Фестываль кароткаметражных трылераў Thriller Shorts пачнецца заўтра ў Мінску

Лепш адвярніцеся

Фестываль кароткаметражных трылераў Thriller Shorts пачнецца заўтра ў Мінску.

Гэтае мерапрыемства дакладна не для рамантыкаў і сентыментальных асоб. А вось для аматараў паказытаць нервы — самы раз. Сем дзён — сем трылераў з рознымі адценнямі жанру. Гледачы ўбачаць, калі не будуць сядзець увесь сеанс з заплюшчанымі ад страху вачыма, і містыку, і сатыру, і фантастыку, і казку, і рэтра, і хорар.


Кадр з фільма “Выгадная прапанова”

Да прыкладу, “Першы лайк” Аляксандра Ронберга раскажа пра любімы мільёнамі людзей Instagram, які, па версіі рэжысёра, не толькі дорыць ідэальны спосаб весела бавіць хвіліны ці гадзіны, але мае здольнасць забіваць: ставіш “лайк” пад якой-небудзь фатаграфіяй — і раптам падпісваеш сабе смяротны прысуд. “Выгадная прапанова” Дэні Ларзільера распавядае гісторыю Гіёма Мальбе, страшэнна захопленага скіднымі купонамі. Ён сустракае канкурэнта з гэткім жа рэдкім хобі і вырашае ліквідаваць яго праз кантору знішчальнікаў грызуноў. А “Шашлычкі” Аліўе Арнольда пакажуць святочны абед адной сям’і, падчас якога наверх выйдуць застарэлыя крыўды і лютая нянавісць.

Фестывальныя паказы кароткаметражных трылераў Thriller Shorts пройдуць у 3D-кіназале Палаца Рэспублікі з 19 па 25 лістапада. Фільмы, знятыя рэжысёрамі Швецыі, Вялікабрытаніі і Аўстрыі, будуць дэманстравацца на мове арыгіналаў з субтытрамі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter