Лес зрубяць — грошы прыляцяць

Забароны на экспарт кругляка ў Старых Дарогах не баяцца – закупілі новае абарудаванне для перапрацошкі буйнога лесу

Новы год у Старадарожскім доследным лясгасе рыхтуюцца сустракаць з добрым настроем. Хоць гэтыя дванаццаць месяцаў выдаліся напружанымі. Але, нягледзячы на прыродныя катаклізмы і эканамічныя цяжкасці, план па нарыхтоўцы драўніны выкананы і нават перавыкананы.

Вось-вось у лясгасе з'явіцца новае абсталяванне па перапрацоўцы буйнога лесу

У пераднавагоднія дні клопаты тут прыемныя: трэба забяспечыць насельніцтва зялёнымі прыгажунямі. Звычайна прадаюць каля тысячы елак. На такi ж паказчык разлічваюць і зараз. Прыбытку вялікага ад гэтага, вядома, не атрымаеш. Гэта, хутчэй, проста добрая справа для старадарожцаў. Зарабляюць тут на іншым. Паслухаем дырэктара лясгаса Валянціна Цвірко:

— У гэтым годзе ў нас была праблема — усыханне насаджэнняў, пашкоджаных караедам. Гэта адгалоскі 2016-га, калі па краіне прайшла «Даніэла». Насаджэнні былі аслабленыя, і шкоднікі напалі на іх. Ні хімічных, ні бактэрыялагічных метадаў барацьбы з гэтым жуком няма. Выйсце — толькі высякаць і спальваць пасечаныя рэшткі. Так мы і дзейнічалі. У выніку ў гэтым годзе з суцэльных і выбраных санітарных высечак нарыхтавалі больш за 200 тысяч кубаметраў бураломнай драўніны.

Кіраўнік адразу агаворваецца: увесну абавязкова папоўняць насаджэнні. Калі звычайна ў год маладымі елкамі і соснамі засаджваць 300—400 гектараў, то цяпер гэтая тэрыторыя павялічыцца   прыкладна   ўтрая.

У асноўным такую драўніну пусцілі на шчапу. Узімку гэта заўсёды запатрабаваны матэрыял, а цяперашняй — асабліва. Старадарожцы і раней экспартавалі шчапу ў Польшчу і Прыбалтыку. Ёсць на яе адтуль попыт і цяпер. А тут яшчэ новая кацельня мясцовай ЖКГ перайшла менавіта на гэты від паліва. Важна, што ён будзе запатрабаваны і летам: для забеспячэння горада гарачай вадой. Ёсць варыянты рэалізацыі шчапы і ў суседнія раёны.

Вытворчасць абразных піламатэрыялаў у Старых Дарогах таксама на высокім узроўні. У гэтым годзе выпусцілі 15 тысяч кубаметраў, якія таксама адправілі на экспарт. Якасць — належная. Тут ёсць сучасная тэхніка, і цэх абсталяваны нядрэнна. Дарэчы, сушылкі для драўніны працуюць на адходах і той жа шчапе, што эканамічна выгадна. У цэху па ацыліндроўцы драўніны працуюць у дзве змены.

З дня на дзень у лясгасе чакаюць новае абсталяванне: у Славеніі заказалі лінію па перапрацоўцы буйнога лесу. Тры старыя працавалі з «дробяззю»: дошка, вагонка, палеты і г.д. Але новыя патрабаванні, а дакладней забарона на экспарт круглага лесу, паспрыялі таму, каб тут пашырылі вытворчасць. Валянцін Міхайлавіч мяркуе, што новае абсталяванне — гэта добрыя інвестыцыі ў будучыню.

А яна дырэктару бачыцца светлай. Ці скончана вайна з караедам, яшчэ невядома — вясна пакажа. Ёсць і іншыя клопаты. Галоўнае, тут не сядзяць склаўшы рукі: пастаянна шукаюць новыя рынкі збыту, вывучаюць шляхі нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці. Гэта значыць, робяць усё, каб рухацца наперад.

stepuro@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ТЕГИ:
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?