Лепшых у прафесіі вызначыць «WorldSkills Belarus-2014»

Першы чэмпіянат «WorldSkills Belarus» праходзіць у гэтыя дні

Першы чэмпіянат «WorldSkills Belarus-2014» праходзіць у гэтыя дні ў нашай краіне. Больш за 150 маладых людзей з устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі сабраліся ў футбольным манежы, каб змагацца за званне лепшага ў 20 прафесіях. У іх ліку — зваршчыкі і муляры, фрэзероўшчыкі і столяры, цырульнікі і афіцыянты, сеткавыя адміністратары і мехатронікі.

У студзені гэтага года наша краіна стала членам міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі «WorldSkills International» (WSI), галоўная мэта якой — павышэнне прэстыжу прафесійнай адукацыі, развіццё прафесійнага майстэрства, папулярызацыя рабочых прафесій з дапамогай правядзення міжнародных спаборніцтваў і ўключэння ў гэты рух як мага большай колькасці маладых людзей. Членамі асацыяцыі з’яўляюцца 69 краін.

Першы чэмпіянат «WorldSkills Belarus» асабліва цікавы тым, хто ў гэтым годзе робіць прафесійны выбар. Яны пазнаёмяцца з дзясяткамі прафесій, па якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка ва ўстановах прафесійнай адукацыі і змогуць паспрабаваць сябе ў справе.

Наступны міжнародны чэмпіянат WSI пройдзе ў 2015 годзе ў Бразіліі. Удзел у ім возьмуць і прадстаўнікі нашай краiны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter