нам кампанiю. «Хай будзе па-вашаму», — згадзiўся я. 

А дзень такi спякотны. Неба чыстае, а потым пачало хмаркамi заплываць, якiя кучкавалiся недзе над ракой. «Хлопцы, — кажа Сяргей, — нешта ў мяне «матор» барахлiць: цi не быць дажджу...» Пакуль мы збiралiся, дык i добрая хмара пачала насоўвацца, але вырашылi iсцi. Адзiн за адным — хутчэй у лес, якi сотнях у дзвюх метраў. Толькi ў лес, парывiсты вецер як пранясецца, маланкi жах-жах, а потым дождж сыпануў. «Хаваемся пад дрэвы!» Я i шуснуў пад невялiкую разлапiстую елку, тулю да сябе Цёмку, майго нязменнага спадарожнiка. Уладзя недзе блiзка ўпаў, а Сяргей, якi баяўся спазнiцца на начную змену, пашыбаваў далей. Ся­джу пад елкай — быццам нiшто, а потым вада за каўнер: «Б-р-р». Я тады, каб неяк абаранiцца, сумку за спiну i блiжэй пасоў­ваюся да дрэва. А дождж сцяной — лiвень, дрэвы пад парывам ветру хiстаюцца, бы тыя пруты. Раптам адно з iх як чмякнецца непадалёк, аж пырскамi аблiло... Зрываецца са сваёй хованкi Уладзя: «Бяжым, суседзе, адсюль, пакуль цэлыя!» 

Ну мы i рванулi (Цёмка ўслед, не адстае), ужо не заўважалi нi лужын, нiчога iншага. Толькi мо на iмгненне прыпынялiся, калi «вухкаў» пярун. Цяжка даўся нам той шлях: цячэ вада, у чаравiках хлюпае... 

Пераапранаемся, выходзiм на вулiцу. А тут ужо сонейка, усмiхаемся яму на поўныя зубы: «Трэба ж так падцэлiць пад лiвень... А дзе той Сяргей, цi дабраўся ён да аўтобуснага прыпынку?» 

— Я падвёз Сяргея, — прыпыняецца ля нас на сваiм «мэрсе» яшчэ адзiн сусед — Франц Станiслававiч, — праўда, яму дасталося... Ды будзе цэлы, ад дажджу яшчэ нiхто не размакаў! 

— Ну добра, калi добра. 

— Дык што, будзем чакаць наступнага лiўня? 

Зачапiўся  «корч» 

Пры ўсёй сваёй занятасцi ўсё ж не сцярплю, каб не выскачыць на рыбалку. Тым больш у канцы чэрвеня — пачатку лiпеня судак, мая любiмая рыба, пасля нерасту павiнен брацца. 

Я за донку i надвячоркам да аблюбаванага берага. Злавiў печкура на кручок i закiнуў донку ля кустоўя, дзе яма. Павесiў на лёску званочак, усеўся на беражку, чакаю. 

Хвiлiн, пэўна, дзесятак прайшло, як раптам званочак — дзынь! «Гм, — думаю, — што гэта можа быць? Напэўна, корч зачапiўся, так часта бывае». Не спяшаючыся падыходжу да донкi, пачынаю цягнуць лёску. Яна iшла спакойна, а потым як на нешта натыкнулася: «Ды корч, толькi дарма чапаў донку...» Як раптам «корч» ажыў i давай насiцца па цячэннi i супраць яго — ледзь утрымлiваю лёску. Намотваю яе на руку, блiжэй падцягваю. «Вiдаць, нешта добрае хапанула, — паспяваю падумаць, — толькi б не сарвалася!» I вось ужо бачу рыбiну — судак, ды такi вялiзны, мо з паўпуда! I ля самага берага ён зрываецца, на нейкi момант застывае на месцы. Метр-паўтара глыбiнi. Я ўскокваю ў сваiх балотнiках у ваду. Нагой рыбiну выпiхваць? Не, хапаю яе ля галавы, за хрыбцiну, нават адчуў упругае цела. Выцягну на бераг! А судак як даў — толькi яго i бачыў... 

Выходжу на бераг — нервовыя дрыжыкi: «Такую рыбiну ўпусцiў! Эх, разявака. Ну нiчога, — заспакойваю сябе, — у наступны раз, можа, i большую злаўлю, трэба толькi з буйнейшымi кручкамi на яе iсцi!» 

На наступны дзень на тым жа месцы я злавiў-такi судака, праўда, меншых памераў. Але быў i гэтым задаволены! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter