«Лета Гасподне» прыйшло ў Столін

Першы праваслаўны маладзёжны песенны фестываль «Лета Гасподне» сабраў у Століне вернікаў з васьмі раёнаў Брэстчыны
Першы праваслаўны маладзёжны песенны фестываль «Лета Гасподне» сабраў учора ў Століне вернікаў з васьмі раёнаў Брэстчыны. Удзельнікаў  яго  вітаў загадчык аддзела моладзі Пінскай праваслаўнай епархіі айцец Аляксандр і настаяцель столінскага храма Узнясення Гасподняга айцец Мікалай, які правёў ранішняе набажэнства, пасля чаго ўсе накіраваліся ў гарадскі Дом культуры, дзе ў файе можна было азнаёміцца з экспанатамі выставы праваслаўных абразоў і кніжак. Багатую экспазіцыю іх з палескіх цэркваў прадставіў Столінскі раённы краязнаўчы музей.



Перад пачаткам маладзёжных праваслаўных спеваў Благачынне Пінскай праваслаўнай епархіі прадставіла прысутным у глядзельнай зале Дома культуры біблейскую інсцэніроўку. Цудоўныя мелодыі поўнілі залу, гледачы ўдзячна апладыравалі выканаўцам. Царкоўным маладзёжным хорам праваслаўнага храма імя Міхаіла Архангела столінскай вёскі Рубель кіруе шматдзетная маці Таццяна Іванаўна Пашкевіч. Паспявае яна і на працу ў СВК «Рубельскі», і шасцярых дзяцей выхоўваць, і царкоўным маладзёжным хорам кіраваць, у якім спяваюць і яе дзеці.

Напеўнасцю і прыгожымі галасамі кранала выступленне этнаграфічнага калектыву Ляхавіцкага благачыння, як і спевы маладых выканаўцаў з Баранавіч. Прыгожа дапоўніла праваслаўны маладзёжны фестываль выступленне фальклорнай групы Столінскай сярэдняй школы нумар 2, якая прадставіла гледачам танцавальны нумар «Жніво на Палессі».

Завяршылася ўсё пажаданнем праз год зноў сустрэцца ўжо на другім праваслаўным маладзёжным песенным фестывалі «Лета Гасподне».

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter