Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Лес

Лес

А што для нас лес? Як мы яго ўспрымаем, уяўляем, калi не побач з iм? Па‑першае, гэта неверагодна чароўная частка прыроды: непаўторнае асяроддзе, чыстае, нават лекавае паветра, мноства фарбаў, ценяў, пахаў. Пералiчваючы ўсё гэта, недзе там, у глыбiнi душы, зразумеў, што тое, пра што я зараз падумаў, гэта толькi невялiчкая частачка неабсяжнай з’явы, што ўяўляе сабой лес. Зразумеў я i нешта яшчэ. Каб адказаць на гэтае, здавалася б, нескладанае пытанне, што для нас лес, трэба неадкладна паехаць туды, дзе лес iснуе побач з чалавекам i кожны дзень — менавiта кожны дзень — пастаянна кантактуе з iм, амаль жыве агульным з чалавекам жыццём.


I зноў — куды, як не ў нашу любiмую i паважаную вёсачку, ляжыць наш шлях, наступная наша вандроўка. Вядома ж, выберам тую, якая блiжэй за ўсё размясцiлася да такога цiкавага суседа, як лес. Дарэчы, такiх вёсачак на абшарах краiны большасць, а гэта яшчэ раз пацвярджае, што лес мае для нас нашмат большае значэнне, чым толькi частка прыроды.

Ну вось, напрыклад, гэтая вёсачка — лепей шукаць i не трэба. Калi паглядзець на яе з вышынi птушынага палёту, то адразу выразна бачна, як лес ахiнае гэтае сярэднiх памераў паселiшча з трох бакоў, як быццам абдымае яго двума вялiзнымi, цёмна‑бiрузовымi крыламi. Казалi, што некалi з чацвёртага боку стаяла векавая дуброва. А цяпер у гэтую адкрытую прастору выцякае вельмi сцiплая рэчка Жацераўка, несучы свой танюсенькi вадасцёк да магутнага паўнаводнага Нёмана.


А вось i мой добры знаёмы дзядуля Лявон, якi займаўся тым, што падграбаў старое лiсце ў невялiчкiм садку i тут жа ў зацiшку каля пахiленага плота яго спальваў. Сiвы дымок павольна цягнуўся амаль празрыстай стужкай да загумення, а адтуль у нiзiнку да лужка, якi збягаў аж да берага той самай Жацераўкi. Паветра было яшчэ не надта прагрэтае сакавiцкiм сонцам, i калi трохi пастаяць без руху, можна было адчуць спiной яго прахалоду. Разумеючы гэта, стары адразу ж ветлiва запрасiў мяне ў маленькую, але вельмi ўтульную i цёплую хатку. I сапраўды, цеплынi ў ёй было столькi, што захацелася распрануцца, вызвалiцца з цяжкай i вялiкай курткi — што я неадкладна i зрабiў.

На талерцы ляжала некалькi тоўстых аладак з яешняй i пахучымi шкваркамi, у глiняным кубку чакаў гарачы кампот з сухiх яблык i чарнiц. Што яшчэ трэба i чаго яшчэ пажадаць тут i зараз? Задавальненне ахiнула мяне, як той лес вёсачку сваiмi крыламi. Здавалася, што нават тут, у хатцы старога Лявона, можна было адчуць яго надзейнасць i пяшчоту.


— Дык што для вас лес? — звярнуўся я з хвалюючым мяне пытаннем да гаспадара хаты.

Нечакана адразу, здаецца, не задумаўшыся, той адказаў:

— Лес — гэта наш абаронца, памочнiк i кармiлец. Ты прыглядзiся пiльней да ўсяго, што нас акружае. Ад лаўкi на вулiцы, платоў, пабудоў да таго цяпла, якое баронiць нас ад самых лютых халадоў, якое сыходзiць ад дроў. Гэта ўсё лес. А ў хаце азiрнiся — лавы, стол, палiчкi, прылады, посуд, у каморцы рэчаў процьма, у сенцах, на двары ды ў пунi. Што мы без лесу? Калi ўсё гэта, пафантазiруем, вярнуць лесу, апынулiся б мы адразу без даху, пад небам чыстым адны‑адзiнюткiя. Ну, тое‑сёе, канешне, засталося б, але гэта дробязi, з iмi доўга не пратрываеш. Але да ўсяго таго, што лес нам дазволiў выкарыстаць, мы прызвычайваемся i пачынаем лiчыць, што так яно i павiнна быць. Губляем самае галоўнае — удзячнасць, забываемся, каму за наш дабрабыт абавязаныя. Цi дзякуем потым мы лесу? Вось i я пра тое, што не.


— Глянем на лес з другога боку, — працягнуў дзядулька, — як на кармiльца. Ягады, грыбы адкуль? Птушка, звер лясны — мяса, футра цi не з яго ўладанняў? А зёлкi, кветкi лясныя — гэта ж лекi, настоi, напоi. Больш нiадкуль, як толькi з лесу яны, непаўторныя.

Але з цягам часу пачалi мы забываць, як i колькi можна браць, забываць, што лясныя багаццi не бяздонныя. Сёння чуваць ужо i ў газетах, i па радыё — i таго звера згубiлi, i тая птушка знiкла, i тая раслiна цi дрэўца пад аховай, бо толькi кропелька з той скарбонкi i засталася. Вось‑вось i яе згубiм. Браць у леса можна, але трэба памятаць кожную хвiлiнку, колькi патрэбна браць, каб не нашкодзiць, каб i нашым нашчадкам засталося. Ну цi не пагодзiшся са старым, цi я лiшняе кажу?


А абаронца для чалавека лес чаму? А зноў жа прыглядзiся. З якога боку ад вёскi лес стаiць? З самага халоднага. Не так халады працiнаюць вёсачку, хаты нашы ды i самога чалавека. Вятры ў асноўным таксама з таго боку. Як шугане! На сябе ўдары стыхii лес першы прымае. Вунь гадкоў з дваццаць таму быў, о, такi вiхор! Дрэў мо гектараў з паўсотнi вывалiла, паламала, як запалкi. Каб не лес — дзе б нашы пабудовы былi? Усе ў конаўцы‑Жацераўцы. Канешне, i да вёскi тая немач дабралася, пару стрэх зняла. Але ж моц у яе была ўжо не тая. Галоўныя сiлы пайшлi на бойку з лесам — абаронцам нашым.

Увесь час, колькi слухаў дзядульку i калi потым пiсаў гэты тэкст i ўспамiнаў пра нашу з iм гутарку, вельмi хацелася слова «лес» напiсаць з вялiкай лiтары. Хоць у канцы зраблю гэта.

Наш абаронца, памочнiк, кармiлец, неверагодна чароўная частка прыроды — Лес! Табе пашана, удзячнасць i паклон да зямелькi самай!


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter