Лес ёсць, цэгла ёсць, а гаспадара няма

Як кажуць, дажывае свой век. А калісьці яна называлася рабочым пасёлкам, і быў у нас і лясгас, і леспрамгас, і калгас. Жыццё біла крыніцай! Былі Дом быту, амбулаторыя, аптэка, бальніца. І нават радзільнае аддзяленне! Дарэчы, сваю дачушку Жаначку я нарадзіла менавіта ў роднай вёсцы. Так здарылася: прыехала да мамы і падарыла ёй унучку.

Прыгдалася мне сёння мая вёсачка Градзянка, што на Магілёўшчыне. Гэта зараз яна такая маленькая, нават крыўдна, што не збераглі.

Як кажуць, дажывае свой век. А калісьці яна называлася рабочым пасёлкам, і быў у нас і лясгас, і леспрамгас, і калгас. Жыццё біла крыніцай! Былі Дом быту, амбулаторыя, аптэка, бальніца. І нават радзільнае аддзяленне! Дарэчы, сваю дачушку Жаначку я нарадзіла менавіта ў роднай вёсцы. Так здарылася: прыехала да мамы і падарыла ёй унучку.

Была тут пякарня свая, сталовая, стаматалагічны кабінет. Нават газ-ваду праводзіла цётка Каця, як зараз памятаю. А колькі моладзі было! І свой духавы аркестр. У клубе да кожнага свята заўсёды ладзілі канцэрты — сіламі дарослых і вучняў: спявалі песні, чыталі вершы, танцавалі і нават ставілі п’есы.

У свой час і наша мама прымала ў гэтым актыўны ўдзел. Памятаю «Паўлінку», дзе яна выконвала ролю маці галоўнай гераіні. А я ціхенька сядзела за кулісамі ды назірала. А потым і сама палюбіла сцэну.

У школе было шмат вучняў. Заўсёды клас «А» і «Б», і па 25—30 чалавек у кожным. Школа — драўляныя хаткі, якія абаграваліся печкамі. Але вучыліся мы вельмі старанна, хоць павінны былі дапамагаць бацькам: і вады прынесці альбо прывезці на саначках зімою, і дроў нанасіць, памыць падлогу, посуд. Улетку прапалоць грады, буракі, бульбу, падмесці двор, вуліцу, дапамагчы сушыць сена. Хадзілі ў лес, збіралі ягады, грыбы. Вечарам гулялі на вуліцы ў лапту, футбол, валейбол, класікі. Шмат чыталі. Вельмі цікава і весела бавілі час.

Зараз у Градзянцы прыгожая двухпавярховая школа, толькі няма каму ў ёй вучыцца — 5—6 вучняў у класе. Некаторыя настаўнікі прыязджаюць з Асіповічаў.

Знікае вёска на вачах. А навокал столькі лесу і шмат цэглы. Калі б сапраўднага гаспадара сюды, дык нешта б наладзіў вырабляць з драўніны, з цэглы рабілі б посуд ці сувеніры, расфарбоўвалі іх. Вось вам і месцы працоўныя!

Няма гаспадара, крыўдна. Вось і пішуцца мне з гэтай нагоды вершы сумныя…

Лёля БАГДАНОВІЧ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаб’яднання «Натхненне» горада Барысава

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter