В Беларуси около 30 процентов избирателей голосуют досрочно

Лепш раней, чым ніколі

Парламенцкая выбарчая кампанія фактычна выйшла на фінішную прамую. Ужо ў наступны аўторак, 6 верасня, стартуе датэрміновае галасаванне. Пра некаторыя яго нюансы, асаблівасці сусветнага вопыту, а таксама пра ход перадвыбарнай барацьбы ў цэлым “НГ” распытала дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы “Актуальная канцэпцыя” палітолага Аляксандра Шпакоўскага.


— Нярэдка даводзіцца чуць крытыку ў адрас нашай краіны з нагоды прымянення датэрміновага галасавання. Хоць гэта не беларускае ноу-хау. Да таго ж такая практыка, наколькі мне вядома, вельмі распаўсюджана.

— Сапраўды, датэрміновае галасаванне шырока ўжываецца ў ЕС, ЗША і іншых дзяржавах. Напрыклад, у Швецыі да 80 працэнтаў выбаршчыкаў галасуе датэрмінова. Прычым практыка ўключае ў сябе не проста фізічную прысутнасць выбаршчыка на ўчастку, але таксама магчымасць прагаласаваць па пошце ці нават праз інтэрнэт. У ЗША ў залежнасці ад заканадаўства канкрэтнага штата датэрміновае галасаванне можа пачынацца за тыдзень і нават за месяц да асноўнай даты выбараў. Французскі выбарчы кодэкс прадугледжвае таксама галасаванне па даверанасці, калі замест канкрэтнага выбаршчыка выбар можа зрабіць упаўнаважаная iм асоба. І нават выканаць гэтыя функцыі за некалькіх чалавек адначасова. У Аўстрыі, Бельгіі, Швейцарыі дазваляецца галасаваць па пошце. Па інтэрнэце — у не такой далёкай ад нас Эстоніі.

Акрамя таго, вядома такая практыка, як абавязковы вотум. Гэта юрыдычна замацаваны абавязак грамадзяніна прыняць удзел у выбарах. Напрыклад, па бельгійскім заканадаўстве за няяўку на выбарчы ўчастак можна атрымаць значны штраф. Давайце на хвілінку ўявім сабе, што было б, калі б у нас увялі падобныя метады. Колькі шуму паднялі б розныя праваабаронцы, назіральнікі і іншыя крытыкі беларускай выбарчай сістэмы. Таму я думаю, што пытанне пра датэрміновае галасаванне знаходзіцца не ў юрыдычнай, а ў палітычнай сферы.

Па статыстыцы, прыкладна 30 працэнтаў нашых выбаршчыкаў на выбарах галасуе датэрмінова. Гэта даволі зручна для тых, хто ў асноўны дзень выбараў з-за спецыфікі свайго працоўнага графіка або па іншых прычынах не можа прыйсці на выбарчы ўчастак. Дарэчы, у Латвіі, напрыклад, выбаршчык не абавязкова галасуе на тым участку, дзе ён замацаваны па месцы жыхарства.

— У справаздачах некаторыя місіі назіральнікаў не аднойчы рэкамендавалі нам перагледзець сістэму датэрміновага галасавання.

— Мая асабістая пазіцыя па гэтым пытанні заключаецца ў тым, што нам у першую чаргу неабходна кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі. Перш чым карэкціраваць заканадаўства, нялішне правесці даследаванні, у тым ліку сацыялагічныя, на прадмет таго, наколькі такая карэкціроўка будзе зручная нашым жыхарам, наколькі наша выбарчая сістэма адаптаваная да такіх змяненняў, ці не спародзіць рэформа прастору для фальсіфікацый і іншых парушэнняў закона.

У любым выпадку трэба зыходзіць з уласнага вопыту, якога суверэнная Беларусь за 25 гадоў правядзення выбараў і рэферэндумаў назапасіла дастаткова. Калі прапанаваная рэформа адпавядае нашым інтарэсам і ў Цэнтрвыбаркаме гатовыя ўвасобіць яе ў жыццё, значыць, трэба яе праводзіць. Калі ж падобныя рэкамендацыі сёння дачасныя і агучваюцца з цалкам канкрэтнымі мэтамі, якія не прывядуць да чаканых паляпшэнняў, то, натуральна, спяшацца не варта.

— Як бы вы ў цэлым ахарактарызавалі ход цяперашняй выбарчай кампаніі? Наколькі высокая актыўнасць партый і кандыдатаў у дэпутаты? Чаго не хапае вам асабіста?

— Некаторыя партыі і кандыдаты ў дэпутаты паводзяць сябе досыць жыва. Прынамсі, у буйных гарадах візуальна іх агітацыя прысутнічае. У Мінску, абласных цэнтрах асабліва прыкметная канкурэнтная барацьба. Але ў большай ступені праяўляюць актыўнасць кандыдаты ад сур’ёзных палітычных структур — такіх, напрыклад, як грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя. І мала-прыкметныя тыя сілы, якія традыцыйна крытыкуюць і самі выбары, і палітычную сістэму, якая склалася ў краіне. Прычым раней іх крытыка грунтавалася на тым, што ўлады, маўляў, задзейнічаюць нейкія адміністрацыйныя рэсурсы, што сілавыя структуры ўсяляк процідзейнічаюць агітацыі “незалежных” кандыдатаў. Зараз жа мы бачым, што парламенцкая кампанія, зрэшты, як і мінулыя прэзідэнцкія выбары, праходзіць не проста спакойна, а настолькі спакойна, што часам звычайныя грамадзяне самі звяртаюцца ў праваахоўныя органы з просьбай спыніць незаконныя дзеянні палітычных актывістаў у форме мітынгаў, несанкцыянаваных акцый і гэтак далей. Праўда, гэта больш характэрна для Мінска, і падобныя формы агітацыі, відавочна, састарэлі: мітынгі “за ўсё добрае супраць усяго дрэннага” не прыцягваюць, а хутчэй наадварот, раздражняюць многіх. Акрамя таго, я не магу зразумець, чаму так званыя апазіцыйныя кандыдаты не ідуць у рэгіёны, бо там у адрозненне ад Мінска ўсё-такі больш праблем і, значыць, больш магчымасцей сябе паказаць.

— Да гэтых выбараў асабліва пільная ўвага з боку Захаду. Ваш прагноз: якая будзе іх ацэнка? Ад чаго яна залежыць? Якое значэнне высновы міжнародных назіральнікаў будуць мець для далейшых адносін Беларусі і Захаду?

— На жаль, да ацэнкі выбараў у Беларусі часта падыходзяць, зыходзячы больш з палітычных, чым прававых крытэрыяў. Таму я мяркую, што крытыка застанецца, але ў той жа час наш дыялог працягнецца. Думаю, у далейшым беларуска-еўрапейскія адносіны стануць развівацца больш дынамічна, але гэта ў большай ступені будзе залежаць не ад вынікаў выбараў, а ад геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Мы ж павінны адстойваць уласныя нацыянальныя інтарэсы. Беларусі не патрэбныя ніякія канфлікты, у тым ліку з дзяржавамі Захаду, і натуральным для Мінска ў гэтым становішчы будзе скарыстацца тым геапалітычным раскладам, які склаўся вакол нашай краіны. А выбары мы праводзім перш за ўсё для сябе, і знешнія ацэнкі ў гэтым пытанні маюць усё ж другасны характар.

БЛІЦАПЫТАННЕ

А вы галасавалі датэрмінова?


З гэтым пытаннем карэспандэнт “НГ” Ірына Мендзелева звярнулася да жыхароў Магілёва.

Алена Брусніцына, буфетчык:


— Так, прычым неаднойчы. Гэта вельмі зручна з-за майго працоўнага графіка. Дарэчы, пазменны графік працы і ў майго мужа, так што нярэдка галасаваць датэрмінова ходзім разам.

Ірына Жданава, дызайнер:

— Здаралася па неабходнасці, але ўсё ж стараюся хадзіць у асноўны дзень разам з усімі. З юнацтва прывыкла: перад тым як пайсці на выбарчы ўчастак, апрануцца па-святочнаму, старанна падфарбавацца, зрабіць укладку. Бо ў дзень галасавання ў горадзе заўсёды атмасфера свята, на вуліцах і на кожным выбарчым участку іграе музыка. Прагаласаваўшы, мы з сяброўкай, як правіла, яшчэ гуляем, заходзім у кафэ пасядзець, пагаварыць.

Васіль Жучкоў, тэхнолаг:

— Не даводзілася ні разу, стараўся заўсёды галасаваць у асноўны дзень — з сям’ёй, суседзямі, сябрамі. Звычайна мы дамаўляліся загадзя, ішлі ўсе разам. Аднак на гэты раз, відаць, прыйдзецца зрабіць выключэнне з правіла: пайду галасаваць датэрмінова, бо ў асноўны дзень галасавання паабяцаў бацькам дапамагчы на дачы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter