Источник: Знамя юности
Знамя юности

Настаўнік года Святлана Румянцава: не саромеюся вучыцца ў школьнікаў

Лепшы настаўнік памылак не баіцца

Размаўляючы са Святланай Румянцавай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка, непрыкметна пераходзіш на танальнасць і тэмбр яе голасу. Нават калі закранаеш няпростыя пытанні, інтанацыя пераможцы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года – 2017» застаецца плаўнай, мілагучнай. А думкі – празрыстымі. Мабыць, як той самы крыштальны журавель – сімвал лепшых педагогаў краіны.

– Святлана Леанідаўна, кастрычнік пачаўся са свята, Дня настаўніка. Якія пажаданні, падарункі запомніліся больш за ўсё?

– Усе віншаванні (і ад вучняў, і ад калег)  былі вельмі прыемнымі. Але самай дарагой стала ўзнагарода, якую пачэсна і ганарова атрымаць кожнаму настаўніку, значок «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Матэрыяльныя прызы ніколі не былі для мяне галоўнымі, а вось павага і высокая адзнака дзейнасці заўсёды акрыляюць.

– Вы выдатніца па жыцці?

– Па характару так. І школу скончыла з сярэбраным медалём. Але ў інстытуце чырвонага дыплома ў мяне не было. Сярод выдатных адзнак праскачылі чатыры чацвёркі і нават адна тройка. Па марфалогіі. Прадмет я вывучыла і магла б пераздаць экзамен, але не пайшла. Так склаліся сямейныя абставіны.

– Ведаю, што працягваеце педагагічную дынастыю: маці, абедз-ве вашы сястры – педагогі. За кім пайшлі ў прафесію?

– Галоўны настаўнік для мяне – мая матуля, Лідзія Маркаўна Раманенка. Яна выкладала матэматыку ў Краснапольскай сярэдняй школе Расонскага раёна, была намеснікам па вучэбнай працы і толькі зусім нядаўна пайшла на адпачынак. Маці і ў маім класе вяла заняткі, ставілася да ўсіх справядліва. Калі я аднойчы не вывучыла тэарэму, яна выклікала мяне да дошцы – было вельмі сорамна. Матчын урок запомніўся на ўсё жыццё, больш я ніколі не сачкавала. Бацька – доктар, таксама высакародная справа. Але ўсе тры яго дачкі сталі настаўніцамi: старэйшая Алена выкладае хімію і біялогію, малодшая Таісія – геаграфію, зараз яна намеснік дырэктара.

– Вы пачыналі прафесійны шлях у 1990-х, няпросты час. Многія настаўнікі ішлі ў гувернанткі, на рынак. Вы думалі пакінуць школу?

– Ніколі. Насамрэч, полкі ў магазінах былі напалову пустыя, цяжка даставаліся звычайныя прадукты. Але запомніліся не складанасці і выпрабаванні, а цудоўная атмасфера маладосці, прафесійнага ўзлёту, рамантыкі. Тады ў Баравусе стаялі чатыры палкі ваеннаслужачых, дэсантнікаў, верталётчыкаў, танкістаў, і мы жылі адным дружным калектывам – вучні, бацькі, калегі, суседзі.

– Сёння маладым спецыялістам прасцей ці складаней рабіць першыя крокі ў прафесіі?

– У розныя часы гэта складана. Калі ты прыходзіш у школу пасля інстытута, ёсць хваляванні, сумненні, цяжкасці. Зараз за кожным маладым педагогам замацаваны вопытны куратар, таму самае галоўнае – не баяцца і верыць, што ўсё атрымаецца. Наогул не магу сказаць, што за 25 год адбыліся нейкія кардынальныя змены ці вучні сталі іншымі. Не, яны заўсёды былі розныя, няўрымслівыя, хтосьці вельмі любіць вучыцца, а кагосьці больш цікавяць узаемаадносіны. Змянілася адно: раней мы вучылі ведам, стараліся даць больш інфармацыі, будавалі ўрокі на традыцыйным падыходзе, зараз вучым думаць, разважаць, самастойна здабываць веды – даем не рыбу, а вуду, каб яе злавіць. Ведаць усё немагчыма, таму трэба ўмець развівацца праз усё жыццё. Я таксама не саромлюся вучыцца ў сваіх школьнікаў – лёгкасці ўспрымання некаторых сітуацый, інфармацыйным тэхналогіям.

– Вы выкладаеце беларускую мову і літаратуру ў 5-11-х класах. Ці дастаткова гадзін, каб дзеці навучыліся не толькі размаўляць, але і думаць на роднай мове?

– Кожны настаўнік хоча, каб на яго прадмет вылучалася больш гадзін. Але тых урокаў, што ёсць, хапае, каб запаліць любоў да роднай мовы, культуры, Айчыны, паказаць, якая багатая наша літаратура, якое сакавітае беларускае слова. Калі агеньчык у сэрцы вучняў заззяў, яны і далей панясуць павагу да нашай спадчыны. Галоўнае – не адбіваць ахвоту, не гаварыць, што мова не спатрэбіцца ў жыцці. Складана змагацца з такім бацькоўскім меркаваннем. Калі ў сям’і няма шанавання нацыянальных традыцый, такое ж стаўленне будзе ў дзяцей.

– Якія сучасныя творы раіце прачытаць вучням па-за школьнай праграмай?

– Раю пачытаць «Шчарбаты талер» і «Афганскую шкатулку» Андрэя Федарэнкі, «Ведзьміну тоню» Валерыя Гапеева, творы Людмілы Рублеўскай.

– Не магу не пацікавіцца вашымі думкамі наконт тэм, якія апошнім часам абмяркоўваюцца ў грамадстве: перанос пачатку заняткаў, сістэма ацэньвання, дрэс-код для настаўнікаў.

– Што нi чалавек, то свая думка. Перанос пачатку заняткаў не пашкодзіў вучэбнаму працэсу. Магчыма, не ўсім бацькам гэта зручна, але большасці дзяцей падабаецца прыходзіць на урокі а 9-й гадзіне. Мне, напрыклад, таксама стала лягчэй, магу сабе дазволіць крышачку пазней выйсці з дому. Наконт спосабу ацэньвання думаю, што сітуацыю поспеху больш стварае 10-бальная сістэма. На ёй выгадавалася ўжо не адно пакаленне, яна больш аб’ектыўна і ранжыравана дазваляе паставіць адзнаку. У спрэчках «5 ці 10?» галоўнае не сістэма, а прафесіяналізм настаўніка і жаданне вучня ведаць прадмет. Наконт дрэс-коду адзначу, что дзелавы стыль патрэбен і для настаўнікаў, і для дзяцей, але асноўнае адзенне для чалавека – яго душа, настрой.

– У вас атрымліваецца пакінуць працу за парогам хаты, як раяць псіхолагі?

– За ўсіх сваіх калег скажу, што ні адзін настаўнік не зможа так зрабіць. Часцей наадварот не хапае часу, каб рэалізаваць усе памкненні. А ёсць яшчэ сшыткі, падрыхтоўка да ўрокаў, самаразвіццё… Няшмат часу застаецца на сябе, сяброў, родных.

– Што вы робіце ў нядзелю?

– Прыязджае дачка Дзіяна – студэнтка пятага курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Яна вывучае рамана-германскую філалогію і таксама будзе настаўнікам. Дачка абавязкова гатуе нешта смачнае і частуе мяне. Бо, прызнацца, я не вельмі люблю кулінарыць. Мы разам можам прагуляцца па горадзе, абмеркаваць падзеі, якія адбыліся за тыдзень, ці паехаць да маёй матулі ў вёску.

– Дачцэ раскрылі сакрэт, як стаць лепшым настаўнікам года?

– Працаваць, вучыцца, развівацца, жыць з добрымі помысламі, не баяцца памыляцца, пераадольваць свае страх і няўпэўненасць. Трэба размаўляць з вучнямі ад чыстага сэрца, умець іх пачуць, своечасова заўважыць трывогу у вачах. Дарослым важна памятаць, што кожнае дзіця – гэта асоба. Са сваімі душой, кругаглядам і патрэбай у любові.

Святлана Румянцава

Нарадзілася: 6 сакавіка 1971 года ў вёсцы Краснаполле Расонскага раёна

Сям’я: дачка – Дзіяна (студэнтка), маці – Лідзія Маркаўна (настаўнік матэматыкі, зараз на пенсіі), сёстры – Алена і Таісія (педагогі)

Адукацыя: у 1993 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. С. М. Кірава

Густы: ежа – дранікі і галубцы, напой – чорная гарбата, кніга – «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, музыка – танцавальная, фільм –  «Дзяўчаты», «Вясна на Зарэчнай вуліцы»

zubkova@sb.by

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter