Валянцін Елізар'еў вернецца ў Вялікі

Лепшыя iмгненнi майстра

З фатаграфій на ўсіх сценах мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», што ў Палацы Рэспублікі, глядзіць народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў. Погляд яго розны: часам з лёгкай усмешкай, часам заклапочаны, задуменны, а часам вочы зусім без эмоцый. А яшчэ рукі. У руху, складзеныя ў замок і раскінутыя ў бакі. Такім яго ўбачыў малады фатограф Мікіта Фядосік.

Валянцін ЕЛІЗАР’ЕЎ

Звычайна такія праекты робяцца акурат да юбілею. 70-годдзе балетмайстра яшчэ праз паўгода. Але выпадак з Елізар’евым асаблівы: ён быў адлучаны ад Вялікага тэатра восем гадоў. І гэта выстава як бы кампенсацыя за загублены час, за жыццё без майстра. Вядома ж, харэограф не сядзеў без справы. Яго сардэчна прымалі ў Японіі, ён паставіў там «Дон Кіхота» і «Лебядзінае возера». У Каіры — «Спартака». Але заўсёды вяртаўся ў Мінск, бо ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі яго чакалі студэнты.

Мікіта Фядосік застаў Валянціна Мікалаевіча якраз у гэтым месцы. Многія здзіўляюцца, як такі майстар дапусціў да сябе 17-гадовага юнака? Нічога дзіўнага. А з кім усё жыццё працуе харэограф? З моладдзю. Ім дае крылы і выпускае ў самастойнае жыццё. Так і з маладым фатографам.

— Спачатку адчуваў нешта лішняе, мне было некамфортна, — не ўтойвае Елізар’еў. — Потым я прывык, а цяпер, калі ён скончыў працу, чагосьці не хапае.

У дзень адкрыцця выставы па аўтограф стаяла вялізная чарга

Мікіта ж гаворыць, што з самага пачатку абраў для сябе ролю мэблі, каб не замінаць майстру і ўбачыць яго сапраўднага, а не чалавека, які пазіруе. Тры месяцы працы, сотні шчаўчкоў камеры — і хлопец атрымаў не толькі цудоўны вопыт, але і першы поспех. У Елізар’ева ж ён быў неаднойчы. Гэта пацвярджаюць і афішы на сценах, сабраныя і захаваныя супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры. Пра гэта гаварылі і шматлікія артысты балета, якія сабраліся на адкрыцці выставы. Яны з нецярпеннем чакаюць вяртання любімага балетмайстра ў тэатр. Яно адбудзецца восенню. Харэограф адновіць свой спектакль «Спартак», які быў пастаўлены амаль сорак гадоў таму.

Пра далейшыя свае планы Валянцін Мікалаевіч распаўсюджвацца не хоча, каб не сурочыць. Але адна толькі яго фраза «Я назапасіў шмат сіл» дае надзею, што мы абавязкова ўбачым яшчэ не адну прэм’еру ад Елізар’ева. А пакуль зайдзіце ў галерэю «Універсітэт культуры» і зазірніце ў вочы майстра, яны шмат аб чым гавораць.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter