Лепшы араты, муж і тата!

Мікалай Мікалаевіч Буры нарадзіўся і вырас у вёсцы Гарэнічы Бярэзінскага раёна. Любоў да роднай зямлі і родных мясцін жыве ў яго сэрцы з маленства.

Напэўна, таму, закончыўшы школу, юнак не спяшаўся пакідаць сваю вёску ў пошуках шчасця, як многія аднакласнікі: адчуваў сэрцам — яго шчасце менавіта тут.

Уладкаваўся на працу ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Бярэзінскі», дзе пачынаў свой працоўны шлях на трактары МТЗ-80. Потым асвоіў магутную энерганасычаную тэхніку. Цяпер для Мікалая няма нічога немагчымага: любы агрэгат, любую тэхніку ведае да дробязей. І, нягледзячы на свой малады ўзрост, заслужыў у калектыве гаспадаркі славу добрага аратага і хлебароба.

У час падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі ён звычайна заняты на ворыве глебы, у час жніва перасаджваецца на камбайн. Дарэчы, летась на камбайне «АCROS-530» зернеўборачны экіпаж у складзе Мікалая Мікалаевіча Бурага і Васіля Рыгоравіча Бурага сталі пераможцамі ў раённым спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў. Для Мікалая гэта перамога далёка не першая...

Яго надзейны тыл — сям’я: жонка Наталля і два сыны. Напэўна, дзякуючы іх падтрымцы, Мікалай найлепшым чынам справіўся з заданнямі раённага конкурсу «Лепшы малады араты -2010» і таксама выйшаў у лік пераможцаў. Маладой сям’і кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла новы дом у аграгарадку Косаўка, у якім з першых дзён разам з навасёламі пасяліліся радасць, утульнасць і прыгажосць.

Алена ГРОМАВА

НА ЗДЫМКУ: Мікалай  БУРЫ разам з жонкай Наталляй і малодшым сынам Дзянісам.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter